«Быў падрыхтаваны тэрарыст». Лукашэнка абвінаваціў СБУ і ЦРУ ў дыверсіі ў Мачулішчах

Аляксандр Лукашэнка ўпершыню выказаўся наконт дыверсіі на ваенным аэрадроме пад Мінскам. Каментарый, які транслюе яго прэс-служба, не адрозніваецца арыгінальнасцю. За спінай нібыта затрыманых «тэрарыстаў» стаялі Служба бяспекі Украіны і амерыканскае ЦРУ.

Фота: «Insider»

Фота: «Insider»

Лукашэнка распавёў пра затрыманне «тэрарыста ўкраінскіх спецслужбаў і ягоных памагатых, якія маюць дачыненне да спробы дыверсіі» на расійскім самалёце А-50. Пры гэтым кіравалі дзеяннямі затрыманых нібыта Служба беспекі Украіны і амерыканскае ЦРУ.

«Служба бяспекі Украіны, кіраўніцтва ЦРУ не то збоку, не то за спінай распрацоўваюць аперацыю супраць Рэспублікі Беларусь. Быў падрыхтаваны тэрарыст. Ён расіец, з расійскім пашпартам, мае ўкраінскі пашпарт. Нарадзіўся ў Крывым Рогу, жыў у Крыме. Сваякі ў Аўстрыі некаторыя, некаторыя засталіся ў Кіеве. Ён быў завербаваны спецслужбай Украіны ў 2014 годзе. Айцішнік або добра разбіраецца ў IT-тэхналогіях. Рыхтаваўся для здзяйснення тэрарыстычных актаў», — распавёў ён.

Паводле яго слоў, «тое, што мы ўбачылі, рэалізуючы аперацыю ў Беларусі, — гэта сапраўды было нешта неверагоднае», «былі задзейнічаны самыя высокія тэхналогіі», а ўкраінскі дыверсант «быў навучаны ўсяму гэтаму не за адзін месяц».

«Пасля падрыхтоўкі ён быў маршрутаваны (так кажуць у КДБ) на нашу тэрыторыю», — сказаў Лукашэнка.

«Выбралі маленькі беспілотнік. Калі б яны выкарыстоўвалі вялікі, то сістэмы нашага сачэння, вядома, яго б адсачылі. Ва Украіне былі задзейнічаны гэтыя два беспілотнікі, навучаны гэты чалавек і іншыя, якія яму дапамагалі. Пра гэта мы раскажам вам потым», — паабяцаў Лукашэнка.

Варта дадаць, што апісаны Лукашэнкам «тэрарыст» падобны на ўкраінца Міколу Швеца, якога нібыта шукалі ў Беларусі паводле распаўсюджаных арыенціровак. Аднак сястра хлопца (ён сапраўды жыў у Крыме, а пасля пераехаў у Крывы Рог) у каментары «Н*шай Ніве» абвергла яго датычнасць да дыверсіі ў Мачулішчах. Дзяўчына сказала, што яе брат ніколі не быў у Беларусі, а ў дзень інцыдэнта з самалётам А-50 знаходзіўся дома.

Нагадаем, што пасля дыверсіі ў Мачулішчах лукашэнкаўскія сілавікі штодзень ладзяць рэйды, затрымліваюць людзей, перакрываюць дарогі і даглядаюць людзей на выездзе з краіны.

Як пісаў «НЧ», 26 лютага СМІ заявілі, нібыта ў Мачулішчах быў падарваны расійскі самалёт А-50 з сістэмай ДРЛА. Атаку нібыта здзейснілі беларускія партызаны.

Улады ў Мінску не пацвердзілі інцыдэнту, аднак Лукашэнка экстранна сабраў вузкую нараду з сілавікамі, а на мяжы зрабілі больш жорсткім кантроль.

Пасля паведамленняў аб падрыве А-50 у Мачулішчы прылятаў ваенна-транспартны Іл–76 ПС РФ — ён мог прывозіць спецыялістаў або запчасткі для рамонту.

Праз некалькі дзён расійскі А-50 вылецеў з аэрадрома «Мачулішчы». Па інфармацыі тэлеграм-канала, які маніторыць ваенную сітуацыю ў Беларусі, ён паляцеў у Расію на рамонт. Гэтую інфармацыю спраўдзілі журналісты «Л*стэрка», якія датэлефанаваліся на авіярамонтны завод у Таганрогу, дзе ім пацвердзілі прыбыццё самалёта з Беларусі.

У ініцыятыве былых сілавікоў «B*POL» паведамілі, што ўдзельнікі плана «Перамога» здзейснілі два выбухі ў Мачулішчах, якія здарыліся раніцай 26 лютага. Паводле іх інфармацыі, у выніку быў пашкоджаны расійскі ваенна-транспартны самалёт. Мяркуючы па паведамленнях у мясцовых чатах, гукі было выразна чуваць у той дзень у раёне 8-9.40 раніцы. Далей на аэрадроме бачылі вялікую колькасць ваенных. Таксама прыязджалі Следчы камітэт і хуткая, «стаялі вайскоўцы і аўтаматчыкі», пісалі ў чатах. Пазней паведамленні пачалі чысціць.

У «B*POL» адзначылі: «У выніку двух выбухаў пашкоджанні атрымалі пярэдняя і цэнтральная часткі самалёта, пашкоджана авіёніка і радыёлакацыйная антэна. Пашкоджанні сур'ёзныя, самалёт дакладна ўжо нікуды не паляціць». Былыя сілавікі дадалі, што ўдзельнікі дыверсіі паспяхова пакінулі межы Беларусі.

Пазней ініцыятыва апублікавала відэа, на якім выразна відаць, як дрон з мэтай выведкі (імаверна, пры падрыхтоўцы аперацыі) спакойна прылятае на аэрадром і садзіцца наўпрост на радыёлакацыйную «талерку» расійскага А-50, а потым таксама без перашкод пакідае тэрыторыю аб'екта. Гэтае відэа выклікала шалёную рэакцыю ў расійскіх Z-каналах, якія ўзнялі гвалт з нагоды неабароненасці аэрадрома і самалёта коштам большым за 300 мільёнаў даляраў. 

Беларускія прапагандысты тры дні маўчалі наконт здарэння ў Мачулішчах, робячы выгляд, што нічога не адбылося. Потым яны назвалі дыверсію «фэйкам», хаця на той момант ужо ўся Беларусь ведала пра надзвычайнае здарэнне на аэрадроме пад Мінскам.