Слабы саюзнік — хутчэй клопат, чым дапамога. Гістарычныя сцэнары Пуціна і Лукашэнкі

У выпадку эскалацыі расійска-ўкраінскай вайны імавернасць таго, што ў канфлікт будзе ўцягнута Беларусь, павышаецца. Павышае верагоднасць удзелу беларусаў у вайне супраць Украіны і стварэнне на тэрыторыі Беларусі аб'яднанай беларуска-расійскай ваеннай групоўкі. Але якім можа быць удзел Беларусі?

Італьянскія войскі на Усходнім фронце 

Італьянскія войскі на Усходнім фронце 


Украінскія вайскоўцы загадзя выступілі з заклікам да беларусаў не ўдзельнічаць у вайне супраць Украіны. У Генштабе УСУ адзначаюць, што пагроза паўторнага нападу з боку Беларусі ўзрастае. Праўда, пакуль значныя сілы там не сабраны, а таму беларускі ўдзел у канфлікце лічаць верагодным не раней за вясну 2023 года, пішуць «Белнавіны».

Але якім можа быць гэты ўдзел? Паколькі цяпер год гісторыі, то для ацэнкі перспектыў дарэчы правесці гістарычныя паралелі. Калі дзеянні пуцінскай Расіі ўсё больш нагадваюць дзеянні гітлераўскай Германіі, то лукашэнкаўская Беларусь — нераўнапраўнага саюзніка, сатэліта. А таму звернемся да вопыту Другой сусветнай вайны.

Поўнамаштабны ўдзел. Румынія і Фінляндыя для ўдзелу ў вайне супраць СССР выставілі практычна ўсе свае ўзброеныя сілы. Але ў іх быў прамы інтарэс: вярнуць адабраныя Масквой тэрыторыі і пры магчымасці атрымаць новыя. Аднак у Мінска няма да Кіева прэтэнзій падобнага роду, а роўна няма і адпаведнай матывацыі ў беларускіх салдат. Паміж беларусамі і ўкраінцамі тэрытарыяльных спрэчак няма, нацыянальнай непрыязнасці таксама. Таму масавы ўдзел беларусаў у вайне супраць Украіны і на ўкраінскай жа тэрыторыі ўяўляецца праблематычным.

Італія, Венгрыя і Славакія адправілі на Усходні фронт абмежаваныя кантынгенты. Такі фармат для Беларусі ўяўляецца больш верагодным. Можна адабраць найбольш лаяльных і гатовых ваяваць, а галоўнае — належным чынам іх экіпіраваць і ўзброіць.

Войскі саюзнікаў паказалі сябе не лепшым чынам. Зімой 1942-1943 гадоў італьянцы і венгры былі разгромлены на Усходнім фронце. І справа не столькі ў нізкай матывацыі салдат, колькі ў недастатковым ўзбраенні. Іх супрацьтанкавая артылерыя аказалася малаэфектыўнай супраць савецкіх танкаў, іх бронетэхніка была малалікая і прыкметна слабейшая. Прыйшлося адмовіцца ад іх паслуг. Што тычыцца славакаў, то спачатку ваявалі яны нядрэнна, але з часам адкрыта антыславянскія дзеянні немцаў іх моцна расчаравалі, а таму іх таксама забралі з фронту.


Нарэшце, дружалюбныя нацыстам рэжымы, якія не жадалі ўдзельнічаць у вайне, адправілі на Усходні фронт толькі добраахвотніцкія кантынгенты. Іспанскі каўдыльё Франка, які быў шмат чым абавязаны Гітлеру, у вайну не ўступіў. Аднак сярод франкістаў былі моцныя антыкамуністычныя настроі, а таму летам 1941-га ў Іспаніі была сфарміравана добраахвотніцкая «Блакітная дывізія», якая ваявала на Усходнім фронце да восені 1943-га. Затым Франка адклікаў добраахвотнікаў, аднак пару сотняў іспанскіх добраахвотнікаў ваявалі аж да траўня 1945-га. Французскі калабарацыянісцкі рэжым Вішы таксама фармальна заставаўся нейтральным (толькі разарваў дыпламатычныя адносіны з СССР). Аднак для ўдзелу ў вайне там стварылі добраахвотніцкі ўзмоцнены пяхотны полк — Легіён французскіх добраахвотнікаў супраць бальшавізму. У баях пад Масквой французы панеслі вялікія страты, а затым змагаліся супраць беларускіх партызан.

Такім чынам, калі Лукашэнка не можа адкруціцца ад удзелу ў вайне, то аптымальным для яго было б пайсці па шляху Франка: нібы і хаўруснік, але ў той жа час непасрэдна не ваюе. Важна адзначыць, што іспанскія добраахвотнікі былі менавіта часткай Вермахта, а не сваёй нацыянальнай арміі.

Аднак стварэнне сумеснай беларуска-расійскай ваеннай групоўкі хутчэй прывядзе да больш шырокага ўдзелу ў канфлікце (дарэчы, на Усходнім фронце немцы спрабавалі ўмацоўваць войскі сатэлітаў падраздзяленнямі Вермахта).

І тут і Пуціну, і Лукашэнку варта ўлічыць: слабы хаўруснік — хутчэй клопат, чым дапамога. У сувязі з гэтым можна ўзгадаць, як патэнцыйныя саюзнікі і праціўнікі жартавалі пра італьянцаў: калі яны будуць нейтральнымі, на мяжы трэба будзе пакінуць пяць дывізій; калі выступяць супраць нас — трэба будзе выставіць дзесяць дывізій, каб іх разбіць; а калі стануць нашымі саюзнікамі — тыя ж дзесяць дывізій, каб ім дапамагаць. У такіх выпадках дружалюбны нейтралітэт нашмат карысней, чым прамы ўдзел у вайне.