Рахункі санаторыя «Беларусь» у Літве арыштавалі праз санкцыі
Рахункі санаторыя «Беларусь», які знаходзіцца ў горадзе Друскенікі, былі заблакаваныя ў літоўскім Swedbank.
Пра гэта паведамляе выданне reform.by са спасылкай на Vakaro žinios.
Арышт быў накладзены 18 снежня. Кіраўніку санаторыя растлумачылі ў банку, што арышт звязаны з увядзеннем Еўрасаюзам санкцый у дачыненні да Беларусі.
«Мы адмыслова наведалі старонку ЕС, дзе пералічаныя кампаніі, якія падпадаюць пад санкцыі. Аб санаторыі ў Друскеніках няма ні слова. Тым не менш, мы не можам выкарыстоўваць грошы кампаніі, хоць для абсалютнай большасці яе супрацоўнікаў гэта адзіная крыніца даходу», — патлумачыў галоўны ўрач санаторыя Ільля Епіфанаў.
Санаторый «Беларусь» у Літве належыць кіраўніцтву справамі прэзідэнта Беларусі. У санаторыі працуюць 393 супрацоўнікі. Ён рэгулярна ўваходзіць у пяцёрку найбуйнейшых падаткаплатнікаў муніцыпалітэту Друскенікаў.
Трэці пакет санкцый у дачыненні да беларускага рэжыму ўступіў у сілу 17 снежня 2020 года. Кіраўніцтва справамі прэзідэнта таксама трапіла ў санацыйны спіс. У тлумачэнні Рады ЭС кіраўніцтва апісваецца як найбуйнейшы аператар на рынку нежылой нерухомасці Беларусі і ўладальнік мноства кампаній.
Санаторый «Беларусь» у Друскеніках перадалі Рэспубліцы Беларусь па дамове паміж урадамі двух краін ад 6 лютага 1995 года. Літва таксама перадала Беларусі ў арэнду на 99 гадоў участак зямлі, дзе знаходзіцца санаторый.