Альфрэд Кох: Размяшчаючы ядзерную зброю ў Беларусі, Пуцін паслаў Сі Цзіньпіна на тры літары
Былы расійскі віцэ-прэм'ер, які цяпер жыве ў Германіі, разважае пра халодны душ для Пекіна. На яго думку, Кітаю цяпер варта тройчы падумаць, чым надалей мець справы з Пуціным.
— Сёння МЗС Кітая даволі мудрагеліста, але выказаў сваё здзіўленне з нагоды пуцінскай пастановы аб размяшчэнні ядзернай зброі ў Беларусі, — піша Альфрэд Кох. — Мне здаецца, яны знаходзяцца ў некаторым здзіўленні ад таго, як Пуцін гэтай пастановай паслаў іх лідара Сі Цзіньпіна на тры літары.
(Спікер МЗС КНР сёння заявіў: «У студзені мінулага года лідары пяці дзяржаў, якія валодаюць ядзернай зброяй, апублікавалі сумесную заяву, у якой пацвердзілі, што ядзерная вайна не можа быць выйграна і ніколі не павінна весціся, і падкрэслілі важнасць прадухілення вайны паміж дзяржавамі, якія валодаюць ядзернай зброяй, і зніжэння стратэгічных рызык. У цяперашніх абставінах усе бакі павінны засяродзіцца на дыпламатычных намаганнях, накіраваных на мірнае ўрэгуляванне ўкраінскага крызісу, і працаваць разам для дээскалацыі» — НЧ.).
Яны такога ніколі дагэтуль не бачылі і, напэўна, не верылі, што такое наогул магчыма. Але нічога, няхай прывыкаюць да свайго стратэгічнага саюзніка. Ён у іх такі.
Заўтра-паслязаўтра будзе пасяджэнне Рады Бяспекі ААН праз размяшчэнне расійскай ядзернай зброі ў Беларусі. У Кітая будзе выдатная магчымасць паказаць сваё стаўленне да дэманстратыўнага пляўка Пуціна ў ягоны бок.
Ну, канешне: усяго толькі тыдзень таму Сі Цзіньпін падпісаў сумесную з Пуціным заяву аб неразмяшчэнні ядзернай зброі ў трэціх краінах, і — на табе…
Калі хтосьці збірае кааліцыю супраць заходніх дэмакратый, заўсёды даводзіцца мець справу з такога кшталту персанажамі, як Пуцін. То Кадафі быў, то Хусейн, то Асад. А яшчэ былі Чавес або наркагандляр Кастра. Вельмі цяжкая публіка. У любую хвіліну могуць кінуць. Навошта гэта Кітаю? Сорак гадоў ён рос на гандлі з Захадам, навошта яму спатрэбілася нешта мяняць? Розуму не дабяру.
Кітай павінен, нарэшце, зразумець, што, выбіраючы саюз з Пуціным, ён выбірае бок, які стратэгічна ўсё роўна прайграе. А заўсёды больш выгадна быць на баку пераможцаў.