Некамплект даходзіць да 60% ад штатнай колькасці. У якім стане беларуская армія?
У выпадку паўнавартаснага ўступлення падраздзяленняў УС РБ у баявыя дзеянні на баку РФ рэжыму Лукашэнкі неабходна будзе праводзіць частковую мабілізацыю для даўкамплектавання ў першую чаргу падраздзяленняў Сухапутных войскаў.
На сайце Міністэрства абароны РБ раз у паўгода абнаўляюцца звесткі аб наяўнасці воінскіх пасад салдат і сяржантаў для іх замяшчэння вайскоўцамі, якія праходзяць ваенную службу па кантракце. «Экстрэмісцкі» тэлеграм-канал журналіста, якога ўсе просяць аб дапамозе, звярнуў увагу на гэтыя лічбы.
Апошняе абнаўленне інфармацыі было 25 студзеня 2023 года. Канал прааналізаваў інфармацыю аб вакансіях, каб высветліць, у якіх частках і па якіх пасадах існуе найбольшы дэфіцыт. Становішча ў войску, насамрэч, гаротнае.
Некалькі важных удакладненняў
- Бралі пад увагу толькі пасады з колькасцю вакантных месцаў ад 5 і вышэй;
- Пры вызначэнні штатнай колькасці падраздзяленняў аўтары кіраваліся дапаможнікам па арганізацыйнай структуры падраздзяленняў механізаваных брыгад ад 2016 года. Па гэтай прычыне могуць быць некаторыя хібнасці з працэнтным налічэннем некамплекта падраздзяленняў (напрыклад, па снайперах, бо ў механізаваных брыгадах у 2020 годзе былі сфарміраваны ўзводы снайпераў);
- Колькасць вакансій можа не адлюстроўваць рэальнага ўкамплектавання частак УС РБ спецыялістамі (у рэальнасці некамплект можа быць яшчэ большым). Колькасць вакансій паказвае толькі, якая колькасць вайскоўцаў в/ч гатова прыняць для праходжання ваеннай службы па кантракце;
- Інфармацыя аб вакансіях прадстаўлена МА РБ на 25 студзеня. Адпаведна частка з іх ужо можа быць запоўнена.
У якіх частках адчуваюць самы востры дэфіцыт кадраў?
6-я асобная механізаваная брыгада (в/ч 05733, Гродна):
- 7 снайпераў (18% для механізаванага батальёна);
- па 8 кулямётчыкаў і гранатамётчыкаў (77% для кулямётчыкаў і 89 – для гранатамётчыкаў адной мотастралковай роты);
- 9 наводчыкаў-аператараў БМП-2 (24% для механізаванага батальёна);
- 11 механікаў-кіроўцаў БМП-2 (29% для механізаванага батальёна).
202-гі асобны механізаваны батальён 6-й АМБР (в/ч 09155):
- 24 снайперы (некамплект снайпераў у батальёне складае 62%);
- па 8 наводчыкаў-аператараў і механікаў-кіроўцаў БМП-2 (некамплект па пасадах складае 21%).
Танкавы батальён 6-й АМБР (в/ч 97109):
6 камандзіраў, 10 наводчыкаў і 8 механікаў-кіроўцаў танкаў Т-72Б, што адпавядае двум танкавым узводам. Пры гэтым асобна наводчыкаў танкаў шукаюць на цэлую танкавую роту. Агульны некамплект танкавых экіпажаў па батальёне складае 20%; па механіках-кіроўцах — 24%; па наводчыках — 32%.
78-мы асобны механізаваны батальён 6 АМБР (в/ч 04108):
- 6 снайпераў (некамплект снайпераў у батальёне складае 16%);
- 5 намеснікаў камандзіраў узводаў-камандзіраў аддзяленняў (56% ад штатнай колькасці механізаванага батальёна);
- па 9 наводчыкаў і кіроўцаў БТР-82А (некамплект 23%).
- у 350-й групе артылерыі 6 АМБР (в/ч 14310) шукаюць 8 кіроўцаў.
11-я асобная механізаваная брыгада:
- 20 снайпераў (52% ад штатнай колькасці механізаванага батальёна);
- 12 камандзіраў і па 15 наводчыкаў і механікаў-кіроўцаў танкаў Т-72Б (39% і па 49% адпаведна для танкавага батальёна);
- па 25 камандзіраў, наводчыкаў-аператараў і механікаў-кіроўцаў БМП-2 (некамплект па 64% адпаведна для механізаванага батальёна);
- 6 камандзіраў зенітнай гарматы (100% некамплект для зенітнай батарэі комплексу «Тунгуска» — 2К22 са складу асобнага зенітнага ракетна-артылерыйскага дывізіёна брыгады);
- 7 камандзіраў гарматы 2С1 (39% для гаўбічнага дывізіёна групы артылерыі механізаванай брыгады);
- 6 камандзіраў машыны БМ-21 «Град» (33% для рэактыўнага дывізіёна групы артылерыі механізаванай брыгады);
- 10 механікаў-кіроўцаў МТ-ЛБ і 74 кіроўцы-электрыкі.
