У Маскве пры дапамозе беларускай сістэмы распазнавання твараў «Kipod» арыштоўваюць пратэстоўцаў

Улады Расіі выкарыстоўваюць сістэмы відэаманіторынгу і распазнавання асоб для выяўлення апазіцыйна настроеных грамадзян, ціску на іх і для арыштаў, піша «Люстэрка» са спасылкай на расследаванне «Reuters». Асабліва шырока гэта практыка ўжываецца ў Маскве.

kot_4_logo.jpg

 

У ліку сістэм, якія былі задзейнічаны ў рэпрэсіях супраць пратэстоўцаў у РФ, ёсць і беларуская «Kipod» ад кампаніі «Synesis». Пра гэта гаворыцца ў расследаванні агенцтва «Reuters».

Пра запуск адной з найбуйнейшых у свеце сетак відэаназірання з распазнаваннем твараў у Маскве заявілі яшчэ ў 2017 годзе. Ужо тады па горадзе былі ўсталяваны 160 тысяч камер, 3 тысячы з якіх былі падлучаны да сістэмы распазнавання.

Журналісты агенцтва «Reuters» прааналізавалі больш за 2000 судовых спраў і прыйшлі да высновы, што гэтыя камеры адыгралі важную ролю ў арыштах сотняў пратэстоўцаў і праціўнікаў улады. Большасць былі затрыманы ў 2021 годзе пасля антыўрадавых пратэстаў.

Аднак, як высветлілі журналісты, з пачатку вайны ўлады сталі значна больш актыўна выкарыстоўваць распазнаванне твараў для прэвентыўных затрыманняў «нядобранадзейных» грамадзян, каб прадухіліць іх удзел у пратэстах. Так, сістэмы відэаманіторынгу выкарыстоўваюцца для «зачысткі» апазіцыйна настроенай грамадскасці.

Толькі ў праваабарончай групы «ОВД-Інфа» маюцца даныя аб затрыманні ў 2022 годзе як мінімум 141 чалавека дзякуючы сістэме распазнавання твараў.

Агенцтва «Reuters» расказала гісторыю аднаго з іх — 51-гадовага банкаўскага работніка Аляксандра Чарнышова. Мужчыну затрымалі ўпершыню праз тыдзень пасля яго антываеннага адзіночнага пікету ў цэнтры Масквы. Паліцыянты схапілі яго адразу пасля ўваходу на станцыю метро і растлумачылі, што ён трапіў на камеру і сістэма распазнала яго: ён быў пазначаны для затрымання з-за яго палітычнай актыўнасці. Пасля Аляксандра затрымлівалі яшчэ не раз і папярэджвалі, што яму лепш устрымацца ад удзелу ў пратэстах і падумаць пра свайго маленькага сына. У верасні яго ноч пратрымалі ў камеры ў кайданках і білі электрашокерам, не давалі вады і не пускалі ў прыбіральню.

Такіх, як Чарнышоў, рэгулярна затрымліваюць прэвентыўна — у дні свят, напярэдадні пратэстаў, у перыяды незадаволенасці ў грамадстве (напрыклад, пасля абвяшчэння мабілізацыі), па вяртанні з паездак і гэтак далей. Усяго агенцтва апытала 29 расіян, якіх паліцыя спыняла ў метро. Гэта былі розныя людзі, большасць ехала па сваіх звычайных справах. Але ўсе яны былі настроены крытычна да ўлады, і большасць раней удзельнічалі ў пратэстах.

28 чалавек распавялі, што зразумелі са слоў афіцэраў, што іх пазначылі для затрымання з дапамогай сістэмы распазнавання твараў. Затрыманых ні ў чым не абвінавацілі, проста трымалі ў міліцыі і папярэджвалі аб няўдзеле ў пратэстах. Некаторых з іх, у тым ліку Чарнышова, пастаянныя затрыманні і пагрозы турмой вымусілі пакінуць Расію.


