Панесла: Лукашэнка назваў Зяленскага «гнідай» і паабяцаў краіне «поўную зачыстку»
«Я яшчэ неяк думаў, што Украіне патрэбны мір, што Зяленскі перажывае за свой народ. Прэзідэнт Зяленскі — проста гніда. Проста гніда! Такія аперацыі не праводзяцца без узгаднення з кіраўніком краіны і галоўнакамандуючым», — заявіў Лукашэнка 7 сакавіка.
На ўручэнні дзяржаўных узнагарод Лукашэнка прызнаў, што ў выніку дыверсіі 26 лютага на аэрадроме Мачулішчы быў пашкоджаны расійскі самалёт-разведчык А-50, які выкарыстоўваўся для навядзення ракет і дронаў на цэлі ва Украіне.
Раней дзевяць дзён дзяржаўныя СМІ і афіцыйныя асобы называлі атаку «фэйкам».
Адказнасць за атаку ўзялі на сябе беларускія падпольшчыкі з ініцыятывы сілавікоў супраць дыктатуры «Б*йпол», але Лукашэнка ўсклаў адказнасць за атаку на ўкраінскую разведку і абрынуўся з пагрозамі як кіраўніцтву Украіны, так і беларускаму грамадству.
«Выснова адна. Я яшчэ неяк думаў, што Украіне патрэбны мір, што Зяленскі перажывае за свой народ. Прэзідэнт Зяленскі — проста гніда. Проста гніда! Такія аперацыі не праводзяцца без узгаднення з кіраўніком краіны і галоўнакамандуючым. <…> Гніда таму, што ён бегае вакол Беларусі, дасылае да нас людзей і просіць, як я ўжо казаў: “Давайце заключым пакт аб ненападзе, давайце дамовімся, у нас з вамі няма ніякіх праблем”. На што я казаў: “Мы не збіраемся нападаць”. — “Не, давайце падпішам дамову пад патранажам Арганізацыі Аб'яднаных Нацый, што вы на нас не нападзеце”. Вы чулі мае ўсе гэтыя заявы.
І ў гэты час … што ж, выклік кінуты», — заявіў Лукашэнка.
«Б*йпол» жа, па словах Лукашэнкі, — «м*дакі», бо «яны крычалі, што «ўсе, ужо тыя, хто здзейсніў у Мачулішчах тэракт, яны ўжо за мяжой». Гэтым самым яны ў нас падштурхнулі веру ў тое, што яны тут. Калі б былі за мяжой, яны б іх паказалі. Яны проста пракалоліся як мудакі апошнія. І мы актыўна пачалі пошукі тут».
У мінулым падобныя сцвярджэнні Лукашэнкі не раз аказваліся хлуснёй.
Праваабаронцы паведамлялі пра масавыя рандомныя затрыманні і ператрусы ў раёне Мачулішчаў, а таксама сярод страйкбалістаў, рэканструктараў і стралкоў.
Лукашэнка таксама заявіў, што распарадзіўся правесці па ўсёй краіне жорсткую зачыстку. З ягоных слоў, загад пра такую зачыстку быў дадзены яшчэ да дыверсіі супраць расійскага самалёта ДРЛА А-50.
«Каб не было размоў, усе павінны разумець, і я гэтага не адмаўляю, — я распарадзіўся некалькі дзён таму (яшчэ да гэтай аперацыі) па ўсёй краіне правесці вельмі жорсткую зачыстку», — сказаў Лукашэнка, выступаючы перад жанчынамі, якіх ён узнагароджваў з нагоды 8 сакавіка.
Лукашэнка прапанаваў беларусам, звязаным з антылукашэнкаўскім падполлем, здавацца, пакуль да іх не прыйшлі сілавікі.
«Гэта нам урок. Яны схаваліся і сядзяць. Сядзяць і чагосьці чакаюць, — пагражаў ён. — Нічога не змянілася. Таму мы іх павінны знайсці. А ім я хачу сказаць, каб яны рыхтаваліся. Мы ўжо да іх ідзём. Нашы хлопцы ўжо на парозе, хай рыхтуюцца. Найлепшы варыянт — калі яны прыйдуць самі: рукі ўверх, прыйдуць і здадуцца. Гэта будзе для іх выратаванне. Мы іх вылічым усіх. Вычысцім проста з нашага грамадства», — пагражаў Лукашэнка ўсім нязгодным з ім.
На думку Лукашэнкі, беларусы за мінулыя два з паловай гады нічога не зразумелі.
«Яны за гэтыя два з паловай гады так нічога і не зразумелі. Яны не зразумелі, што мы да іх па-людску: калі вы адумаліся — вяртайцеся. І гэта не адмяняе нічога. Ёсць там адурэлыя, адурманеныя, хай вяртаюцца. Заявы ўжо паступаюць. Але тыя, хто здзяйснялі, а асабліва цяпер здзяйсняюць вось такія падобныя правапарушэнні, — мы іх знойдзем», — заявіў Лукашэнка.