Інцыдэнт у Мачулішчах можа аказацца на карысць Беларусі
Дыверсія на аэрадроме пад Мінскам — хто здолее ёй удала скарыстацца? Інцыдэнт у Мачулішчах паказвае, што для расійскіх войскаў небяспечна знаходзіцца на беларускай тэрыторыі.
Дыверсія на аэрадроме пад Мінскам не сыходзіць з нацыянальных і сусветных медыя. Асноўная версія: удзельнікі плана «Перамога» вывелі са строю найважны расійскі самалёт А-50, піша «СНплюс».
Як бачыцца гэтая гісторыя палітычнаму дзеячуСяргею Бульбе?
— Я лічу сябе разумным чалавекам, таму не хапаюся за эмацыйную версію. Я зыходжу з таго, што магчыма і каму гэта выгадна.
Гісторыя з Мачулішчамі вельмі нагадвае інцыдэнты ў расійскім Энгельсе: на мясцовым аэрадроме стаялі самалёты дальняга дзеяння, куды ўкраінцы здолелі дабрацца ўжо двойчы. Пры гэтым працавалі не штатнымі дронамі, не дронамі заводскай вытворчасці, а сабранымі на каленях дзе-небудзь у гаражы, гэта значыць, параметры і характарыстыкі дронаў невядомыя шырокаму колу.
Вы ж разумееце, што рускія таксама не спяць у шапку, а вывучаюць зброю праціўніка: якім сродкам радыёлакацыйнай барацьбы яго глушыць, чым збіваць. Выходзіць, самаробнымі дронамі, сабранымі калектывам энтузіястаў, удалося больш эфектыўна дабрацца да Энгельса.
Як мы бачым, Украіна не спяшаецца пацвярджаць сваю датычнасць да ўдараў ні па Крымскім мосце, ні па іншых аб'ектах: сапраўды, бавоўна-бавоўна, але такая свавольная бавоўна… Часам марыць яшчэ і распладзіцца, баваўнятак распусціць. Хаця менавіта ўкраінскі след у здарэнні ў Мачулішчах мне падаецца найбольш верагоднай версіяй.
Лукашэнку зараз здарэнне ў Мачулішчах таксама вельмі выгаднае, як гэта ні дзіўна гучыць.
Глядзіце, два расійскія А-50 базаваліся ў Баранавічах і з пачатку мінулага года вельмі эфектыўна выкарыстоўваліся. Штодзённа, змяняючы адзін другога, без прыкрыцця баявых летакоў шорхаліся над беларускай тэрыторыяй, саму мяжу не перасякалі — каб не атрымаць у бок супрацьпаветраную ракету, але ўвесь час маніторылі сітуацыю, выдавалі цэлі-ўказанні, наводзілі сродкі паражэння. Украіна не адказвала ўдарамі па аб'ектах на беларускай тэрыторыі.
Але рускія надта ўжо асмялелі. Дый Мінск не ў захапленні ад той смеласці; напэўна, міністэрства абароны атрымлівае больш інфармацыі пра перамяшчэнне расійскіх войскаў з тэлеграм-каналаў, чым ад «саюзнічка».
— Але якія менавіта козыры дае Лукашэнку інцыдэнт у Мачулішчах?
— Ён паказвае, што для расійскіх войскаў небяспечна знаходзіцца на беларускай тэрыторыі. Яны ж разумеюць: калі дроны прайшлі праз РЭП, праз супрацьпаветраную абарону, то гэтыя дроны зробленыя з улікам досведу ўкраінскай вайны. Відавочна, што і ў Мінску, і ў Маскве будуць шукаць украінскі след, а Лукашэнка цяпер можа сказаць Пуціну: дабраліся ўжо і да маіх аэрадромаў.
Беларускі рэжым вельмі настойліва дабіваўся візіту ў Кітай. Такое ўражанне, што Лукашэнка ездзіў мяняць аднаго саюзніка на другога: Пуціна яшчэ можна трохі падаіць, але больш ад яго ніякай карысці.
Дарэчы, я задаваўся пытаннем: якім чынам удалося дабіцца, каб Расія не запускала свае ракеты па Украіне з беларускай тэрыторыі. Адказ толькі адзін — Кітай. Як бы там ні было, а Беларусь сёння з'яўляецца стратэгічным партнёрам Кітая, хаця нават Расія такой не з'яўляецца. Мінску гэта спадабалася.
Такое ўражанне, што Мінск будзе дамагацца, каб менавіта Кітай выступіў гарантам непаглынання Беларусі.
— А што з гэтага атрымае Кітай?
— Вялікае пытанне, у які ламбард зноў закладваецца краіна.
Кітаю мы былі цікавыя толькі як транспартны хаб, як брамка ў Еўропу. Але Польшча зараз прыкрывае яе. Убачым: калі хутка вызваляць Анджэя Пачобута і здымуць хатні арышт з Анджэлікі Борыс, гэта будзе сведчыць пра тое, што ў Пекіне пра нешта дамовіліся і транспартны хаб пачне развівацца далей.
— Лукашэнка адзіны выгадаатрымальнік ад гісторыі ў Мачулішчах?
— Чаму адзіны? Дагэтуль Украіна прытрымлівалася адной канцэпцыі: калі лупане хаймарсамі па расійскіх аб'ектах на беларускай тэрыторыі, то гэта можа даць Лукашэнку нагоду ўвесці свае войскі ва Украіну. Але цяпер пазіцыя мяняецца, і здарэнне ў Мачулішчах трэба разглядаць як прамацовачны варыянт: А-50 знаходзіўся на беларускім ваенным аб'екце, але пасля ўдару пацярпеў толькі расійскі лятак, і больш нічога.
— Тады навошта спатрэбілася ўся шуміха з беларускім следам?
— Масква паказвае пальцам на Кіеў, Кіеў пераводзіць стрэлкі на беларусаў — і ўсіх усё задавальняе. Арганізацыя Азарава больш за ўсіх падскоквае: ёсць нагода нагадаць пра сваё існаванне.