Філіп Біканаў: Лукашэнку будзе значна цяжэй прапятляць між кроплямі

Пасля заявы Пуціна пра размяшчэнне ядзернай зброі на тэрыторыі Беларусі з’явілася шмат розных меркаванняў х усіх бакоў. І толькі беларуская ўлада пакуль што нічога ўцямнага не сказала.

Фота ТАСС

Фота ТАСС


У сусветнай прэсе пішуць пра тое, што Крэмль «узяў Беларусь у закладнікі» і магчымыя новыя санкцыі. Шэраг аналітыкаў гаворыць пра новы віток ядзернага шантажу, а некаторыя, наадварот, мяркуюць, што гэта стане падарункам Лукашэнку на будучыню.

Афіцыйны ж Мінск робіць выгляд, што нічога надзвычайнага не адбываецца. «Пул Першага», напрыклад, удакладніў, што гаворка пра размяшчэнне ў Беларусі расійскай ядзернай зброі ішла яшчэ ўвосень 2021-га і паўтарыў пра «люстэркавы адказ» на магчымую атаку міфічных ворагаў.

Але ёсць і яшчэ адзін бок, рэакцыя якога надзвычай важная — самі беларусы. Сацыялагічнае апытанне Chatham House, праведзенае летась, паказала, што больш як 80% беларусаў выступаюць супраць размяшчэння расійскай ядзернай зброі ў нашай краіне. Такі значны антыядзерны кансенсус, параўнальны хіба з антываенным настроем, агульным для большай часткі насельніцтва, незалежна ад палітычных пераваг.

Ці ўсведамляюць беларускія ўлады, што ядзернымі (пакуль вербальнымі) інтэрвенцыямі капаюць самі пад сябе, разбураючы наратыў пра «выспу стабільнасці і мірнае спакойнае жыццё»? Ці зможа прапаганда «прадаць» размяшчэнне ядзернай зброі, каб супакоіць беларусаў, настроеных супраць гэтых захадаў? А калі збіць негатыў не атрымаецца — ці варта чакаць змяншэння падтрымкі Лукашэнкі і росту незадаволенасці ў грамадстве?

Пра гэта ў «Філін» паразмаўляў з незалежным сацыёлагам Філіпам Біканавым.

— Ці разумеюць улады, што разбураюць уласны наратыў — сказаць няпроста, — гаворыць Філіп Біканаў. — Нам усім падавалася, што яны і іншыя рэчы разумеюць. У 2020-м яны таксама хіба разумелі, што большасць супраць іх, але ўсё адно пачалі дзейнічаць звыклым чынам, і мы бачым, як сталася ў выніку.

Можа, расіяне проста паставілі перад фактам: завозім да вас ядзерную зброю, — і выбару ў беларускіх уладаў ніякага няма. І яны мо не хочуць абрушаць уласны наратыў і ісці супраць антываеннага кансенсусу — але, я перапрашаю, «старэйшы брат» сказаў, што ты тут запярэчыш…

У любым выпадку, зазначае сацыёлаг, рашэнне ўжо агучанае. Хоць, заўважым, названая толькі дата заканчэння будаўніцтва сховішча для зброі (1 ліпеня), а калі сама зброя будзе завезеная, у якой колькасці, пэўнасці няма.

Цалкам можа быць, што гэты працэс рэжым паспрабуе «размазаць» па часе — маўляў, нічога яшчэ не завезлі, толькі абвясцілі аб дасягненні дамоўленасці. Гэтак сама ў іх, па сутнасці, атрымалася не тое каб схаваць, але зрабіць не відавочным для значнай часткі грамадства, што Беларусь — саўдзельніца Расіі ў вайне, што тэрыторыямі карысталіся для бамбардзіровак. Калі ў красавіку 2022 года Chatham House замяраў настроі ў грамадстве — хіба толькі палова беларусаў ведала, што Беларусь — удзельнік у вайне.

— Так і тут: пагадзіліся на сховішча, а на зброю, і якую менавіта, — пагадзіліся ці не? Яе прывезлі ці не? Як, калі гэта будзе? Што пра гэта наогул сказалі беларускія ўлады? Нават людзям, якія сочаць за сітуацыяй, пакуль незразумела да канца, што будзе — і гэтай незразумеласцю, трэба прызнаць, улады ўмеюць карыстацца.


Як прапаганда можа патлумачыць людзям працяг мілітарызацыі Беларусі, каб пазбегчы росту негатыўных настрояў да рэжыму? Месэджаў тут, мяркуе сацыёлаг, не тое каб багата:

— Будуць паўтараць, што пагроза існуе — па-першае, з Польшчы ўвесь час НАТО «лязгае гусеніцамі», па-другое, з Украіны дыверсанты заязджаюць, ці баевікі — хто там, паводле прапаганды, у Мачулішчах здзейсніў атаку? То-бок, Лукашэнка да іх на трактары а яны да яго — на танку, нешта такое і будуць казаць, каб «прадаць» аўдыторыі.

Іншых варыянтаў няма — толькі «ўпакаваць» размяшчэнне расійскай зброі як абарону беларускай стабільнасці, як гарантыю таго, што на Беларусь ніхто не нападзе. Таму што наўпрост казаць — соры, мы цяпер тут будзем хосціць ядзерную зброю Расіі — будзе відавочна горш, чым абгрунтоўваць нейкія абаронныя дзеянні.

А калі ўсё ж такі не атрымаецца наноў праспяваць песню пра «мірных людзей», у якіх «бронецягнік на запасным шляху», — ці справакуе гэта рост незадаволенасці рэжымам і новых пратэсных настрояў?

— Пажаданне без’ядзернага статусу — гэта частка антываеннага кансенсусу, але, думаю, пакуль у Беларусі не пачне нешта ўзрывацца, то ніякіх праблем у рэжымаў з магчымымі пратэстамі не будзе.

Антываенны кансенсус мог бы стаць пэўным мабілізуючым грамадства фактарам, калі б ён відавочна парушыўся — больш за тое, парушыўся відавочна праз Лукашэнку. Пакуль жа шмат незразумелых момантаў.

Людзі, канешне, не будуць гэтаму рады — асабліва тыя, хто чытае навіны, хто трохі абазнаны ў сітуацыі. Але ці выльецца незадаволенасць у нешта большае? Не думаю, што расійская зброя стане для беларусаў больш рэлевантнай за ўнутраныя праблемы, кшталту эканомікі.

Лукашэнка ў пэўным сэнсе заклаў бомбу пад сябе, але гэта не так відавочна і не так наўпрост, як мы цяпер абмяркоўваем, быццам прыйдуць людзі і знясуць рэжым.

Аднак калі міжнародная супольнасць будзе канчаткова вырашаць «расійскую праблему», а расійская ядзерная зброя будзе на тэрыторыі Беларусі, то Лукашэнку будзе значна цяжэй прапятляць між кроплямі.