«Cведкі стабільнасці гатовы верыць у светлую будучыню ў тэлевізары, але рызыкаваць дзеля яе сваімі грашыма — не вельмі»
Аўтар тэлеграм-канала «Лісты да дачкі» піша пра тое, як у Беларусі не спрацавалі нават няўмольныя законы статыстыкі. А ўсё таму, што рэпутацыя ў беларускіх улад не вартая даверу нават для «статыстычнай хібнасці».
![_ranica___tuman___horad___park___roznae__fota__novy_czas__1__logo.jpg _ranica___tuman___horad___park___roznae__fota__novy_czas__1__logo.jpg](/img/v1/images/_ranica___tuman___horad___park___roznae__fota__novy_czas__1__logo.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Не буду сёння казаць, што здарылася. Мне здаецца, важнейшае тое, чаго за гэтыя некалькі дзён не здарылася.
Ну, па-першае, Самалёт-З-Якім-Нічога-Не-Здарылася так і не вярнуўся назад. Гэта, праўда, не асабліва вялікі сюрпрыз. Нам з табой ва ўсіх тэлевізарах распавялі ў выдатных падрабязнасцях, што менавіта з ім не здарылася і калі. Так што зразумела было, што вернецца ён не хутка.
Вось для мяне значна больш дзіўна, што не знайшлося жадаючых вярнуцца сярод ворагаў стабільнасці, якія з'ехалі. А прайшоў ужо месяц, як ім прапанавалі пакаяцца. Учора з нагоды гэтага маленькага юбілею спецыяльная камісія нават запусціла адмысловы сайт. Праўда, камісія ўчора шэптам пахвалілася, што ў іх ёсць 23 звароты. Але сярод гэтых зваротаў няма «ніводнага адпаведнага ўсім умовам». Таму, улічваючы, што ў самым першым выпадку гэтая камісія пераблытала пакаянне з журналісцкім запытам, можна сабе ўявіць, якімі словамі да іх там звярталіся.
І калі гаворка ідзе пра сто тысяч чалавек, то, скажам, дзясятая доля працэнта ад іх — гэта ўжо сто чалавек. Гэтую дзясятую долю працэнта ў статыстыцы ніхто ніколі не ўлічвае, таму што яна нікчэмна малая нават у параўнанні з трохпрацэнтнай статыстычнай хібнасцю. Але тэлевізару ж хапіла б і яе. Ды яму, у сэнсе тэлевізару, і сотай долі адсотка хапіла б. Але вось аказалася, што тут нават законы вялікіх лічбаў не працуюць.
Хоць я ўпэўнены, што некаторая колькасць жадаючых пакаяцца ўрэшце знойдзецца. Няўмольныя законы статыстыкі і магія вялікіх лічбаў. А калі гэтая магія раптам не спрацуе і жадаючых каяцца не знойдзецца, то ўлады сабе гэтых жадаючых самі прыдумаюць. Напэўна ж, у іх ёсць за мяжой якія-небудзь спецыяльна навучаныя людзі, якіх можна выдаткаваць дзеля такой грамадска значнай працэдуры, як публічнае пакаянне.
Таму што працэдура пакаяння тых, хто ні ў чым не вінаваты, задумана, вядома, не для тых, хто з'ехаў, і не з нейкіх там меркантыльных меркаванняў. Яна задумана дзеля душэўнай раўнавагі сведак стабільнасці. Каб вораг у слязах, соплях і на каленях. А інакш, колькі ты не перамагай, упэўненасці ў заўтрашнім дні не дадаецца.
Вось аўкцыён па продажы кватэры Сяргея Ціханоўскага, які не здарыўся ўчора, — яскравая таму ілюстрацыя. Кватэру выставілі па цане ніжэйшай за рынкавую, але жадаючых паўдзельнічаць неяк не знайшлося.