Беларускі плацдарм. Ці ёсць пагроза наступлення на поўнач Украіны і Кіеў?

Колькі б войскаў не было назапашана ў Беларусі — яны не змогуць за адзін раз нанесці канцэнтраваны ўдар, каб прарваць украінскую абарону на Поўначы.

photo_2022_02_24_13_16_52_2.jpg


Навошта рускія перакідваюць войскі ў Беларусь? Ці гатовая армія Лукашэнкі ваяваць супраць Украіны? Чаму актыўнасць праціўніка пакуль не ўяўляе сур'ёзнай пагрозы для УСУ? РБК-Украіна апублікавала вялікі артыкул, прысвечаны магчымаму ўварванню з Беларусі.

У Генеральным штабе Украіны лічаць, што пагроза паўторнага наступлення з Беларусі расце. Масква перакідвае туды частку сваіх войскаў. А Лукашэнка пачаў зноў выдаваць гучныя заявы, як напрыклад, аб стварэнні з рускімі рэгіянальнай групоўкі войскаў, і што нібыта Украіна рыхтавала ўдар па беларускай тэрыторыі.

Казаць пра тое, што кіраўнік мінскага рэжыму пакутуе на такія ж імперыялістычныя фантазіі, як і Пуцін, не даводзіцца. Таму ўласных прычын уступаць у вайну, акрамя ціску Крамля, у яго няма. І нягледзячы на яго бравурныя выказванні, падстаў меркаваць, што Лукашэнка вырашыў прама ўступаць у вайну, пакуль таксама няма.

Адкрыццё «другога фронту» выгадна Расіі як мінімум для таго, каб скаваць частку ўкраінскіх сіл на Поўначы. Так агрэсар паспрабаваў бы адцягнуць нашу ўвагу ад Поўдня і Усходу, дзе сітуацыя для яго складваецца, мякка кажучы, не зусім добра.

Больш амбіцыйны план — уварванне ў Валынскую і, магчыма, у Ровенскую вобласці, каб потым перарэзаць заходнія артэрыі, якімі пастаўляецца замежнае ўзбраенне. І мэта-максімум, аб якой, напэўна, усё яшчэ марыць Пуцін — захоп украінскай сталіцы. Але ёсць вялікія сумневы, што расійскія ці тым больш беларускія войскі здольныя справіцца з гэтымі задачамі.


Ці ёсць пагроза ад беларускай арміі?

Ісці ў наступ уласнымі сіламі армія Лукашэнка не стане, і наўрад ці ў прынцыпе можа. На паперы беларускія ўзброеныя сілы налічваюць прыкладна 45 тысяч чалавек. Калі казаць менавіта аб баяздольным асабістым складзе — іх, па розных ацэнках, ад 12 да 24 тысяч. Але гэта дрэнна матываваныя войскі, якія не маюць досведу ўдзелу ў сапраўдных баявых дзеяннях.

Пагрозу нападу беларускай арміі абмяркоўваюць яшчэ з сакавіка. Можна выказаць здагадку, што ім сапраўды першапачаткова адводзілася нейкая роля ў «спецаперацыі» Крамля. Але Лукашэнка — перш за ўсё кан'юнктуршчык. І калі ён убачыў, чым павярнуўся план Пуціна «ўзяць Кіеў за тры дні», то, цалкам верагодна, вырашыў пазбегнуць такога ж лёсу.

Беларускі народ у большасці сваёй супраць вайны з Украінай. Грамадская незадаволенасць толькі ўзрасце, калі ў іх краіну пойдуць патокі параненых і загінулых. Больш за тое, вайна можа пашырыцца і на тэрыторыю самой Беларусі, што мы ўжо, па сутнасці, бачым на прыкладзе Расіі. Усе гэтыя фактары ў суме і нават асобна могуць падарваць рэжым Лукашэнкі.

