У выніку санкцый у ЕС замарожаныя актывы 26 беларускіх кампаній
Такія лічбы ў «Эканамічным бюлетэні», што выдаецца Навукова-даследчым эканамічным інстытутам Мінэканомікі, прывёў намеснік міністра эканомікі Дзмітрый Ярашэвіч.
Па яго меркаванні, «дынамічнае развіццё беларускай эканомікі» знаходзіцца пад пагрозай з-за ўступлення ў гэтым годзе ў актыўную фазу дзеяння заходніх санкцый. Ён назваў і некалькі пагроз, якія ўзнікаюць у сувязі з гэтым.
Рызыка таго, што актывы могуць патрапіць пад блакавальныя санкцыі заходніх краін, захоўваецца. Адпаведна, можна выказаць здагадку, што бізнесы, і асабліва дзяржпрадпрыемствы, могуць баяцца развіваць бізнес у заходнім кірунку.
Дыверсіфікацыя экспарту ў санкцыйных умовах з'яўляецца прэвентыўнай мерай, якая накіравана ў тым ліку на забеспячэнне плацежаздольнасці Беларусі. Бо ў выпадку рэзкага скарачэння экспартнай выручкі ў нашай краіны могуць узнікнуць праблемы з выплатамі па даўгах. Тым больш што заходнія фінансавыя інстытуты (ЕБРР, Сусветны банк, МВФ) не маюць намеру пры захаванні санкцый дапамагаць РБ грашыма.
Таму рызыка недастатковасці фінансавых рэсурсаў для рэфінансавання знешніх запазычанняў — яшчэ адна эканамічная пагроза для Беларусі, якую вылучае Ярашэвіч.
Нароўні са знешнімі намеснік міністра эканомікі піша і пра ўнутраныя крыніцы эканамічных пагроз. Высокая імпартаёмістасць ВУП, якая ў 2020 годзе дасягнула 57,9%, застаецца структурнай праблемай нумар адзін для Беларусі, мяркуе эканаміст.
Натуральна, для забеспячэння стабільнай працы вытворчага сектара трэба цяпер шукаць новых пастаўшчыкоў сыравіны, матэрыялаў і камплектуючых, паколькі з-за заходніх санкцый ранейшыя дзелавыя сувязі разрываюцца.