Павел Латушка — аб ануляванні шэнгену Васкрасенскаму: мы рыхтавалі спісы

Прапагандыст Юрый Васкрасенскі ўжо не паедзе на закупы ў Беласток ці любы іншы горад цывілізаванай Еўропы. Павел Латушка падзяліўся тым, што стала прычынай забароны паездак адыёзнага дзеяча.

Павел Латушка. Фота: Павел Хадзінскі

Павел Латушка. Фота: Павел Хадзінскі

У тэлеграм-канале Кабінета Павел Латушка паведаміў:
«Прыняцце рашэнняў аб забароне тым ці іншым асобам наведваць тэрыторыю Польшчы, як і любой іншай дзяржавы ЕС, з’яўляецца выключным і суверэнным правам гэтых дзяржаў і ЕС.
У Аб’яднаным пераходным кабінеце я адказваю ў тым ліку за пытанні санкцыйнай палітыкі.
У студзені мы прадаставілі Міністэрству ўнутраных спраў і адміністрацыі, а таксама Міністэрству замежных спраў Польшчы спіс, які ўключае 340 прозвішчаў асоб, што здзяйсняюць, удзельнічаюць, дапамагаюць у арганізацыі рэпрэсій. У гэтым спісе таксама знаходзіліся прапагандысты. У гэтым спісе было і прозвішча Юрыя Васкрасенскага.
Санкцыі — гэта цывілізаваны інструмент адказнасці за парушэнне міжнароднага права, за рэпрэсіі.
Мы будзем ініцыяваць унясенне гэтых асоб у санкцыйныя спісы як канкрэтных дзяржаў, так і ЕС.
Вылучэнне прапановы аб унясенні Юрыя Васкрасенскага ў санкцыйны спіс Польшчы і ўсяго ЕС — гэта адказ на шматлікія звароты грамадзян Беларусі, якія былі абураны фактам знаходжання Юрыя Васкрасенскага ў шэрагу дзяржаў Еўропы»