Кітай не на баку Расіі, «дружба без меж» — усяго толькі рыторыка

Фу Цун, кітайскі пасол у Еўрасаюзе, даў інтэрв'ю «New York Times», дзе зрабіў шэраг нечаканых заяў, у прыватнасці, пра тое, што пазіцыя Кітая ў дачыненні да вайны ва Украіне не такая адназначная.

Савецкі плакат «Дружба навекі»

Савецкі плакат «Дружба навекі»

4 лютага 2022 года, за некалькі тыдняў да пачатку расійскага ўварвання, Уладзімір Пуцін і Сі Цзіньпін падпісалі ў Пекіне вялізную заяву аб іх сумесным бачанні міжнародных спраў, у якой больш за ўсё ўвагі прыцягнула фраза «Дружба дзвюх дзяржаў не мае меж».

Аднак Фу Цун заявіў, што гэтыя словы — усяго толькі «рыторыка, нічога больш». Некаторыя «наўмысна скажона тлумачаць гэта, паколькі ёсць так званая дружба або ўзаемаадносіны «без меж», цытуе кітайскага дыпламата газета «New York Times».

Таксама Фу заклікаў не надаваць значэння таму факту, што старшыня Сі Цзіньпін ні разу з пачатку вайны не патэлефанаваў прэзідэнту Украіны (які даваў зразумець, што быў бы рады пагаварыць з кітайскім лідарам). Сі Цзіньпін, запэўнівае кітайскі пасол у ЕС, вельмі заняты. Выданне, зрэшты, згадвае, што Сі нягледзячы на такую занятасць тым не менш знайшоў два дні для візіту ў Маскву.

Кітайскі пасол у ЕС заявіў, што на больш нізкім узроўні кантакты паміж Украінай і Кітаем працягваюцца.

«Той факт, што старшыня Сі не размаўляе з Зяленскім, не азначае, што Кітай на баку Расіі па ўкраінскім пытанні», — сказаў Фу Цун.


Кітай не асудзіў расійскае ўварванне, таму што ён мяркуе, што першапрычыны канфлікту складанейшыя, чым іх уяўляюць заходнія лідары: Фу нават сказаў, што Пекін паважае расійскія дзеянні за форму абарончай вайны супраць NATO, які атачаў Расію. Але Кітай не прызнаў расійскай анексіі ні Крыма, ні іншых украінскіх тэрыторый, не пастаўляе Расіі зброі і не плануе гэтага рабіць. Амерыканскія афіцыйныя асобы, якія сцвярджаюць адваротнае, распаўсюджваюць «хлусню па тэлебачанні», дадаў кітайскі пасол.

Гэта інтэрв’ю выйшла на фоне візіту прэзідэнта Францыі Эмануэля Макрона і кіраўніцы Еўракамісіі Урсулы фон дэр Ляен. Яны сёння з візітам у Кітаі і сустрэнуцца са старшынёй КНР Сі Цзіньпінам у Пекіне. Вядома, што еўрапейцы паспрабуюць пераканаць кітайскае кіраўніцтва выкарыстоўваць свой уплыў, каб спыніць агрэсію Пуціна.

Французскі прэзідэнт і кіраўніца Еўракамісіі паспрабуюць сёння пераканаць Сі не падтрымліваць зброяй або грашыма вайну Пуціна супраць Украіны.  


Паводле ВВС