Бомба пад беларускі стоп-кран

Размяшчэнне расійскай ядзернай зброі ў Беларусі моцна памяншае шанцы ўладаў аб чым-небудзь сепаратна дамовіцца з Захадам, калі бронецягнік старэйшага хаўрусніка пойдзе пад адхон, — разважае аўтар тэлеграм-канала «Лісты да дачкі».

_belarus_horad_ljudzi_2022_fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas_logo.jpg

Паколькі наземная інтэрвенцыя пайшла па поўным плане і наперадзе замаячыла перспектыва адмоўнага наступу ў бок Крыма, расійскія ўлады вырашылі нанесці ўдар па ворагу там, дзе ў іх гэта атрымліваецца лепш за ўсё. Вербальнымі інтэрвенцыямі ў віртуальнай прасторы.

Таму што ў віртуальнай прасторы вербальных інтэрвенцый другая армія свету ўжо даўно ўзяла Кіеў за тры дні. І, калі расповеды пра ядзерны попел больш не дзейнічаюць, дык Пуцін абвясціў, што да лета размесціць у Беларусі тактычную ядзерную зброю.

Але за год вайны на Захадзе ўжо выпрацаваўся імунітэт да вербальных інтэрвенцый. Занадта часта старэйшы саюзнік абяцаў ператварыць увесь свет у ядзерны попел.

Хто хацеў спалохацца, той ужо спалохаўся, а потым стаміўся баяцца. Таму, для спецыяльнай аперацыі практычныя наступствы будуць прыкладна такімі ж, як пагрозы затапіць Вялікабрытанію. Гэта значыць, ніякімі.

А вось беларускім уладам, як на маю думку, дык варта пачынаць баяцца. (Зрэшты, яны, мяркуючы па ўсім, не пераставалі баяцца з 2020 года). Вось у ранейшыя, даваенныя часы, наяўнасць ядзернай бомбы ў межах крокавай даступнасці, магла б, вядома, забяспечыць беларускім уладамі надзейныя гарантыі бяспекі. Таму што ў даваенныя часы Захад знаходзіўся ў стане шчаслівай летаргіі і пры любой нагодзе аддаваў перавагу лішні раз не рызыкаваць, а шукаць кампрамісы.

Аднак жа саюзнікі за гэты год зрабілі ўсё, каб яго ад летаргічнага сну абудзіць. І ў гэтай новай рэальнасці ядзерная зброя насамрэч стварае для беларускіх уладаў толькі новыя, яшчэ большыя, рызыкі.


А ўсе таму, што Захад нарэшце засвоіў: дамаўляцца з хаўруснікамі — зусім бескарысны занятак. Таму перспектыва размяшчэння ў Беларусі ядзернай бомбы не стане падставай для таго, каб шукаць кампрамісы, аднак можа стаць стымулам, каб знайсці спосабы ліквідацыі пагрозы.

Прынамсі, для бліжэйшых беларускіх суседзяў. Вось беларускі тэлевізар, хоць яшчэ нават не атрымаў у свае рукі ядзерную бомбу, аднак ужо прыгразіў расплавіць Варшаву і затапіць Вільню.

Так што я маю падставы падазраваць, што ў Варшаве і Вільні можа ўзнікнуць спакуса зрабіць што-небудзь прэвентыўнае, каб паклапаціцца пра сваю бяспеку.

Ну і, вядома, размяшчэнне ядзернай зброі моцна памяншае шанцы беларускіх уладаў аб чым-небудзь сепаратна дамовіцца з Захадам, калі бронецягнік старэйшага хаўрусніка пойдзе пад адхон.

Вось калі раптам у малодшага саюзніка паўстане спакуса тузануць стоп-кран і сысці на паўдарогі, то цяпер яму пад гэты стоп-кран падклалі бомбу.