Дапыталі маці, забралі медаль «100 гадоў БНР». Сяргей Бульба расказаў пра ператрус у сваякоў
Падчас учорашняга ператрусу ў сваякоў заснавальніка «Белага Легіёну» Сяргея Бульбы сілавікі забралі медаль «100 гадоў БНР» і дыплом ад Рады БНР. Да таго ж вынеслі некалькі кніг. Навошта сілавікам яго медаль, Бульба не ведае. Але прызнае, што гэта дарагая для яго рэч.
Бульба не быў у
Беларусі ўжо пяць гадоў. Гэта не перашкодзіла сілавікам прыйсці з ператрусам да
яго сваякоў. Яго 77-гадовую маці забралі проста з лецішча пад Валожынам. Пра
гэта Бульба даведаўся з паведамлення ў мэсэнджары ад сястры.
— Сястра
напісала, што прыходзіў ГУБАЗІК, што быў допыт, што запісалі нейкае відэа. Я
перш здзівіўся і нават вырашыў, што акаўнт сястры ўзламалі, што піша нехта
іншы. Папрасіў паўтарыць усё таксама самае голасам, каб я пераканаўся, што гэта
яна. Сапраўды — яна, — расказаў Сяргей Бульба«Еўрарадыё» на
наступны дзень.
Яго сястру
забралі з працы, маці — прывезлі дахаты з лецішча. Па адрасе прапіскі ўчынілі
ператрус.
— Што маці, што
сястра — абедзве былі ў цяжкім псіхалагічным стане. Сёння мама трошкі адышла ад
гэтага, мы пагаварылі. Папрасіў зразумець, што я змушаны ўсё гэта агучваць, каб
гэта не стала нормай. Мама кажа, яе прымусілі запісаць кароткае відэа, на якім
яна называе сваё імя і просіць мяне не займацца тым, чым займаюся. Ніякага
пакаяння там няма.
Бульба
прызнаецца, што не чакаў візіту сілавікоў да яго блізкіх. У апошні раз
ператрус, калі «ўсіх паставілі на вушы», у Бульбы праводзілі ў 2007 годзе. А
пасля, кажа ён, «сваякоў ніхто не чапаў».
— Я з 14-га года
ва Украіне. Яны маглі прыйсці раней. Але дайшлі чамусьці толькі цяпер. Чаму?
Якія такія мае актыўнасці іх натхнілі прыйсці менавіта цяпер? Магчыма, справа ў
тым, што я цяпер актыўна выступаю на ўкраінскіх тэлеканалах, дзе імкнуся
данесці, што Лукашэнка не суб'ект палітыкі. Магчыма, гэта іх так
зачапіла?