Каго яшчэ шукаюць у іншых частках?
2-я Інжынерная брыгада: 8 сапёраў.
5-я асобная брыгада спецыяльнага прызначэння: 10 разведчыкаў.
30-я асобная чыгуначная брыгада: 5 электрыкаў.
Кіналагічны цэнтр УС РБ (Калодзішчы): па 5 важатых службовых сабак і стралкоў.
4970-я база інжынерных боепрыпасаў: 12 такелажнікаў.
228-мы асобны полк радыёэлектроннай барацьбы: 6 механікаў.
10-ты асобны батальён радыёэлектроннай барацьбы: 11 аператараў станцыі перашкод.
Асобна варта адзначыць запатрабаванасць кіроўцаў і механікаў-кіроўцаў. Усяго мы знайшлі 329 вакансій кіроўцаў і 95 механікаў-кіроўцаў з колькасцю вакантных месцаў 5+. Усяго ж вакансій кіроўцаў (-электрыкаў, -санітараў, -зваршчыкаў, -кранаўшчыкоў, -хімікаў і інш.) незалежна ад іх колькасці мы знайшлі не менш за 470, а механікаў-кіроўцаў — каля 120.
Больш за ўсё кіроўцаў і механікаў-кіроўцаў шукаюць (акрамя в/ч, названых вышэй):
2-я Інжынерная брыгада;
814-ты цэнтр тэхнічнага забеспячэння;
3620-я артылерыйская база ўзбраення;
83-ці цэнтр радыёсувязі (спецыяльнага прызначэння);
30-я асобная чыгуначная брыгада;
110-ты асобны полк матэрыяльнага забеспячэння;
49-я радыётэхнічная брыгада;
8-я брыгада радыяцыйнай, хімічнай і біялагічнай абароны (адразу 39 кіроўцаў);
16-ты асобны полк радыёэлектроннай барацьбы з самалётнымі сродкамі (адразу 19 кіроўцаў);
111-я артылерыйская брыгада;
74-ты асобны полк сувязі;
2285-ты асобны радыётэхнічны батальён;
1146-ты зенітна-ракетны полк;
103-я паветрана-дэсантная брыгада;
231-я артылерыйская брыгада;
377-мы зенітна-ракетны полк (адразу 27 кіроўцаў);
228-мы асобны полк радыёэлектроннай барацьбы;
10-ты асобны батальён радыёэлектроннай барацьбы;
51-я артылерыйская брыгада (адразу 20 кіроўцаў).
Асноўныя высновы
Найбольшы недахоп УС РБ адчуваюць у кіроўцах. Сярод усіх вакансій, прапанаваных для службы па кантракце, менавіта кіроўцы (у самых розных варыяцыях) займаюць першай месца. Ні для каго не сакрэт, што ў любой в/ч маецца вялікая колькасць аўтамабіляў рознага прызначэння, што стварае вялікі попыт на такіх спецыялістаў.
І гэта ў сітуацыі, калі, напрыклад, у механізаваных брыгадах па штатах мірнага часу ўкамплектаваны толькі асобныя падраздзяленні, якія ўваходзяць у склад сіл неадкладнага рэагавання (астатнія падраздзяленні ўкамплектаваны часткова або кадраваныя).
Гэты факт пацвярджаецца мерапрыемствамі баявой падрыхтоўкі, якія праводзяцца УС РБ. Магчымая прычына сітуацыі з кіроўцамі ва УС РБ заключаецца ў невысокай і неканкурэнтаздольнай заработнай плаце для кіроўцы-кантрактніка ў параўнанні з магчымасцю заробку «на грамадзянцы» (у таксі, кіроўцам-міжнароднікам і інш.).
Паводле інфармацыі МА РБ, кіроўца-кантрактнік зможа зарабляць у войску блізу 900 BYN ($322). Праблему з недахопам кіроўцаў спрабуюць вырашаць, у тым ліку праз аўташколы пры ДТСААФ, у якіх правы кіроўцы могуць атрымаць прызыўнікі.
Звяртае на сябе ўвагу і неўкамплектаванасць падраздзяленняў механізаваных брыгад Сухапутных войскаў. Гледзячы па вакансіях, прадстаўленых на сайце МА РБ, значную патрэбу ў спецыялістах адчувалі толькі 6-я і 11-я механізаваныя брыгады (абедзве ўваходзяць у склад Заходняга аператыўнага камандавання УС РБ). Пры гэтым вакансій для службы ў 19-й і 120-й мехбрыгадах не падавалася.
У цэлым па некаторых пазіцыях некамплект можа даходзіць да 60% ад штатнай колькасці падраздзялення (у сярэднім некамплект можа складаць траціну або чвэрць).
Гэты факт, у тым ліку, сведчыць, што ў выпадку паўнавартаснага ўступлення падраздзяленняў УС РБ у баявыя дзеянні на баку РФ рэжыму Лукашэнкі неабходна будзе праводзіць частковую мабілізацыю для даўкамплектавання ў першую чаргу падраздзяленняў Сухапутных войскаў.