Аляксандр Класкоўскі: І Крамлю, і рэжыму Лукашэнкі нанесены моцны псіхалагічны ўрон

Палітычны аналітык у тэлеграм-канале «Позірк» згадвае, што атака на расійскі самалёт А-50 — не першы пракол беларускай СПА, і разважае, як сённяшняя сітуацыя адрозніваецца ад сітуацыі з «плюшавым дэсантам» у 2012 годзе.

1641705572_29_hdpic_club_p_samolet_a_50u_foto_51_logo_1.jpg


Інцыдэнт з атакай на расійскі ваенны самалёт у Беларусі Лукашэнка вырашыў павярнуць выгадным для рэжыму бокам. 7 сакавіка кіраўнік паведаміў, што ягоныя сілавікі ў выніку «бліскуча праведзенай» аперацыі злавілі ўкраінскага дыверсанта і ягоных памагатых.

Пры гэтым Лукашэнка прызнаў, што звышдарагі А-50, той, які стаяў на аэрадроме ў Мачулішчах пад Мінскам, быў пашкоджаны і адпраўлены на рамонт у Расію. Тым самым правадыр абвергнуў уласную прапаганду, якая пасля дыверсіі спачатку ўпала ў ступар, а потым стала трубіць, што з машынай «усё окей».


«Я лаяўся на вас і мацюкальныя словы казаў»

Гэты сюжэт нагадвае гісторыю 2012 года з «плюшавым дэсантам». Тады беларускія генералы і прапагандысты тры тыдні на блакітным воку запэўнівалі, што дзёрзкі палёт шведаў-авіяаматараў над Беларуссю, раскідванне цацак з лозунгамі супраць дыктатуры — гэта толькі фаташоп. У выніку Лукашэнка зладзіў генералам галавамыйку (бо да гэтага казыраў перад Масквой, які ў яго надзейны шчыт СПА), дваіх служак зняў з высокіх пастоў.

Так і цяпер. Мы зноў убачылі гэтую загану персаналісцкага рэжыму: без адмашкі правадыра на небяспечную, нявыгадную для ўладаў тэму ніхто не асмеліцца нешта выразнае казаць — і таму пачынаюць тупа замоўчваць або звыкла хлусіць, выкручвацца.


Калі з нагоды «плюшавага дэсанту» быў грандыёзны разнос, то Мачулішчанскі кейс Лукашэнка вырашыў паднесці як трыумф сваіх людзей у пагонах, даў ордэны некалькім генералам. Хоць, звяртаючыся да іх, прызнаўся, што на нарадзе 27 лютага, на другі дзень пасля дыверсіі, быў у гневе: «Там я лаяўся на вас і мацюкальныя словы казаў. Гэта абнуляецца сёння. Але не забывайцеся».

Зразумела, што ў Беларусі, напэўна, ёсць людзі, звязаныя з украінскімі спецслужбамі, аднаго з іх і сапраўды маглі затрымаць. Але ці сапраўды менавіта гэты чалавек (і яго «памагатыя» — заяўлена аб затрыманні больш чым двух дзясяткаў) стаялі за атакай на А-50, судзіць цяжка.

Аляксандр Азараў, кіраўнік апазіцыйнай арганізацыі былых сілавікоў ByP*l, запэўнівае, што ўсе ўдзельнікі гэтай аперацыі выехалі за мяжу. Тут кожны з бакоў будзе весці сваю інфармацыйную гульню. І нават калі сілавікі пакажуць «прызнанні дыверсанта», многія не павераць, ведаючы, як часам выбіваюцца паказанні.


Будуць закочваць у асфальт яшчэ больш люта

Адначасна ж была пастаўлена на вушы ўся Беларусь. Лукашэнка нават казырнуў тым, што загадаў «па ўсёй краіне правесці найжорсткую зачыстку». Незалежныя СМІ паведамлялі, што сілавікі трэслі ўдзельнікаў пратэстаў 2020 года, уладальнікаў дронаў, страйкбалістаў і гэтак далей. Інцыдэнт у Мачулішчах быў выкарыстаны для таго, каб нагнаць на людзей, перш за ўсё нелаяльную публіку, яшчэ больш страху. «Мы іх вылічым усіх. Вычысцім проста з нашага грамадства», — прыгразіў Лукашэнка 7 сакавіка.

Пры гэтым ён паўтарыў падначаленым, што «расслабляцца ні ў якім разе нельга». І параўнаў стаіўшыхся праціўнікаў з памагатымі нацыстаў: «Яны схаваліся і сядзяць. Сядзяць і чагосьці чакаюць. Будзе як у 1941 годзе, чаго там хаваць: калі фашысты прыйшлі сюды, вочкі гэтыя былі, памагатыя былі. А потым яны павязку на руку, шмайсар на плячо і дзейнічалі разам з гэтымі фашыстамі».

Кіраўнік у звыклай манеры спрабуе дыскрэдытаваць апанентаў, але міжволі прызнае, што пратэсная супольнасць не скарылася, усіх закатаць у асфальт не ўдалося. Цяпер гэты асфальтавы каток, трэба думаць, стане яшчэ больш бязлітасным.

Пры гэтым Лукашэнка нагадаў пра славутую камісію па вяртанні, як ён выяўляецца, збеглых, гэта значыць палітэмігрантаў: «Яны не зразумелі, што мы да іх па-чалавечы: калі вы адумаліся — вяртайцеся. І гэта не адмяняе нічога. Ёсць там адурэлыя, адурманеныя, Хай вяртаюцца. Заявы ўжо паступаюць».

