Лукашэнка заявіў, што Беларусь працягне выплачваць пазыкі заходнім краінам. У беларускіх рублях
Засталося ўключыць ксеракс.

«Беларусь — надзейны плацельшчык і гатова плаціць па пазыках сваім партнёрам, — заявіў Лукашэнка падчас сустрэчы з прэм'ер-міністрам Раманам Галоўчанкам. — Яны адмовіліся прымаць валюту з Беларусі. Добра, тады мы ім прапанавалі беларускі рубель. Яны таксама адмовіліся. Таму было маё даручэнне, што па пазыках трэба плаціць, але ў беларускіх рублях, і мы будзем залічваць гэтыя плацяжы на асобныя рахункі. Саспеюць для таго, каб мы з імі разлічыліся — дзякаваць Богу. Не саспеюць — што ж».
Нагадаем, Сусветны банк унёс Беларусь у спіс краін, якія не абслугоўваюць свае пазыкі перад ім. У Беларусі на 14 кастрычніка сума пратэрміноўкі перад МБРР складала 68,43 млн долараў у эквіваленце (Мінск хацеў выконваць абавязацельствы ў нацвалюце, аднак інфраструктура міжнародных арганізацый не дазваляе гэтага рабіць).

Асноўная сума запазычанасці па крэдытах МБРР складае 967 млн долараў ЗША — гэта 0,42 адсоткі ад агульнай сумы непагашаных пазык МБРР. У сувязі з пратэрміноўкай усе крэдыты Міжнароднага банка рэканструкцыі і развіцця (МБРР), якія былі прадастаўлены Беларусі або гарантаваны нашай краінай, з 17 кастрычніка перавялі ў статус тых, што не абслугоўваюцца.