«Зразумелая рэжыму мова — мова прымусу і пакарання»
Палітолаг Роза Турарбекава ў інтэрв'ю «Нямецкай хвалі» расказвае пра еўрапейскія санкцыі, іх уплыў на эканоміку і палітычны рэжым Беларусі, а таксама пра магчымыя новыя санкцыі за размяшчэнне ядзернай зброі.
ЕС з пачатку палітычнага крызісу ў Беларусі прыняў шэсць пакетаў санкцый. Для параўнання: у дачыненні да Расіі пасля поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну было прынята ўжо дзесяць пакетаў. Якія санкцыі былі для рэжыму ў Беларусі самімі балючымі і ці сталі яны эфектыўнымі? Пра гэта «Нямецкая хваля» пагаварыла з Розай Турарбекавай, палітолагам, даследчыцай Цэнтра даследаванняў Усходняй Еўропы ўніверсітэта Юстуса Лібіха (Гісэн, Германія), якая займаецца, у тым ліку, аналізам уведзеных ЕС санкцый.
— Ці былі ўведзеныя ў дачыненні да Беларусі санкцыі эфектыўнымі?
— Па-першае, мэта санкцый — гэта пакаранне за ўчыненыя дзеянні, якія парушаюць міжнароднае права. Па-другое, гэта папярэджанне — каб аналагічных або больш сур'ёзных парушэнняў больш не было.
На жаль, пра якія-небудзь вынікі можна сказаць, толькі пачынаючы з чацвёртага пакета, калі ў дачыненні да Беларусі былі ўведзеныя сектаральныя санкцыі. Пасля таго, як у Мінску быў прымусова пасаджаны самалёт «Ryanair», што можна расцэньваць як пірацтва, былі ўведзеныя абмежаванні, звязаныя з палётамі ў Беларусь, санкцыі ў дачыненні да «Белавія», меры па аблёце паветранай прасторы Беларусі. Услед за гэтым былі прынятыя яшчэ і сектаральныя санкцыі, якія распаўсюджваюцца не толькі на фізічныя і юрыдычныя асобы (а да таго часу дзейнічалі менавіта такія санкцыі), але і на пэўны эканамічны сектар.
Пяты і шосты пакеты санкцый ужо былі менавіта пакетамі сектаральнага характару. Але санкцыі ўступаюць у сілу не адразу з моманту прыняцця рашэнняў. Каб ацаніць, як гэта адбілася на беларускім знешнім гандлі, на функцыянаванні прадпрыемстваў у той ці іншай галіне — напрыклад, у калійнай, нафтаперапрацоўчай, дрэваапрацоўчай, на экспартныя магчымасці Беларусі, патрэбны часавы лаг.
«Вынік ёсць»
— Пакуль здаецца, чым больш праходзіць часу з моманту ўвядзення санкцый, тым больш у рэжыму магчымасцей іх абысці.
— У гэтым сэнсе ў ЕС было слабое месца. Напрыклад, у Злучаных Штатах ёсць прынцып другасных санкцый, гэта значыць распаўсюджанне гэтых санкцый не толькі непасрэдна на парушальнікаў, але і на тых, хто дапамагае ім абыходзіць гэтыя санкцыі. У Еўрапейскім саюзе да нядаўняга часу такога механізму не было.
ЕС стаў гэтым займацца і прымаць пэўныя прававыя дакументы толькі ў сувязі з вайной. Аналітыкі, эксперты нават кажуць пра тое, што адбылася рэвалюцыя поглядаў на санкцыі з боку Еўрапейскага саюза, узмацненне жорсткасці падыходаў да гэтага інструмента і яго прымянення.
Таму ў дачыненні да Беларусі, яшчэ раз паўтаруся, чацвёрты, пяты і шосты пакет санкцый можна лічыць санкцыямі менавіта шырокага дзеяння — з улікам таго, што адбыліся змены адносна пераследу парушальнікаў у Еўрапейскім саюзе.
— Але чаму тады заўважнага эфекту ад санкцый няма?
— Пяты пакет санкцый быў прыняты сувязі з міграцыйным крызісам, які быў штучна створаны беларускімі ўладамі ў канцы лета — пачатку восені 2021 года. Цяпер такога маштабнага міграцыйнага крызісу няма, прыток мігрантаў быў моцна скарочаны. Ці можна гэта лічыць вынікам дзеяння санкцый? Думаю, што збольшага так, таму што, у першую чаргу, эфект ад санкцый — палітыка-псіхалагічны. Калі прымаецца такое рашэнне, бок, які караюць, на які накладаюцца абмежаванні, павінен сабе ўявіць кошт свайго ўчынку і, магчыма, змяніць свае паводзіны. У гэтым выпадку, мы бачым, паводзіны было змененыя, міграцыйны крызіс быў часова ўрэгуляваны.
«Беларускія вайскоўцы ўкраінскую мяжу не перасеклі»
— Самым жорсткім быў шосты пакет санкцый, прыняты ў сувязі з саўдзелам Беларусі ў расійскай агрэсіі супраць Украіны. Ён на нешта паўплываў?
