Амерыканскі партнёр адмовіўся ад супрацоўніцтва з Synesis з-за санкцый
Амерыканская фірма GSD Venture Studios больш не працуе з Synesis ў сувязі з трапленнем апошняй пад санкцыі Еўрасаюза.
Сузаснавальнік, CEO і прэзідэнт GSD Venture Studios Гэры Фаулер паведаміў, што кампанія стала партнёрам Synesis у 2019 годзе, паколькі амерыканскі партнёр лічыў іх лепшымі ў свеце AI-інжынерамі з цвёрдымі этычнымі прынцыпамі, паведамляе dev.by.
«Нядаўна ЕС увёў санкцыі. GSD Venture Studios — рашучы прыхільнік грамадзянскіх і палітычных правоў. GSD Venture Studios больш не супрацоўнічае з Synesis. Мы не будзем даваць іншых каментароў у чаканні адказу Synesis Еўрасаюзу» — напісаў ён.
Паводле інфармацыі dev.by, кантракт паміж GSD Venture Studios і Synesis спыніў дзеянне некалькі тыдняў таму.
Аб планах прадаваць сістэму разумнага відэаназірання Kipod у ЗША Synesis абвясціла ў верасні 2019 года. У сувязі з гэтым было падпісана пагадненне з GSD Venture Studios аб намеры стварыць сумесную кампанію. Пасля гэтага з’явілася кампанія Irex.
Журналісты dev.by таксама пацікавіліся ў Гэры Фаулера аб супрацоўніцтве з Synesis ў рамках Irex, паколькі вядомы раней як кіраўнік партнёр Synesis Мікалай Пціцын называе сябе ў профілі LinkedIn СТО і кофаундэрам Irex.
«Мы больш не супрацоўнічаем з Synesis», — паўтарыў на гэта Гэры Фаулер.
Нагадаем, IT-кампанія Synesis трапіла ў санкцыйны спіс у сувязі з поствыбарнымі падзеямі ў Беларусі. Кампанія мае намер абскардзіць санкцыі Еўрасаюза. У заяве Synesis рашэнне ЕС названа глыбока памылковым і заснаваным на няправільным разуменні працы тэхналогіі распазнання асоб. Кампанія адхіляе здагадку аб тым, што тэхналогія выкарыстоўвалася ў Беларусі для ідэнтыфікацыі пратэстоўцаў.