Сяргей Бульба: Не выключаю, што Кіеў перадаў КДБ інфармацыю пра добраахвотнікаў

Заснавальнік арганізацыі «Белы Легіён» Сяргей Бульба, паспавёў, што, магчыма, Кіеў перадаў інфармацыю КДБ.



Сяргей Бульба (Сяргей Чыслаў)

Сяргей Бульба (Сяргей Чыслаў)

29 сакавіка 2014 года, у часе калі Крым ужо быў акупаваны расійскім спецназам, і на чарзе быў Данбас, тагачасны выконваючы абавязкі прэзідэнта Украіны Аляксандр Турчынаў сустрэўся з кіраўніком Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам. Афіцыйна гаворка вялася пра супрацу і пра абмен меркаваннямі аб сітуацыі вакол Украіны.

На днях Турчынаў даў інтэрв’ю ўкраінскаму выданню «Гардон», дзе прызнаўся, што Лукашэнка абяцаў яму, што праз Беларусь расійскія войскі на Кіеў не пойдуць. Пра наступствы гэтага інтэрвʼю, ды пра аспекты ўкраінска-беларускай супрацы “Белсат” гаворыць з госцем «Гарачага каментара», заснавальнікам арганізацыі «Белы Легіён» Сяргеем Бульбам (Сяргеем Чыславым).

«Добраахвотнікі — такая спецыфічная публіка, звычайна яны любяць публікаваць у сацыяльных сетках здымкі саміх сябе. Але ж сярод іх былі і больш-менш разумныя, як хлопец з Віцебску на пазыўны «Беларус» — ён у складзе «Азову» ваяваў. Ён акурат быў дужа разумны. Ён нідзе не свяціўся, ён разумеў, што хоча пасля гэтага вярнуцца дамоў. Але чамусьці, як толькі ён вярнуўся ў Віцебск, ён быў літаральна праз некалькі дзён арыштаваны. Натуральна, тады ва ўсіх нас узнікла думка, што ўсё ж такі ўкраінскі бок перадаў усю інфармацыю па беларусах, якія ўдзельнічалі, менавіта нашаму КДБ. Мы не можам выключаць гэтага (што Кіеў перадаў інфармацыю КДБ)», — заявіў Сяргей Бульба.

Таксама ён выказаўся і пра планы наконт стварэння беларуска-ўкраінскага тэлеканала:

«Я асабіста прыклаў багата намаганняў, шукаў праз каго пралабіяваць у свой час, каб усё ж такі ў Беларусі мы маглі глядзець украінскае тэлебачанне. Дайшло да таго, што дырэктар аднаго з украінскіх каналаў пралабіяваў перад Парашэнкам, і Парашэнка ўсё ж такі гэтую думку давёў да Лукашэнкі. І нават у свой час абмяркоўвалі сумесны беларуска-ўкраінскі тэлеканал. У выніку ўвесь апарат Лукашэнкі, усе гэтыя ягоныя «ананічы», «давыдзькі», зрабілі ўсё, што ад іх залежыць, каб гэта не адбылося. Гэта нават не Масква — яны не Масквы палохаліся. Для іх Украіна гэта Майдан і ўсё, што з гэтым звязана, — яны больш гэтага палохаліся».

belsat.eu