Пуцін падстаўляе пад удар Беларусь, каб уратаваць РФ?
Які палітычны матыў Пуціна ў размяшчэнні ядзернай зброі ў Беларусі?
Ці магчыма тэхнічна, каб да ліпеня сховішча для ядзернай зброі ў Беларусі было цалкам збудавана, абсталявана ці адноўлена? Які вайскова-стратэгічны сэнс для Крамля ва ўводзе ядзернай зброі ў Беларусь, калі ёсьць Калінінградзкі пляцдарм? Які палітычны матыў Пуціна ў разьмяшчэньні ядзернай зброі ў Беларусі?
На гэтыя пытаньні Юрыя Дракахруста на канале «Св*бода Premium» адказвае расейскі вайсковы аналітык Юры Фёдараў.
— 25 сакавіка прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін абвясьціў, што Расея вяртае ў Беларусь тактычную ядзерную зброю. Паводле Пуціна, да 1 ліпеня ў Беларусі зьявіцца сховішча для ядзернай зброі.
Аляксандар Лукашэнка яшчэ ў лістападзе 2021 году ў інтэрвію расейскаму прапагандысту Дзьмітрыю Кісялёву заявіў пра магчымасьць вяртаньня расейскай ядзернай зброі. Ён тады сказаў, што як дбайны гаспадар нічога не разбурыў: «Усе „хлявы“ стаяць на месцы».
Ці магчыма за 3 месяцы збудаваць ці мадэрнізаваць гэтыя „хлявы“?
— Думаю, што гэта быў жарт Лукашэнкі — наконт «хлявоў». Гэта падземныя бэтанаваныя, добра абароненыя бункеры. Але яны павінны быць аснашчаныя дастаткова складаным абсталяваньнем. Наколькі я разумею, яно зь Беларусі было вывезенае.
Думаю, што за 3 месяцы можна даставіць у Беларусь неабходнае абсталяваньне і змантаваць на адным з былых аб’ектаў захоўваньня і абслугоўваньня ядзернай зброі. Тэхнічна гэта магчыма.
Я мяркую, што калі б працы на гэтых абʼектах пачаліся раней, пра гэта было б вядома. Яны ўвесь час знаходзіліся і знаходзяцца пад назіраньнем (прынамсі, са спадарожнікаў).
У Чэхіі ёсьць адно такое былое савецкае падземнае сховішча ядзерных боепрыпасаў. Яно пакідае вельмі сумнае ўражаньне. Там ніякага абсталяваньня няма, тырчаць кавалкі дроту. Нешта падобнае, напэўна, засталося і ў Беларусі, — можа, і не адзін такі абʼект. У Расеі іх называюць «абʼект С» 12-га галоўнага ўпраўленьня Міністэрства абароны.
— Іншымі словамі, паводле вас, гэтая заява Пуціна — ня чысты блеф, за тры месяцы ўзьвесьці сховішча і перакінуць туды ядзерную зброю тэхнічна магчыма?
— Так. Гэта ня поўная хлусьня. Тэхнічна гэта магчыма. Гэта блеф у тым сэнсе, што ён спрабуе чарговы раз запалохаць прывідам ужываньня ядзернай зброі ў выпадку канфлікту з NATO, а можа, і ў выпадку эскаляцыі канфлікту ва Ўкраіне.
— У адным камэнтары на гэтым тыдні вы сказалі, што з чыста вайсковага пункту гледжаньня вялікага сэнсу ў разьмяшчэньні ядзернай зброі ў Беларусі няма. Няма з пункту гледжаньня расейскага Генштабу. Вы тлумачылі, што ёсьць Калінінградзкая вобласьць, дзе можа паставіць гэтую зброю, і адтуль будзе бліжэй і да Бэрліну, і да Варшавы, чым зь Беларусі. Але да Кіева, скажам, бліжэй зь Беларусі.
— Максымальная далёкасьць расейскіх ракет «Іскандэр» — каля 500 кілямэтраў. Калі зь Берасьця правесьці круг радыюсам 500 кілямэтраў, у параўнаньні з такім жа кругам з цэнтрам у Калінінградзе зона паражэньня ў Цэнтральнай Эўропе крыху пашырыцца.
Гэтая зона з цэнтрам у Берасьці амаль дасягне гораду Острава на ўсходзе Чэхіі, захопіць частку Славаччыны, але галоўным чынам пашырыцца зона паражэньня ва Ўкраіне.
