Кіраўнік B*POL Азараў пра словы Лукашэнкі: Што яму выгадна, тое і плявузгае

Кіраўнік ініцыятывы былых сілавікоў Аляксандр Азараў пракаментаваў словы Лукашэнкі наконт украінскіх дыверсантаў і затрыманых па справе дыверсіі на ваенным аэрадроме ў Мачулішчах.

Фота прэс-службы Святланы Ціханоўскай

Фота прэс-службы Святланы Ціханоўскай

Сёння Аляксандр Лукашэнка ўпершыню публічна выказаўся пра дыверсію ў Мачулішчах. Ён прызнаў, што каштоўны расійскі самалёт А-50 быў пашкоджаны («драпіны і адна прабоіна»), але заявіў, што за дыверсію нібыта затрымалі «ўкраінскага тэрарыста» і 20 яго памагатых. Аляксандр Азараў пракаментаваў «Н*шай Ніве» гэтыя заявы.

«У Беларусі ідуць рэпрэсіі — дзясяткі штодзённа, кожны затрыманы пад прымусам расказвае тое, што яны просяць. Як прыклад, ва ўдзеле ў плане "Перамога" прызнаваліся людзі, якіх там ніколі не было. Ну і цяпер, я так разумею, адбываецца нешта падобнае — затрымалі нейкіх людзей, пад катаваннямі яны кажуць, што ад іх патрабуюць, — кажа Аляксандр Азараў. — Па сутнасці паўтару яшчэ раз: удзельнікі гэтай акцыі выехалі і знаходзяцца ў бяспецы. Гэта ўдзельнікі плана "Перамога", беларускія партызаны. Іх мы паказваць не будзем у мэтах бяспекі.

Вы зразумейце, гэта была спецаперацыя, людзі ахвяруюць сваім жыццём нават, вельмі небяспечна для іх асабістага жыцця ўсё, што расказваецца. Яны ўсё зрабілі і з'ехалі. А казкі гэтыя пра ўкраінцаў, ЦРУ, нанатэхналогіі… Што там яшчэ? Ну, што яму [Лукашэнку] выгадна, тое ён і плявузгае. Я яму асабіста даўно не веру і верыць не збіраюся».

Нагадаем, 7 сакавіка на цырымоніі ўручэння дзяржаўных узнагарод Лукашэнка зладзіў эмацыйны «стэндап» на тэму дыверсіі супраць расійскага самалёта А-50 ў Мачулішчах. Ён упершыню пракаментаваў надзвычайнае здарэнне на ваенным аэрадроме пад Мінскам. Каментар не адрозніваецца арыгінальнасцю. За спінай нібыта затрыманых «тэрарыстаў» стаялі Служба бяспекі Украіны і амерыканскае ЦРУ.

Лукашэнка распавёў пра затрыманне «тэрарыста ўкраінскіх спецслужбаў і ягоных памагатых, якія маюць дачыненне да спробы дыверсіі» на расійскім самалёце А-50.

Пры гэтым кіравалі дзеяннямі затрыманых нібыта Служба бяспекі Украіны і амерыканскае ЦРУ.

«Служба бяспекі Украіны, кіраўніцтва ЦРУ не то збоку, не то за спінай распрацоўваюць аперацыю супраць Рэспублікі Беларусь. Быў падрыхтаваны тэрарыст. Ён расіец, з расійскім пашпартам, мае ўкраінскі пашпарт. Нарадзіўся ў Крывым Рогу, жыў у Крыме. Сваякі ў Аўстрыі некаторыя, некаторыя засталіся ў Кіеве. Ён быў завербаваны спецслужбай Украіны ў 2014 годзе. Айцішнік або добра разбіраецца ў IT-тэхналогіях. Рыхтаваўся для здзяйснення тэрарыстычных актаў», — распавёў ён.

Паводле яго слоў, «тое, што мы ўбачылі, рэалізуючы аперацыю ў Беларусі, — гэта сапраўды было нешта неверагоднае»,«былі задзейнічаны самыя высокія тэхналогіі», а ўкраінскі дыверсант «быў навучаны ўсяму гэтаму не за адзін месяц».

«Пасля падрыхтоўкі ён быў маршрутаваны (так кажуць у КДБ) на нашу тэрыторыю», — сказаў Лукашэнка.

«Выбралі маленькі беспілотнік. Калі б яны выкарыстоўвалі вялікі, то сістэмы нашага сачэння, вядома, яго б адсачылі. Ва Украіне былі задзейнічаны гэтыя два беспілотнікі, навучаны гэты чалавек і іншыя, якія яму дапамагалі. Пра гэта мы раскажам вам потым», — паабяцаў Лукашэнка.

Варта дадаць, што апісаны Лукашэнкам «тэрарыст» падобны на ўкраінца Міколу Швеца, якога нібыта шукалі ў Беларусі паводле распаўсюджаных арыенціровак. Аднак сястра хлопца (ён сапраўды жыў у Крыме, а пасля пераехаў у Крывы Рог) у каментары «Н*шай Ніве» абвергла яго датычнасць да дыверсіі ў Мачулішчах. Дзяўчына сказала, што яе брат ніколі не быў у Беларусі, а ў дзень інцыдэнту з самалётам А-50 знаходзіўся дома.