Запрашаць на радзіму ў кантэксце адкрыццяў аб «вельмі жорсткай зачыстцы» — гэта, вядома, вышэйшы піяр-пілатаж. Цяпер усё так і разгоняцца.


Пра партызанаў уладам казаць нявыгадна

У выніку віну за тое, што здарылася ў Мачулішчах Лукашэнка зваліў на Кіеў, не прамінуўшы назваць украінскага прэзідэнта Уладзіміра Зяленскага «проста гнідай», што вельмі груба нават для беларускага правадыра.

Версію Азарава пра тое, што пад кіраўніцтвам B*pol'а напад на самалёт здзейснілі беларускія партызаны, кіраўнік наўпрост каментаваць не стаў. Хоць прызнаў, што «каманды ішлі ад СБУ беглым за мяжой (у дадзеным выпадку — у Польшчы)».

Лукашэнку нявыгадна прызнаваць, што сілавы сцэнар ягоных апанентаў, той самы даўно рэкламуемы Азаравым план «Перамога» — як мінімум не зусім пустышка. Калі пагадзіцца, што гэтыя ворагі здольныя праводзіць сур'ёзныя дыверсіі, што партызаны гаспадараць у ваколіцах сталіцы, то гэта можа дрэнна паўплываць на сілавікоў, абывацеляў.

Іншая справа — маляваць за ўсім гэтым Украіну, чые людзі ў пагонах калашмацяць «другую армію свету» і праводзяць удалыя спецаперацыі. Паводле слоў Лукашэнкі, яго ўразіла ў кантэксце аперацыі супраць А-50 выкарыстанне найвышэйшых тэхналогій: «Яны стварылі яму (дыверсанту, які да таго ж накшталт як айцішнік. — А.К.) спецыяльную праграму (хутчэй за ўсё цэрэушнікі — амерыканцы), яму ўручылі спецыяльныя тэлефоны, па якіх яны адсочвалі кожны яго крок у аўдыё- і відэарэжыме...»

Тут як бы няўзнак ужо не толькі СБУ, але і ЦРУ вымалёўваецца. Гэта такое замаскіраванае самаапраўданне. Бо атаку дронамі на звышдарагі расійскі самалёт усё ж такі прашляпілі. І вось тут і абывацелям, і Крамлю (які атрымаў ад украінцаў ужо нямала крыўдных плюх) даюць зразумець: самі бачыце, якія сур'ёзныя профі супраць нас дзейнічалі. І злоўлены «тэрарыст», якога ўзялі «пад Бараўлянамі (гэта побач з Мінскам. — А.К.) у нейкім там асабняку садовага таварыства», звярніце ўвагу, нават не беларус, а расіец з украінскім пашпартам.

Таксама як бы няўзнак Лукашэнка нагадаў, што «тэракт супраць расійскіх самалётаў у Энгельсе быў здзейснены некалькі месяцаў таму». З намёкам, што і расійцы тады празявалі.

Так, і яшчэ пра «тэрарыста»: «Памежнікі расійскія, на жаль, прапусцілі яго [з Латвіі]. Хоць не павінны былі гэта зрабіць». Карацей, як мінімум доля ўскоснай віны за тое, што праваронілі дыверсію, ускладзеная на расійцаў.

Прагучала і апраўданне, чаму праспала ў Мачулішчах Беларуская СПА: «...калі б яны выкарыстоўвалі вялікі [дрон], то сістэмы нашага сачэння, вядома, яго б адсачылі. Але маленькі гэты беспілотнік кітайскай вытворчасці, які прадаецца і ў нашых крамах...»


Ага, «драпіны», але самалёт прыйшлося замяніць

Лукашэнка паспрабаваў нязграбна пераменшыць нанесеную А-50 шкоду: «На шчасце, самалёт не зведаў нейкіх значных пашкоджанняў, акрамя, як яны кажуць, драпін і адной прабоіны ў корпусе, якая ваеннаму самалёту не перашкаджае выконваць яго абавязкі. < ... > Тым не менш мы папрасілі расійцаў, каб яны ўзялі гэты самалёт на абслугоўванне і даслалі нам іншы».

Гэтак жа нязграбна прагучаў і такі пасаж: «Гэты самалёт ніколі не залятаў на тэрыторыю Украіны, нават не набліжаўся да мяжы (яму не трэба гэта), Польшчы, Літвы — усіх гэтых мразяў, якія сёння працуюць супраць Беларусі». А-50 нездарма называецца самалётам далёкага радыёлакацыйнага выяўлення. Яму не абавязкова падлятаць да самай мяжы, каб наводзіць ракеты іншых сродкаў паразы на ўкраінскія мэты.

ДзяржСМІ ўпарта называюць тое, што здарылася ў Мачулішчах «спробай дыверсіі». Тады ўжо трэба дадаваць: удалай спробай. Зразумела, што на завод у Таганрог з-за «драпін» самалёт бы не пагналі, замяняць іншым не сталі б. Так што і ў чыста ваенным плане страты РФ нанесены немалы.


Да таго ж і Крамлю, і асабліва рэжыму Лукашэнкі нанесены маральны, псіхалагічны ўрон. Шырокая публіка яшчэ раз пераканалася ў хлуслівасці ўладаў і іх прапаганды. І расійскія войскі ў Беларусі, і тутэйшыя сілавікі цяпер будуць адчуваць сябе менш упэўнена, чакаць «працягу», абяцанага Азаравым.

Многім жа праціўнікам рэжыму апрыёры хочацца верыць у версію аб паспяховай акцыі беларускіх партызан. Што б цяпер ні сцвярджала афіцыйная прапаганда, якая прайграла гэты бой інфармацыйнай вайны.