Як высветліла «Reuters», сістэма распазнавання твараў у Маскве працуе на аснове праграмнага забеспячэння трох расійскіх і адной беларускай кампаніі. Мэрыя Масквы ў 2021 годзе паведамляла аб выкарыстанні алгарытмаў ад фірмаў «NtechLab» (з 2018 года часткова належала Растэху), «VisionLabs» (належыць МТС і мае штаб-кватэру ў Нідэрландах) і «Tevian» (кампанія па штучным інтэлекце, заснаваная супрацоўнікамі МДУ).

На запыты «Reuters» у «VisionLabs» пацвердзілі, што забяспечваюць распазнаванне твараў у Маскве праз нейкі трэці бок яшчэ з 2018 года, але аб выкарыстанні тэхналогій кампаніі ў якіх-небудзь сумніўных мэтах ім невядома.

У «NtechLab» сказалі, што з 2022 года іх праграмнае забеспячэнне не выкарыстоўваецца ў маскоўскім метро, і адзначылі, што ў цэлым заказчык сам кіруе праграмным забеспячэннем.

«Tevian» не адказаў на запыты пракаментаваць сітуацыю.

Таксама журналісты «Reuters» знайшлі на расійскім сайце дзяржзакупак у кантрактах на закупкі, апублікаваных у 2022 годзе, дадатковую тэхнічную інфармацыю аб маскоўскай сістэме распазнавання твараў. Агенцтва сцвярджае, што выяўленыя звесткі паказваюць, што ўлады Масквы выкарыстоўваюць не толькі платформы «Luna» ад «VisionLabs», «FindFace» ад «NtechLab» і «FaceSDK» ад «Tevian», але і праграмнае забеспячэнне для распазнавання твараў «Kipod», распрацаванае беларускай кампаніяй «Synesis». Яна, нагадаем, знаходзіцца пад санкцыямі ЗША, ЕС і Вялікабрытаніі за прадастаўленне «Kipod» уладам Беларусі, якія выкарыстоўваюць сістэму для рэпрэсій і падаўлення пратэстаў.

У кампаніі «Synesis» адмовіліся каментаваць прымяненне іх распрацовак у Маскве.

Таксама «Reuters» накіравала запыты ў мэрыю Масквы і МУС Расіі, але яны былі пакінуты без адказу.

Агенцтва адзначае, што і расійскія кампаніі, і беларуская «Synesis» выкарыстоўваюць у працы працэсары «Intel» і графічныя працэсы «Nvidia», якія робяць працу сістэм больш хуткай. Напрыклад, на сайце «Intel» паўгода таму паведамілі, што «Synesis» у 2019 годзе пачала выкарыстоўваць працэсары «Intel» для павышэння прадукцыйнасці сваёй платформы «Kipod», якая ўжываецца сілавікамі. Аднак гэтыя амерыканскія вытворцы не павінны пастаўляць свае чыпы ў Расію і Беларусь праз санкцыі ЗША.

У адказ на запыт журналістаў «Nvidia» і «Intel» заявілі, што спынілі ўсе пастаўкі ў Расію яшчэ ў сакавіку 2022 года пасля таго, як ЗША зрабілі больш жорсткімі экспартныя абмежаванні. Аднак яны дадалі, што не заўсёды могуць ведаць, як выкарыстоўваюцца іх прадукты. Таксама яны заявілі, што настойваюць на тым, каб усе іх кліенты таксама выконвалі санкцыі, і калі даведаюцца аб парушэннях з іх боку і перапродажы чыпаў у Расію, то гатовы разарваць адносіны з такімі пакупнікамі.

Тым не менш, як высветліла «Reuters», з красавіка да кастрычніка 2022 года ў Расію праз трэціх асоб прыбыло не менш за 129 партый прадукцыі «Nvidia», а таксама прадукцыя «Intel» на суму не меншую за 457 мільёнаў долараў.

 Пераклад «НЧ»