Завод, які быў «пад асабістым кантролем Лукашэнкі», прадае станкі

Магілёўскі завод «Строммашына» выставіў на аўкцыён сваё абсталяванне. Ён прадае 67 прадметаў — пачынаючы ад ёмістасцяў для захоўвання масла і заканчваючы трактарамі і аўтамабілямі. Але галоўная частка выстаўленых лотаў — станкі.

strommash.jpg

Можна было б думаць, што завод прадае «што-небудзь непатрэбнае». І сапраўды, пэўная частка гэтых лотаў — станкі выпуску 1974, 1977, 1979 года. Трапляюцца нават рарытэты — свідравальны і такарны станкі 1957 года, або вулканізацыйны прэс 1963 года. Але ёсць і абсталяванне, якое цалкам сабе можна назваць новым — драбнілка драўняных адходаў 2013 года, або станкі 2004 года, а таксама станкі з лічбавым праграмным кіраваннем.

Так што «Строммашына» пазбаўляецца не толькі ад «хламу».

Зрэшты, прадпрыемству не ўпершыню нешта прадаваць. Літаральна пад мінулы Новы год, 29 снежня 2021 года завод прадаваў цэлую вытворчую базу — праўда, беспаспяхова.

opera_snimok_2022_10_28_131037_realt.by.png

А маглі б быць паспяховымі

Між тым, «Строммашына» — вельмі цікавае прадпрыемства. Вікіпедыя піша пра яго, як пра «адно з вядучых прамысловых прадпрыемстваў рэспублікі», адзначае, што яно выпускае горныя машыны (асабліва цікава для Беларуськалія, так?), нафтаздабываючае абсталяванне, абсталяванне для індустрыі будматэрыялаў і вежавыя краны, завод нават прымаў удзел у будаўніцтве Маскоўскага метрапалітэна!

Яшчэ ў 2011 годзе «Строммашына» была ўганараваная прэміяй урада Беларусі за якасць па выніках года. Здавалася б, прадпрыемства такога профілю, асабліва ва ўмовах, калі Захад абрэзаў Расіі доступ да тэхналогій нафтаздабычы, павінна як сыр у алеі катацца, але…

У 2015 годзе завод падаў заяву аб банкруцтве. Паводле інфармацыі Вярхоўнага суда, падставай для падачы заявы стала неплацежаздольнасць прадпрыемства, якая прыняла ўстойлівы характар, стратнасць вытворчасці, а таксама наяўнасць значнай крэдыторскай запазычанасці, у тым ліку па заработнай плаце.

А што здарылася?

Мяркуючы па ўсім, прадпрыемству доўгі час не шанцавала на «моцных гаспадарнікаў». Усе яны ўспрымалі «Строммашыну», як сваю кішэню — ды і не толькі кішэню.

Перад банкруцтвам, у 2014 годзе адбылася цікавая гісторыя: генеральны дырэктар завода «Строммашына» трапіў у поле зроку пракуратуры. Ён вазіў рабочых з прадпрыемства на рамонт свайго дома, размешчанага ў адной з вёсак Магілёўскага раёна. Пакуль рабацягі працавалі на дачы, у табелі ўліку працоўнага часу ставіліся адзнакі аб выкананні ўнутрызаводскіх работ на прадпрыемстве.

Пасля падачы на банкруцтва, у 2016 годзе падчас візіту ў Магілёўскую вобласць 22 ліпеня Лукашэнка «незапланавана» наведаў банкрутуючую «Строммашыну» і запатрабаваў аднавіць стабільную працу прадпрыемства. «Скажу адразу: загубіць "Строммашыну" не атрымаецца», — катэгарычна заявіў ён.

Лукашэнка падкрэсліў неабходнасць выразнага бачання перспектыў яго развіцця. «"Строммашына" будзе працаваць, тут будзе магутны працоўны калектыў, які вы створыце самі. Закасайце рукавы або, як вы там жартуеце ў інтэрнэце, “распранайцеся і працуйце”. Можаце распранацца, можаце не, але з заўтрашняга дня вы трапляеце пад мой жорсткі кантроль (вылучана Рэд.). Вы павінны рухацца і зрабіць максімум самі», — адзначыў ён.

«Пачынайце варушыцца — ад міністра да ўрада… "Строммашына" — гэта справа нашага гонару, мы павінны аднавіць гэтае прадпрыемства», — заявіў ён.

