Рэха Мачулішчаў? У Беларусі пачалі затрымліваць стралкоў-спартоўцаў
Пра масавыя затрыманні ў Мінску стралкоў, у тым ліку тых, хто займаецца адпаведнымі відамі спорту, паведамілі праваабаронцы.
Адзначаецца, у прыватнасці, што затрыманы «ўдзельнік розных чэмпіянатаў па стральбе ў Беларусі».
Прычына
затрымання невядомая, але блізкія затрыманых мяркуюць, што яны могуць быць звязаны з дыверсіяй у Мачулішчах.
Раней сілавікі прыходзілі да ўладальнікаў дронаў. Ці затрымлівалі кагосьці і паводле якіх абвінавачванняў, невядома.
Выглядае, што дагэтуль лукашэнкаўцы не могуць высветліць, як адбылася дыверсія. І, не маючы дакладнай інфармацыі, проста ідуць да ўсіх, хто хаця б тэарэтычна мог бы неяк садзейнічаць пашкоджанню расійскага самалёта А-50.
Як пісаў «НЧ», 26 лютага СМІ заявілі, нібыта ў Мачулішчах быў падарваны расійскі самалёт А-50 з сістэмай ДРЛА. Атаку нібыта здзейснілі беларускія партызаны.
Улады ў Мінску не пацвердзілі інцыдэнту, аднак Лукашэнка экстранна сабраў вузкую нараду з сілавікамі, а на мяжы зрабілі больш жорсткім кантроль.
Пасля паведамленняў аб падрыве А-50 у Мачулішчы прылятаў ваенна-транспартны Іл–76 ПС РФ — ён мог прывозіць спецыялістаў або запчасткі для рамонту.
Праз некалькі дзён расійскі А-50 вылецеў з аэрадрома Мачулішчы. Па інфармацыі тэлеграм-канала, што маніторыць ваенную сітуацыю ў Беларусі, ён паляцеў у Расію на рамонт. Гэтую інфармацыю спраўдзілі журналісты «Л*стэрка», якія датэлефанаваліся на авіярамонтны завод у Таганрогу, дзе ім пацвердзілі прыбыццё самалёта з Беларусі.
У ініцыятыве былых сілавікоў «B*POL» паведамілі, што ўдзельнікі плана «Перамога» здзейснілі два выбухі ў Мачулішчах, якія здарыліся раніцай 26 лютага. Паводле іх інфармацыі, у выніку быў пашкоджаны расійскі ваенна-транспартны самалёт. Мяркуючы па паведамленнях у мясцовых чатах, гукі было выразна чуваць у той дзень у раёне 8-9.40 раніцы. Далей на аэрадроме бачылі вялікую колькасць ваенных. Таксама прыязджалі Следчы камітэт і хуткая, «стаялі вайскоўцы і аўтаматчыкі», пісалі ў чатах. Пазней паведамленні пачалі чысціць.
У «B*POL» адзначылі: «У выніку двух выбухаў пашкоджанні атрымалі пярэдняя і цэнтральная часткі самалёта, пашкоджана авіёніка і радыёлакацыйная антэна. Пашкоджанні сур'ёзныя, самалёт дакладна ўжо нікуды не паляціць».
Пазней ініцыятыва апублікавала відэа, на якім выразна відаць, як дрон з мэтай выведкі (імаверна, пры падрыхтоўцы аперацыі) спакойна прылятае на аэрадром і садзіцца наўпрост на радыёлакацыйную «талерку» расійскага А-50, а потым таксама без перашкод пакідае тэрыторыю аб'екта. Гэтае відэа выклікала шалёную рэакцыю ў расійскіх Z-каналах, якія ўзнялі гвалт з нагоды неабароненасці аэрадрома і самалёта коштам большым за 300 мільёнаў долараў.
Беларускія прапагандысты тры дні маўчалі наконт здарэння ў Мачулішчах, робячы выгляд, што нічога не адбылося. Потым яны назвалі дыверсію «фэйкам», хаця на той момант ужо ўся Беларусь ведала пра надзвычайнае здарэнне на аэрадроме пад Мінскам.