«Хто такі Лукашэнка ў вачох Зяленскага?» Чаму Кіеў стрымана рэагуе на абразы Лукашэнкі
Выкрываючы дывэрсантаў, якія пашкодзілі расейскі вайсковы самалёт у Мачулішчах, Лукашэнка абразіў прэзыдэнта Украіны Уладзімера Зяленскага, назваўшы яго «гнідай». Моцна, што тут скажаш. Далей ужо толькі мацюкі. Адказу Зяленскага не было і, думаю, не магло быць, піша ў блогу на «Радыё Св*бода» Сяргей Дубавец.
Рэч у тым, што Зяленскі ня мае ніякага дачыненьня ні да пэдыкулёзу, ні да «блатной фені». Рыторыка і дзейнасьць прэзыдэнта Ўкраіны апошняга году вызначаюцца якраз акуратнасьцю і маральнасьцю. І таму Лукашэнка ў характэрнай для сябе манеры «ад адваротнага» высказаўся пра тое, што называецца «што каму рупіць, той тое і жупіць».
Вінаваты для яго ў татальным сэнсе ня той, хто крыўдзіць, а той, каго крыўдзяць. Пачынаючы з масавых рэпрэсіяў і выгнаньня людзей за мяжу і канчаючы гэтай самай «гнідай».
А хто такі Лукашэнка ў вачох Зяленскага? Хаўрусьнік Пуціна, суагрэсар. Яшчэ, можа быць, дэспат уласнага народу, краіны, культуры. Самаабвешчаны і непрызнаны ў цывілізаваным сьвеце тыран. А значыць, асоба, заведама непрыдатная для дыскусіі. Перакуленая з ног на галаву карціна сьвету, бясконцы паток хлусьні, абразаў і пагрозаў...
Калісьці на падобную рэч зьвярнуў увагу Пуцін — пасьля таго, як прэзыдэнт ЗША Байдэн станоўча адказаў на пытаньне пра тое, ці лічыць ён Пуціна забойцам.
«І вось, вы ведаеце, я ўспамінаю, — разважаў Пуцін, — у дзяцінстве мы ў двары, калі спрачаліся адзін з адным, казалі так: “Кто как обзывается, тот так и называется”. Гэта невыпадкова, гэта ня проста дзіцячая прымавачка ці жарт. Сэнс вельмі глыбокі ў гэтым, псыхалягічны. Мы заўсёды ў іншым чалавеку бачым свае ўласныя якасьці. І думаем, што ён такі самы, як і мы. І з гэтага зыходзячы, ацэньваем яго дзеяньні і даём ацэнку ўвогуле».
Можна лічыць гэтыя словы Пуціна простым адказам на Лукашэнкаву «гніду». Не магу не заўважыць, што ў беларускай мове ёсьць слова «абражаць» (кагосьці), але няма слова са зваротнай часьціцай «обзываться», што і значыць — абражаць сябе.
Але вось што важнейшае за нейкія абразы. Гэтая «гніда» прагучала на тле абарончай вайны, якую вядзе краіна Ўладзімера Зяленскага, у тым ліку вайны сэнсаў. Калі ўся матывацыя агрэсаркі-Расеі зьмяшчаецца выключна ў сфэры словаў (пра абарону Расеі ад NATO, напрыклад, ці нейкую там расейскую місію), то ў сфэры справаў мы бачым забітых мірных жыхароў і разбураныя гарады Ўкраіны.
Насуперак усякай лёгіцы словы сталі для расейцаў важнейшымі за справы. І тут ужо Пуціну варта было б успомніць яшчэ адну прыказку зь ягонага дваровага дзяцінства: «Языком болтай, а рукам волю не давай».