Лукашэнка на «Строммашыне»

Лукашэнка на «Строммашыне»

Кіраўніцтва прадпрыемства папрасіла грошай («паставіла пытанне аб дзяржпадтрымцы», як сціпла напісалі СМІ) у сувязі з недахопам абаротных сродкаў. Лукашэнка грошай не даў, прапанаваўшы даць канкрэтныя планы па рэалізацыі прадукцыі і вяртанні сродкаў. «Калі так, то пытанне вырашана. А калі вы хочаце ўзяць грошы, калісьці вырабіць тавар, аддаць бясплатна з адтэрміноўкай і невядома калі вярнуць грошы — тады не. Я не хачу змярцвіць дадаткова мільёны долараў або рублёў», — сказаў Лукашэнка.

Варта зазначыць, што на момант візіту Лукашэнкі выканаўчым дырэктарам «Строммашыны» быў экс-дырэктар ААТ «Магілёўдрэў» Андрэй Усаў. Той Усаў, які ў 2014 годзе быў асуджаны на восем гадоў пазбаўлення волі за злоўжыванне службовымі паўнамоцтвамі, службовы падлог, крадзеж і нанясенне шкоды ў буйным памеры. У 2016-м ён у ліку іншых былых кіраўнікоў быў датэрмінова вызвалены і адразу ж прызначаны на кіруючую пасаду…

Карусель кіраўнікоў

У канцы чэрвеня 2018 года Эканамічны суд Магілёўскай вобласці штрафуе былога антыкрызіснага кіраўніка «Строммашыны» Дзмітрыя Барэйку на 294 рублі. Той вінаваты ў тым, што са спазненнем прадстаўляў справаздачы аб сваёй дзейнасці. Віну Барэйка прызнаў, а ў якасці апраўдання даводзіў, што вытворча-фінансавая дзейнасць прадпрыемства палепшаная. Значна павялічаны аб'ёмы вырабленай прадукцыі і выручкі, з 2016 года прадпрыемства выйшла на бясстратную працу і атрымлівае чысты прыбытак. Аб'ём экспарту за студзень-чэрвень 2017 года вырас у 2,8 разы. Выраблена пагашэнне рэестра патрабаванняў крэдытораў першай і другой чаргі.

Барэйку ў тым жа чэрвені 2018-га замяніў антыкрызісны кіраўнік Сяргей Грынкевіч, які раней ён быў антыкрызісным кіраўніком Магілёўскай швейнай фірмы «Вяснянка». І пры Грынкевічу ўжо ў жніўні таго ж года работнікаў раптам перавялі на... 1-гадзінны (!!!) працоўны дзень! Гэта было патлумачана «нізкай эфектыўнасцю вытворчасці, цяжкім эканамічным становішчам, змяншэннем аб'ёму работ з мэтай аптымізацыі вытворчага цыклу» і на падставе загаду «аб аптымізацыі колькасці работнікаў».

1534163563_strom2_13.jpg

За два месяцы прадпрыемства з «бясстратнай працы» раптам трапіла ў «цяжкае эканамічнае становішча», і «памяншэнне аб'ёму работ»! Дзіўна? Так.

Затое фактары, якія прымусілі перавесці работнікаў на аднагадзінны працоўны дзень не перашкаджалі махінацыям чыноўнікаў. У 2019 годзе БелТА паведаміла, што неназваная «службовая асоба» магілёўскай «Строммашыны» была асуджаная да 4 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму за злоўжыванне службовымі паўнамоцтвамі, крадзеж шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі, службовую падробку, — шкода склала больш за 13 тысяч рублёў.

Прадаем усё!

Ані санацыя, ані «кантроль Лукашэнкі», ані «варушэнне ад міністра да ўрада», ані «справа гонару» не прынесла сваіх вынікаў. У ліпені 2018 года тэрмін завяршэння санацыі або ліквідацыйнай вытворчасці быў падоўжаны на пяць гадоў — да 28 ліпеня 2023 года. Гэта значыць, зусім хутка.

«Строммашына» прадае станкі. 15 верасня «адбылася сустрэча з работнікамі прадпрыемства ААТ Магілёўскі завод "Строммашына", якія знаходзяцца пад пагрозай звальнення», пішуць СМІ. На месцы прадпрыемства ў цэнтры Магілёва яшчэ ў пачатку гэтага года меркавалі пабудаваць крыты рынак.

opera_snimok_2022_10_28_130808_ipmtorgi.by.png

Праўда, цяпер, калі пазачыняліся ўсе ІП, незразумела, хто на гэтым рынку будзе працаваць.

Такім чынам, «моцныя гаспадарнікі» практычна ліквідавалі прадпрыемства, якое пры любой іншай сістэме кіравання мела б усе шанцы быць паспяховым — паводле яго прызначэння і «асартыментнага пераліку».

А хто браў прадпрыемства «на кантроль»? І хто прызначаў туды тых самых «моцных гаспадарнікаў», некаторыя з якіх ужо былі асуджаныя за карупцыю?