Не такія ўжо яны і «моцныя». Што паказвае істэрыка правадыра?

Захад — «мярзотнікі», Зяленскі — «гніда», Б*йпол — «м*дакі». Лукашэнку панесла на ўручэнні дзяржаўных узнагарод. Сапраўды, атака на расійскі самалёт дальняй выведкі А-50 моцна пахіснула карціну свету, якую намалявала сабе беларуская ўлада. Але ж самі намалявалі — самі і вінаватыя.

scale_1200__2__13.webp


Увогуле мы ўжо даўно кінулі аналізаваць словы Лукашэнкі, таму што логіку ў яго выказваннях шукаць бессэнсоўна, а хлусні там настолькі багата, што ініцыятывам кшталту «Стоп фэйк» хопіць тэм для матэрыялаў на тыдзень. Але такія прамовы (і пра гэта мы таксама казалі) цікавыя з пункту погляду псіхалогіі — наколькі ўпэўнена пачуваецца ўлада. Аказалася, што яна жыве ў стане шоку.

«Падрапаны расійскі самалёт» вельмі моцна знерваваў Лукашэнку не таму, што самалёт падрапалі. А таму, што гэта яскравы і красамоўны сігнал таго, што ў краіне нічога не скончылася. Толькі ён пачне супакойвацца, толькі ён вырашыць, што ўсё добра, ягоная ўлада моцная, а пратэстоўцы збеглі альбо зачышчаны — і на табе. Увесь 2021 год ён праводзіў тую самую «жэстачайшую зачыстку» — і раптам у пачатку 2022-га палыхнулі антываенныя пратэсты. Прычым з «рэйкавымі партызанамі», «кіберпартызанамі» і бог яго ведае якімі яшчэ партызанамі. Давялося зноў «жэстачайшэ зачышчаць».

Толькі скончылася новая зачыстка, мабілізацыйныя мерапрыемствы правялі, камісію па вяртанні «збеглых» зрабілі — і вось табе дыверсія, якая зноў паказвае, што беларусы не ўтаймаваліся. Зноў «зона камфорту» і ўласны пухір спакою даў расколіну. Зноў давядзецца шукаць адсутных і караць невінаватых, каб пераканаць сябе, што ўсё кантралюецца і ўсё ў парадку.

А яшчэ больш прыкра, што інцыдэнт з самалётам паказаў, што Лукашэнка не кантралюе краіны. Мы звыклі да таго, што гэтае выслоўе — «Лукашэнка не кантралюе краіны» — ужываецца беларускай дэмакратычнай апазіцыяй у дачыненні да расійскіх войскаў, якія пачуваюцца ў Беларусі, як у сябе дома. Маўляў, яны могуць рабіць усё, што заўгодна, а Лукашэнка не можа гэтаму нічога супрацьпаставіць. Але цяпер відавочна, што «Лукашэнка не кантралюе краіны» і з іншага боку. Што ў Беларусі засталіся людзі, гатовыя да супраціву, у тым ліку і ўзброенага.

А за гэта з яго могуць спытаць у Крамлі.


Канешне, Лукашэнка не можа прызнацца Крамлю, што ён не кантралюе краіны. Адсюль і ўзнік «украінскі дыверсант», якога рыхтавалі ЦРУ з Масадам і якога праваронілі не толькі беларускія сілавікі, але і расійскія памежнікі. Але і гэтая версія выдае не што іншае, як страхі самога Лукашэнкі. Ён, напэўна, разумее, што калі звычайныя людзі звычайным дронам пашкодзілі расійскі самалёт, то што можа нарабіць у Беларусі сапраўдная ўкраінская дыверсійная група? Тым больш калі ўкраінскія дроны дасягаюць нафтабаз у Туапсэ, а Мазырскі НПЗ — значна бліжэй.

Палітолаг Аляксандр Класкоўскі згадаў, што гэта ўжо далёка не першы «эпік фэйл» беларускай супрацьпаветранай абароны. Дзесяць гадоў таму, у 2012-м, айчынныя генералы прашляпілі шведскі лёгкаматорны самалёт з «плюшавым дэсантам» на борце. Аказваецца, што за 10 гадоў эфектыўнасць беларускай СПА ні на каліва не вырасла. І таму цалкам апраўдана Лукашэнка мацюкаў генералаў тыднем раней.


