Хіт-парад палітычнага хамства

Як Кіеў можа адрэагаваць на некарэктныя заявы Лукашэнкі на адрас украінскага кіраўніка? Знайсці верагодны адказ дапаможа экскурс у гісторыю палітычных асабістых абраз.

Борыс Джонсан. Ілюстрацыйная выява. Фота: picture-alliance/dpa/H. Mckay

Борыс Джонсан. Ілюстрацыйная выява. Фота: picture-alliance/dpa/H. Mckay


Асабістыя палітычныя абразы ў сучасным свеце не такі ўжо рэдкі выпадак. Дастаткова ўспомніць як у 2007 годзе Борыс Джонсан апублікаваў у адной газеце артыкул пад назвай «Я хачу, каб Хілары Клінтан стала прэзідэнтам». У тэксце была фраза: «У яе фарбаваныя светлыя валасы, пульхныя вусны і сталёвы сіні погляд, як у медсястры-садыста ў псіхіятрычнай бальніцы».
Усё той жа Борыс Джонсан таксама вядомы як аўтар скандальнага опуса аб прэзідэнце Турцыі Рэджэпе Таіпе Эрдагане, дзе ён пісаў, што турэцкі гарант займаецца сексам з козамі. Зрэшты, на той момант Джонсан яшчэ не займаў высокіх дзяржаўных пасадаў і яго эскапады туркі проста праігнаравалі.
Тыя, хто цікавіцца міжнароднай палітыкай, таксама напэўна памятаюць абмен думкамі паміж Кім Чэн Ынам і Дональдам Трампам прыкладна ў 2017-м годзе. У сваіх палымяных твітах Трамп называў Кіма такімі словамі як «маленькі чалавек-ракета», «хворы шчанюк» і «нізкі таўстун». Шматлікім аглядальнікам на Захадзе такая лексіка падавалася небяспечнай, паколькі ніхто не мог прадказаць як адрэагуе відавочна псіхічна неадэкватны правадыр Паўночнай Карэі.
Дарэчы, тыя твіты дорага каштавалі Трампу на ўнутраным палітычным рынку. Многія лічылі паводзіны Трампа сведчаннем таго, што ён не можа кантраляваць свае эмоцыі. Сенатар-дэмакрат Джэф Мерклі нават казаў, што Трамп «трапіў у пастку эмацыйнага стану дзяцінства».
Былі заклапочаныя лексікай Трампа і іншыя дзяржавы. Так, афіцыйнае кітайскае інфармацыйнае агенцтва раскрытыкавала «выбух эмоцый амерыканскага прэзідэнта па пытанні аб ядзерным патэнцыяле Паўночнай Карэі».
Прыкладна тады псіхіятры сур'ёзна зацікавіліся прычынамі палітычнага хамства. На іх думку, агрэсіўная лексіка ў вуснах палітыкаў звязана з тым, што яны вельмі персаналізуюць палітычныя працэсы. Такім палітычным лідарам цяжка аддзяліць прыярытэты краіны, якую яны прадстаўляюць, ад іх уласнага асабістага становішча і рэпутацыі. Яны часта могуць надаваць занадта вялікае значэнне праявам павагі, непавагі і захаплення ў свой адрас.
Калі падсумаваць даследаванне псіхіятраў, то палітык, які схільны выстаўляць сябе грубым на публіцы, з'яўляецца папулістам, вульгарным дэмагогам, палітычным аўтсайдарам. Такі чалавек можа выкарыстоўваць нецэнзурную лексіку, каб выглядаць больш упэўненым на публіцы.
Тое, што сучасныя палітыкі дапускаюць грубыя выказванні, некаторыя таксама тлумачаць адыходам ад кананічнага дыпламатычнага кодэкса. Прыкладна да пачатку Першай сусветнай нават намёк на абразу мог скончыцца абвяшчэннем вайны.
Як вядома, менавіта такую нагоду прыдумаў Бісмарк, каб справакаваць Францыю на абвяшчэнне Прусіі вайны ў 1871 годзе. Ён падрабіў тэкст дэпешы аб тым, што Вільгельм Першы адмовіўся прыняць французскага амбасадара. У бісмаркаўскім варыянце паслання прускі кароль не толькі адмовіўся прыняць французскага амбасадара, але і «загадаў перадаць, што больш не мае нічога паведаміць яму». Па прызнанні самога Бісмарка, гэта фраза мела «зробіць на гальскага быка эфект чырвонай анучы». Канцлер не памыліўся. Сапраўды, французы адрэагавалі на тэкст як на абразу пасла, а значыць і краіны. Неўзабаве большасць французскіх дэпутатаў прагаласавала за вайну супраць Прусіі.
Трэба адзначыць, што асабістыя абразы не прыносяць плюсаў палітыкам. Эліта і грамадства, як правіла, глядзяць на людзей, якія ўжываюць падобны прыём, як на нявыхаваных выскачак. Таму звычайна адрасат, супраць якога быў ужыты нейкі брудны выраз, намагаецца яго не каментаваць. Маўляў, што тут можна казаць.
З іншага боку публіка вельмі любіць крэатыўны адказ на лаянку. Класічны выпадак меў месца на адным пасяджэнні ААН. Лідар Венесуэлы Уга Чавес узняўся на трыбуну пасля выступу свайго заклятага ворага Джорджа Буша-малодшага. На трыбуне ён зрабіў выгляд, што панюхаў паветра і сказаў, што тут усё яшчэ пахне серай, намякаючы, што Буш з'яўляецца прадстаўніком пекла.
Любяць гісторыкі ўспамінаць і выпадак з брытанскім генералам Артурам Велінгтанам — героем напалеонаўскіх войн, які ніколі не прайграваў французам у баі. Таму, калі ён сустрэўся з французскімі генераламі на Венскім кангрэсе — вялікай дыпламатычнай канферэнцыі, тыя адвярнуліся ад яго. Гэта была вялікая абраза, якая магла прывесці да дуэлі, але замест гэтага герцаг сказаў: «Не бойцеся, джэнтльмены. Я не крыўдую, паколькі я ўжо бачыў вашыя спіны».
Як можа развівацца скандал з «гнідай» у кантэксце апісанага гістарычнага вопыту? Думаецца, наўрад трэба чакаць ад Кіева нейкага эмацыйнага адказу. Хутчэй за ўсё Банкавая прамаўчыць, а калі і адкажа, то неяк вельмі крэатыўна. Ва Украіне ёсць свае традыцыі наконт палітычных абраз. У 1676 султан турак-асманаў Мехмед IV накіраваў свае войскі на тэрыторыю цяперашняй Украіны, дзе пражывалі запарожскія казакі. Але спачатку султан паслаў на Сеч ультыматум з прапановай аб капітуляцыі. Дакумент быў выкладзены напышлівай і квяцістай мовай. Запарожцы адказалі лістом, у якім яны адкінулі ўльтыматум патокам абраз, самімі карэктнымі з якіх былі «дурань» і «ідыёт».