Але калі Пуцін вырашыць абстрэльваць Украіну ядзернымі боепрыпасамі, гэта можна зрабіць і безь Беларусі, пры дапамозе самалётаў ці тых жа «Іскандэраў», скажам, з Растоўскай вобласьці.
Пашырэньне чыста ваенных магчымасьцяў Расеі гэтае рашэньне дае, але ня вельмі вялікае. Яно ня вартае сурʼёзнага абвастрэньня адносінаў з заходнімі краінамі, з NATO.
Няма гарантыяў, што ў адказ на разгортваньне Расеяй ядзернай зброі ў Беларусі NATO не разгорне ядзерную зброю, скажам, у Польшчы.
— Вы думаеце, яны пойдуць на такую эскаляцыю? Пакуль у Вашынгтоне заяўляюць, што не зьбіраюцца мяняць сваю ядзерную стратэгію ў адказ на рашэньне Пуціна.
— Стратэгія — гэта паняцьце шырэйшае. Амэрыканская ядзерная зброя ёсьць у Італіі, Нямеччыне, Нідэрляндах, Бэльгіі і Турэччыне. Чаму ёй не зьявіцца ў Польшчы?
— Беларускія прапагандысты зараз кажуць, што NATO ў апошнія гады вяло вайну ў розных краінах — Югаславіі, Афганістане, Іраку, але альянс ніколі не ваяваў з краінамі, на тэрыторыі якіх ёсьць ядзерная зброя. Паводле іх, расейская ядзерная зброя — гэта шчыт, які абароніць беларусаў ад нападу. Лёгіка Пуціна і Лукашэнкі — такая?
— Наконт Лукашэнкі — ня ведаю, яго лёгіка, можа, і такая. Лёгіка Пуціна, як мне здаецца, іншая. Давайце паглядзім на сытуацыю вачыма Захаду. Дапусьцім, што сытуацыя абвастраецца настолькі, што ў NATO чакаюць, што Расея нанясе ядзерны ўдар з тэрыторыі Беларусі па краіне-чальцу альянсу. У гэтай сытуацыі ЗША могуць нанесьці прэвэнтыўны ўдар па ядзерных абʼектах у Беларусі.
Калі Расея ўсё ж ужыве ядзерную зброю з тэрыторыі Беларусі, то ўдар у адказ прыйдзецца на Беларусь.
Узьнікае сытуацыя, падобная да той, якая была ў гады «халоднай вайны». Тады ў Эўропе была зона, якая ўключала ў сябе як краіны Варшаўскай дамовы (без СССР), гэтак і такія краіны NATO, як Заходняя Нямеччына, Бэльгія, Нідэрлянды. І гэтая зона магла стаць тэатрам абмежаванай ядзернай вайны ў Эўропе.
У Маскве меркавалі, што тэрыторыя ўласна СССР гэтай абмежаванай ядзернай вайной закранутая ня будзе, пакуль у справу ня ўступіць стратэгічная ядзерная зброя. Меркавалася, што гэтага можна пазьбегнуць.
Я не выключаю, што лёгіка цяперашняга рашэньня Пуціна — такая ж. Маўляў, давайце паспрабуем абмежаваць патэнцыйную абмежаваную ядзерную вайну ў Эўропе тэрыторыямі Беларусі, Польшчы і краін Балтыі. Але тэрыторыя РФ ядзернымі ўдарамі ня будзе закранутая.
Такая лёгіка Пуціна робіць Беларусь і закладніцай, і першай ахвярай расейскай ядзернай палітыкі.
— На думку некаторых экспэртаў, наступствам (а можа, і мэтай) пляну Пуціна можа стаць разгортваньне ў Беларусі сталай буйной вайсковай базы для аховы ядзернага сховішча. Могуць жа паставіць там ня роту аховы, а дывізію аховы. А то Лукашэнка паказаў у Мачулішчах, як ён умее ахоўваць каштоўную тэхніку.
Як вам такая ідэя?
— Ідэя мне не падабаецца. Расейская дывізія на тэрыторыі Беларусі — гэта зусім ня тое, што можа спадабацца нармальнаму чалавеку. Але калі гаварыць пра гэта як пра варыянт разьвіцьця падзеяў, то чаму не? Зьявіцца нагода, каб расейскія сухапутныя войскі атрымалі сталую «прапіску» ў Беларусі. Чым больш войскаў, тым больш надзейна ахоўваецца гэтае сховішча.