Сі Цзіньпіна пераабралі: ён стаў першым кіраўніком Кітая, што пайшоў на трэці тэрмін
Сі Цзіньпін стаў першым у гісторыі Кітая старшынёй рэспублікі, якога абралі на трэці тэрмін. Для яго пераабрання ўнеслі папраўкі ў Канстытуцыю. Цяпер Сі Цзіньпін зможа кіраваць пажыццёва!
На сесіі Усекітайскага сходу народных прадстаўнікоў (УСНП) 14-га склікання, якая праходзіць у Пекіне, абіралі старшыню КНР.
Дэпутаты Усекітайскага сходу народных прадстаўнікоў пераабралі Сі Цзіньпіна на пасаду старшыні КНР. Кандыдатура дзеючага кіраўніка Кітая, паведамляе «Сіньхуа», была ўхвалена аднагалосна.
Сі Цзіньпін стаў першым у гісторыі Кітая старшынёй, пераабраным на трэці пяцігадовы тэрмін. Да 2018 года знаходжанне на гэтай пасадзе абмяжоўвалася двума тэрмінамі. Затым у Канстытуцыю Кітая былі ўнесены змяненні, якія здымаюць гэтыя абмежаванні.
У кастрычніку Сі Цзіньпін быў пераабраны на чарговы тэрмін на пасаду генеральнага сакратара кіруючай Камуністычнай партыі Кітая (ЦК КПК). Ён таксама з'яўляецца старшынёй Цэнтральнага ваеннага савета КНР — камандуючым Народна-вызваленчай арміяй Кітая.
Таксама ў Канстытуцыю разам з імёнамі Маа Цзэдуна і Дэн Сяапіна было ўпісана палажэнне аб «кіруючых ідэях Сі Цзіньпіна ва ўмовах сацыялізму з кітайскай спецыфікай».
Сі Цзіньпін нарадзіўся 15 чэрвеня 1953 года. У 2012 годзе ён стаў генеральным сакратаром ЦК Камуністычнай партыі Кітая, а ў 2013 і 2018 гадах — старшынёй КНР і адпаведна, паводле існуючай традыцыі, старшынёй Цэнтральнага ваеннага савета краіны.
На з'ездах КПК у 2017 і 2022 гадах Сі Цзіньпін быў пераабраны генеральным сакратаром ЦК Кампартыі, бо ў статуце партыі не існуе абмежаванняў, якія тычацца тэрмінаў знаходжання Генеральнага сакратара на сваёй пасадзе.
Паводле english.news.cn, «Медуза», korrespondent.net