Зяленскі ўвёў санкцыі супраць міністра спорту Кавальчука, лёгкатлета Недасекава і Раманава з «Белай Русі»
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ўвёў санкцыі супраць дзясяткаў асоб — у асноўным грамадзян Расіі, але ёсць у спісе і беларускія прозвішчы. Пра персанальныя санкцыі паведамляецца на сайце кіраўніка ўкраінскай дзяржавы.
Санкцыі Украіны ўведзеныя на 50 гадоў і будуць дзейнічаць у дачыненні да міністра спорту Сяргея Кавальчука, лёгкаатлета Максіма Недасекава і кіраўніка пралукашэнкаўскай партыі «Белая Русь» Алега Раманава.
Сяргей Кавальчук наўпрост датычны да рэпрэсій супраць беларускіх спартоўцаў, якія не падтрымліваюць рэжым Лукашэнкі. Як і іншыя прадстаўнікі наменклатуры, мае прарасійскія погляды.
Максім Недасекаў — адзін з самых апантаных ябацек сярод беларускіх спартоўцаў. Публікаваў у сацсетках расійскі сцяг, кпіў з украінскіх атлетаў, параўноўваў колькасць ахвяр вайны са статыстыкай памерлых ад ковіду.
Алег Раманаў — звычайны адэпт Лукашэнкі, які на гэтым будуе кар'еру. У сакавіку ён узначаліў праўладны грамадскі рух «Белая Русь», які пазней трансфармаваўся ў палітычную партыю. Асноўны пункт праграмы партыі — усебаковая падтрымка Лукашэнкі.
У студзені парламент Украіны прапанаваў увесці санкцыі супраць 14 прадстаўнікоў беларускага спорту, якія наўпрост ці ўскосна падтрымалі вайну Расіі супраць Украіны.
У спіс трапілі Наталля Цылінская (старшыня Беларускай федэрацыі веласіпеднага спорту), Анастасія Мірончык-Іванова (спартсменка, лёгкая атлетыка), Аляксей Талай (паралімпійскі плывец), Максім Недасекаў (спартсмен, лёгкая атлетыка, Сяргей Кавальчук (міністр спорту Беларусі), Аляксандр Барауля (намеснік міністра спорту Беларусі), Дзмітрый Баскаў (член выканкама НАК Беларусі, былы старшыня федэрацыі хакея), Аляксандр Багдановіч (цяперашні старшыня федэрацыі хакея), Аляксандр Глеб (былы футбаліст зборнай Беларусі), Уладзімір Канаплёў (старшыня федэрацыі гандбола), Сяргей Рэпкін (рэктар БДУФК), Сяргей Рутэнка (старшыня федэрацыі тэніса), Алім Селімаў (старшыня федэрацыі барацьбы), Уладзімір Базанаў (былы кіраўнік, а цяпер намеснік старшыні федэрацыі футбола).
Пакуль Украіна ўвяла санкцыі толькі супраць дзвюх асобаў са спіса, але, імаверна, пазней абмежаванні накладуць і на іншых. Лічыцца, што ўкраінскія санкцыі з'яўляюцца важкім абгрунтаваннем таго, каб потым персанальныя абмежаванні былі ўведзеныя на ўзроўні ЕС.
Акрамя траіх беларусаў, сённяшнія санкцыі Зяленскага ўведзеныя і супраць дзясяткаў расійцаў. Спартовы складнік у спісе досыць вялікі — больш за 80 прозвішчаў. Сярод іх, у прыватнасці, фігурыст Ілля Авербух і футбаліст Ігар Акінфееў. Таксама санкцыі накладзеныя на гімнастку Святлану Хоркіну, біятланістку Святлану Ішмуратаву, фігурыстаў Лізавету Туктамышаву, Аляксандру Байкову, Дзмітрыя Казлоўскага, Івана Букіна, футбалістаў Веніяміна Мандрыкіна, Сяргея Аўчыннікава, кіраўніцы федэрацыі трыятлона РФ Ксеніі Шайгу.
Санкцыі ўведзеныя тэрмінам на 50 гадоў. Яны ўключаюць забарону на выдачу ўкраінскай візы і забарону на ўезд на ўкраінскую тэрыторыю, ануляванне афіцыйных візітаў, забарону на выкананне эканамічных і фінансавых абавязацельстваў у дачыненні да асоб, якія падпалі пад санкцыі.