«Будзем цябе п***іць пры дзецях». У беларуса, які вярнуўся з Польшчы, забралі пашпарт і польскі ВНЖ
Перад Новым годам праваабаронцы пісалі, што ў аднаго з затрыманых у снежні беларусаў міліцыянты знішчылі дакументы — пашпарт і карту паляка. Блог «Шуфлядка» знайшоў гэтага чалавека: Мікалай сапраўды атрымаў арышт у снежні і пасля вызвалення з ізалятара дакументы яму не вярнулі. Ён распавёў сваю гісторыю.
Прыехалі з ГУБАЗіКа, залезлі ў тэлеграм
44-гадовы Мікалай жыве і працуе ў Польшчы з 2018 года. У апошні час працаваў аператарам станкоў ЧПУ. Напярэдадні Новага года Мікалай паехаў на святы ў Беларусь. Мяжу перасякаў на аўтобусе і, з ягоных слоў, нічога незвычайнага пры праходжанні пашпартнага кантролю не было. Пасля мяжы мужчына паехаў не па адрасе прапіскі, а да сваякоў. Праз тры дні туды прыехалі з ГУБАЗіК.
— Ніякага маскі-шоў з выломваннем дзвярэй не было. Усё
культурна. У 2020 годзе ў Варшаве праходзіў першы марш беларусаў Варшавы. Я ў
той момант якраз быў у Варшаве і скінуў анонс гэтага маршу ў нейкі чат: ці то
«Беларусы Варшавы», ці то «Беларусы Польшчы», не памятаю ўжо дакладна.
Супрацоўнікі прыехалі з раздрукоўкай гэтага скрына.
Беларус сцвярджае, што ў навінавых каналах, якія прызнаныя
экстрэмісцкімі, ён не знаходзіўся. У наладах тэлеграма яго дадзеныя былі
схаваныя, але нядаўна ён паставіў на аватарку сваё фота і зрабіў яго даступным
для прагляду ўсім карыстальнікам. Мікалай думае, што па гэтай фатаграфіі
супрацоўнікі міліцыі змаглі яго апазнаць.
Перад уездам у Беларусь Мікалай выйшаў са свайго асноўнага
акаўнта ў тэлеграм, які быў на польскім нумары, пакінуўшы толькі «чысты»
акаўнт, замацаваны на беларускі нумар. Але сілавікі некалькі разоў
пыталіся пра польскую сім-карту (на якую можа быць зарэгістраваны іншы
тэлеграм-акаўнт).
— У кватэры былі мае двое дзяцей. І «старэйшы» (губазікавец) кажа: «Мы зараз пачнём цябе п***іць тут, пры дзецях». Я тады
аддаў «сімку», але ведаў, што нічога супрацьзаконнага ў маім акаўнце
не знойдуць.
Супрацоўнікі ГУБАЗіК дагледзелі заплечнік, з якім Мікалай
прыехаў у Беларусь і не паверылі, што гэта ўсе яго рэчы.
— Я чамусьці сказаў, што частка рэчаў на маёй кватэры. Мяне
пасадзілі ў машыну і павезлі па месцы маёй прапіскі. Але па дарозе я прызнаўся,
што кватэра пустая. Сказаў ім, што прыехаў яе прадаць і там няма нават мэблі. У
выніку мы развярнуліся і паехалі ў ГУБАЗіК. Усю дарогу «старэйшы» вывучаў мае паведамленні ў чаце.
«Ты нам
схлусіў тры разы — я на табе адпрацую тры ўдары»
У чаце супрацоўнікі ГУБАЗіК знайшлі паведамленні Мікалая са словамі «парушэнне правоў чалавека» і «сіняпалы». Мікалай адказаў, што гэта жарты пра палякаў.
— У цэлым, усё было спакойна. Што адказваць — не важна,
галоўнае — не маўчаць. Калі я пачынаў моцна тупіць, то старэйшы даставаў дубінку
і пачынаў павышаць голас: «Не маўчы, інакш я цябе пі***ну».
Пазней у Мікалая забралі пашпарт. Супрацоўнік ГУБАЗіК пачаў
дэталёва вывучаць адзнакі аб праходжанні мяжы і візы: сілавікоў збянтэжыла адсутнасць актуальнай візы. Мікалай прызнаўся, што ў яго ёсць польскі ВНЖ, але
ён «пакінуў яго дома».
Сілавікі праверылі папернік беларуса, выявілі там ВНЖ і
правы кіроўцы. Усе дакументы, уключаючы пашпарт, забралі.
— Я ўвесь гэты час стаяў у кайданках у калідоры. У руках
трымаў пакет з тэлефонам і ноўтбукам. Падыходзіць іх старэйшы і кажа: «Ты
нам схлусіў тры разы, пра сім-карту, рэчы на кватэры і ВНЖ. Таму станавіся ў
стойку, я на табе адпрацую тры ўдары». Ну і трохі ён мне пі***нуў. У цэлым
было 6-7 удараў у грудзі, прэс, ныркі і ногі.
Пасля гэтага сілавікі адышлі ў бок на «нараду». Мікалай
кажа, што ніякіх папер у ГУБАЗіК на яго не складалі, таму ён думаў, што яго
адпусцяць.
Завялі ў студыю, далі сцэнар
Пасля кароткай «нарады» Мікалая завялі ў суседні кабінет-відэастудыю. Там было каля сямі чалавек.
У відэа, якое з ім запісалі ў ГУБАЗіКу, беларуса прымусілі
сказаць, што палякі ставяцца да беларусаў, як «да людзей другога гатунку», а таксама
папрасіць прабачэння перад беларускай амбасадай у Варшаве і прапагандыста Бянько — паведамленні пра іх ад імя Мікалая сілавікі таксама знайшлі ў чатах.
— Першае відэа са мной запісалі ў выглядзе вольнага аповеду.
Я на камеру сказаў, што з'ехаў з Беларусі 8 жніўня, у мітынгах не ўдзельнічаў.
Быў затрыманы за абразу супрацоўніка беларускай амбасады і журналіста. У
зробленым раскайваюся. Але супрацоўнікі прапанавалі мне свой сцэнар. Галоўнае
было сказаць, што ў Польшчы палякі прэсуюць беларусаў, у нас там усё дрэнна.
Відэа з Мікалаем апублікавалі на праўладным тэлеграм-канале
ў пачатку студзеня.
Мінус 10 сутак і тры дакументы
Мікалай кажа, што ў ГУБАЗіК не афармлялі пратакол затрымання, вопіс маёмасці ці нейкія іншыя паперы. Пасля запісу роліка сілавікі адвезлі яго ў аддзяленне міліцыі, адтуль яго перавялі ў ІЧУ. Перад арыштам у яго пад вопіс канфіскавалі асабістыя рэчы, уключаючы гаманец і тэлефон. Дакументаў, забраных раней сілавікамі, у вопісе не было.
Суд вынес 10 сутак арышту за «абуральныя паводзіны і
нецэнзурную лаянку ў аддзяленні міліцыі» (артыкул 19.1 КаАП). Мікалая
перавялі ў ізалятар, дзе ў шасцімеснай камеры знаходзілася 25 чалавек. Пасля
вызвалення дакументы беларусу не вярнулі і ён заняўся іх аднаўленнем.
Пашпарт быў гатовы праз тыдзень, правы беларус вырашыў не
рабіць, візу паставілі пасля звароту ў консульства. Цяпер Мікалай займаецца
аднаўленнем у Польшчы «карты пабыту».