— Эфект пакуль яшчэ складана ацаніць. Але факт застаецца фактам: Лукашэнка дагэтуль не даў уцягнуць войска РБ і сябе ў вайну ў прамым сэнсе гэтага слова. Я не кажу, што ён не саўдзельнічаў. Як эксперт я ацэньваю гэта як саўдзел — згоду і прадастаўленне тэрыторыі Беларусі для расійскіх войскаў, магчымасць выкарыстання тэрыторыі Беларусі як плацдарма для наземнага і паветранага ўварвання ва Украіну.
Але мы не можам заплюшчваць вочы на тое, што дагэтуль беларускае войска, беларускія вайскоўцы не перасеклі ўкраінскую мяжу як прадстаўнікі, вайскоўцы Рэспублікі Беларусь. Ці вынік гэта шостага пакета санкцый, папярэджанняў, якія ўвесь час гучаць? Мяркую, гэта аказала ўплыў.
Так, вельмі шмат скепсісу з гэтай нагоды, таму што пакуль шмат шляхоў абыходу санкцый. Лукашэнка атрымаў пэўную кампенсацыю з боку Расіі. Але ён яшчэ, акрамя санкцый, страціў украінскі рынак — і гэта было сапраўдным ударам для беларускай эканомікі, значна большым, чым, напэўна, любы санкцыйны ціск.
«Сітуацыя змянілася»
— Калі б такія ж жорсткія санкцыі ўводзіліся або былі прывязаныя да вызвалення палітвязняў, ці быў бы прагрэс у гэтай самай адчувальнай для беларусаў тэме?
— Думаю, што так. І пра гэта сведчыць навіна пра вызваленне Анжалікі Борыс. Палякі свайго збольшага дамагліся: транспартная ізаляцыя, закрытыя пераходы, чэргі з фур.
Мінск не ішоў на саступкі, вялася прапагандысцкая кампанія, што гэта нас аніяк не кранае і іншае. Але вынік застаецца вынікам. Ён ёсць.
І гэта сведчыць пра тое, што жорсткасць санкцый у дачыненні да дыктатарскіх рэжымаў дасягае пэўнага выніку, таму што, на жаль, зразумелая гэтым рэжымам мова — мова прымусу і пакарання. Заклікі, абяцанні, меркаванні гуманітарнага характару не працуюць. Гэта было зразумела з 2020 года. Мне здаецца, справа якраз і палягае ў тым, што ў 2020-м годзе непасрэдна па гарачых слядах не былі прынятыя жорсткія санкцыі. Яны былі сімвалічнымі, гэта дало рэжыму разуменне таго, што можна рабіць усё што заўгодна ў дачыненні да грамадзянскай супольнасці ў Беларусі.
Нельга дыктатара ўгаварыць быць менш дыктатарскім. Еўропе вельмі складана перабудоўвацца ў гэтым сэнсе, таму што ЕС у якасці асноўнага інструмента выбіраў дыялог, пазітыўнае заахвочванне, санкцыі — у меншай ступені, у вельмі зрэзаным выглядзе. Толькі цяпер Еўропа пачынае абрастаць шыпамі. Раней гэтага не было — такімі былі філасофія і сістэма каштоўнасцей. І я, дарэчы, лічу, што гэта быў выдатны прыклад для ўсяго свету. Для Еўропы гэта была важная выснова з дзвюх сусветных войнаў, і яна была правільнай. Дзякуючы гэтаму мы жылі ў міры, пачынаючы з 1945 года. Была «халодная вайна», «жалезная заслона», але такіх гарачых канфліктаў, гарачай вайны, якую цяпер развязала Расія ва Украіне, не было. І гэта заслуга Еўропы і еўрапейскага погляду на міжнародныя адносіны і бяспеку. Цяпер, на жаль, сітуацыя змянілася, і Еўропе давядзецца мяняцца.
— Ці могуць заявы пра размяшчэнне ядзернай зброі ў Беларусі прывесці да новага пакета санкцый? І ці ёсць яшчэ ў ЕС магчымасць гэтыя санкцыі ў дачыненні да Беларусі рабіць больш жорсткімі?
— Вядома, і Польшча паказала, як можна рабіць больш жорсткімі санкцыі: транспартнай ізаляцыяй. Я не бяруся меркаваць, па якім кірунку пойдзе еўрапейская думка ў гэтай сувязі, але, думаю, санкцыі будуць больш жорсткімі ў адказ на канкрэтныя дзеянні — калі ядзерная зброя сапраўды будзе размешчаная. І думаю, што гэта будуць жорсткія санкцыі, хутчэй за ўсё, сектаральнага характару. Размяшчэнне ядзернай зброі — гэта парушэнне міжнароднага права ў сферы нават не рэгіянальнай, а глабальнай бяспекі. Пытанне стаіць, як я разумею, пра магчымае прыняцце санкцый міжнароднага ўзроўню.