Больш цікава, чаму кіраўнік Беларусі абраў для сваёй прамовы менавіта гэтую тэму. Відавочна, не толькі таму, што гэтая сітуацыя яго чапляе, як кажуць, «за жывое», і не таму, што ён у чарговы раз забыўся прыняць лекі. Мог бы паразмаўляць, напрыклад, на тэму таго, як ён добра з’ездзіў у Кітай, у Арабскія Эміраты, у Зімбабвэ з іх казлом… Заявіць пра поспехі ў народнай гаспадарцы, нагадаць у чарговы раз, што на носе пасяўная, завесці чарговую шарманку пра «харчовую бяспеку» і «дысцыплінаваную дысцыпліну», але ж…

Напэўна, справа ў тым, што пра Кітай і поспехі ў гаспадарцы казаць, насамрэч, няма чаго. Беларуская прапаганда пра «поспехі візіту ў Кітай» маўчыць, затое кітайскае агенцтва «Сіньхуа» выклала сумесную заяву пра стратэгічнае партнёрства з Кітаем. Там шмат слоў пра тое, што «будуць пашыраць», будуць «сумесна прасоўваць», «рабіць крокі», «паслядоўна ўмацоўваць» і гэтак далей, але нічога не сказана, за якія грошы і ў якія тэрміны. То-бок канкрэтыкі няма. Відавочна, што ў Кітаі Лукашэнку «шчоўкнулі па носе», нічога канкрэтна не тое што не даўшы, а нават не паабяцаўшы.

Ну, а пра наш «альтэрнатыўны рост» народнай гаспадаркі ў мінус 5% за снежань не казаў толькі той, хто не цікавіцца эканомікай.

Нічога не атрымалася і з «прымірэнчымі ініцыятывамі». За цэлы месяц існавання «камісіі па вяртанні збеглых» туды з соцень тысяч з’ехаўшых звярнулася толькі 23 чалавекі. І тое, як сказаў намеснік генпракурора Аляксей Стук, большасць зваротаў, якія паступілі, «не адпавядаюць тым крытэрам, якія прапісаны ва ўказе».

Не хочуць беларусы каяцца. Не бачаць за сабою ніякай правіны. І гэта таксама, напэўна, вар'юе Лукашэнку, таму што паказвае, што ён, насамрэч, не гаспадар над сваімі грамадзянамі. Што грамадзяне Беларусі могуць цалкам сабе шчасна і спакойна жыць і без яго «каштоўных указанняў». А гэта якраз падрывае ягоны аўтарытэт, заснаваны на патэрналізме.

Ён, напэўна, усё яшчэ лічыць сябе «бацкам», а аказалася, што такі «бацька» дзецям не патрэбны. І што без яго «дзеці» жывуць значна лепш, чым з ім.

Што ж рабіць у гэтай сітуацыі? Канешне, трэба пакараць тых, хто выводзіць Лукашэнку з ягонай «зоны камфорту», разбівае ягоныя ружовыя акуляры і лопае тую інфармацыйную бурбалку, у якой у Беларусі ўсё ціха і спакойна. Таму на тыдні і прызналі «экстрэмісцкім фарміраваннем» Беларускую асацыяцыю журналістаў. А гэта — больш за 1300 чалавек, аб’яднаных прафесіяй. Прычым, паводле даных самой БАЖ, прыкладна палова з гэтых 1300 чалавек працавала ў дзяржаўных медыя.

Канешне, мы сто разоў пісалі пра гэты парадокс: з аднаго боку, без аб’ектыўнай інфармацыі нельга прымаць правільныя рашэнні. А з іншага боку, аб’ектыўная інфармацыя рэдка бывае прыемнай. А калі перавага аддадзена прапагандзе, якая малюе прывабную карцінку свету, любое здарэнне, кшталту атакі самалёта, выклікае шок і разгубленасць.

У прынцыпе, з гэтага тыдня можна зрабіць некалькі цікавых высноў.

Па-першае, не ўсё ў краіне зацэментавана і закатана ў асфальт. І ў беларускіх улад таксама назіраецца «разброд і хістанне», што выяўляецца ў праколах СПА, няздольнасці забяспечыць бяспеку.

Па-другое, мы часцяком чуем, што беларусы пасля 2020-га знаходзяцца ў стрэсе і шоку і што ім патрэбна дапамога псіхолагаў. Але, як мы бачым, улады таксама знаходзяцца ў не меншым стрэсе і шоку, які яны таксама не могуць пераадолець (пэўна, усе добрыя псіхолагі з’ехалі).

Па-трэцяе, незалежная беларуская журналістыка не страціла сваёй вагі з-за таго, што вымушана была пакінуць Беларусь. Яна па-ранейшаму застаецца аб’ектыўнай крыніцай інфармацыі і для грамадзян краіны, і для ўлад. І гэта таксама дадае ўладам шоку і стрэсу.

Дарэчы, вы заўважылі, што Лукашэнка ўжо амаль не кажа пра «моцную і квітнеючую Беларусь»? Напэўна, таму, што насамрэч не такія ўжо яны і «моцныя»…