Таму калі казаць пра імаверную атаку на нашы паўночныя межы, то правесці такую аперацыю могуць або расійскія падраздзяленні, або агульны кантынгент расійска-беларускіх войскаў. Заявы Лукашэнкі і прыбыццё расійцаў на тэрыторыю рэспублікі на першы погляд упісваюцца ў гэты сцэнар.

_vijskovi_gettyimages_849029076.jpg


У Мінску заяўлялі, што колькасць рэгіянальнай групоўкі складзе 70 тысяч чалавек, з якіх 9 тысяч — расійцы. Але гэтыя лічбы могуць быць вельмі далёкія ад рэальнасці. Пакуль на тэрыторыі Беларусі, паводле звестак нашага ГУР, ёсць прыкладна 3 тысячы расійскіх вайскоўцаў. Ля паўночных межаў Украіны знаходзяцца шэсць батальёнаў і атрад сіл спецыяльных аперацый — гэта беларускія войскі.


Ілюзія атакі

Чаму гэтая актыўнасць цяпер не ўяўляе сур'ёзнай пагрозы? Па-першае, беларускі дыктатар не вельмі хоча ваяваць па тых жа прычынах, якія апісваліся вышэй. Нават калі выказаць здагадку, што Пуціну ўдалося пераканаць Лукашэнку ўступіць у вайну, яго армія дапаможа расійцам хіба толькі колькасцю, але не якасцю.

«Лукашэнка пачынаючы з красавіка і да гэтага часу, усімі намаганнямі спрабуе пазбегнуць адкрытага супрацьстаяння. Безумоўна, ён ужо стаў удзельнікам вайны, падаўшы сваю тэрыторыю для расійскай агрэсіі. Але ён спрабуе пазбегнуць таго, каб узброеныя сілы Беларусі заходзілі на тэрыторыю Украіны», — кажа РБК-Украіна прадстаўнік ГУР Мінабароны Андрэй Чарняк.

Падчас першага нападу на Украіну з беларускага плацдарма праціўнік задзейнічаў прыкладна 40 батальённых тактычных груп. Гаворка ідзе аб войсках, якія наступалі на Кіеўскую, Чарнігаўскую і Сумскую вобласці. Па расійскіх мерках гэта былі найбольш баяздольныя, абсталяваныя і прафесійныя падраздзяленні.

Апытаныя выданнем эксперты лічаць, што для паўторнага наступу з поўначы расійцам трэба сабраць не менш за 40 БТГр. Хоць, калі ўспомніць вопыт папярэдняй групоўкі, то і гэтай колькасці можа аказацца замала. А тых вайскоўцаў, якія цяпер прыбываюць у Беларусь з Расіі — у разы менш.

Па-другое — гэта амаль не падрыхтаваныя мабілізаваныя, якія, да таго ж, значна горш экіпіяваныя і абсталяваныя. З тэхнікі з імі едуць толькі аўтамабілі, камазы, уралы і плюс невялікая колькасць ББМ.

«Гэта нават не батальённыя тактычныя групы – гэта маршавыя батальёны, паколькі для БТГр прадугледжана штатная колькасць тэхнікі, напрыклад, 11 танкаў, 33 ББМ, зенітныя ракетныя комплексы, рэактыўныя сістэмы залпавага агню, самаходныя артылерыйскія ўстаноўкі. Усё гэта адсутнічае ў тых войскаў, якія сёння заязджаюць з Расіі ў Беларусь», — растлумачыў ваенна-палітычны аглядальнік групы «Інфармацыйнае супраціў» Аляксандр Каваленка.

Па-трэцяе, замест таго каб перакідваць тэхніку ў Беларусь, яе, наадварот, адтуль вывозяць. Гэта фіксуе і наша ваенная разведка, і маніторынгавая група «Беларускі гаюн». Сутыкнуўшыся з недахопам узбраення, расійцы ўжо спусташаюць беларускія склады з боепрыпасамі, забіраюць танкі (у асноўным Т-72А) і артылерыйскія сістэмы. Гэта, бадай, галоўны аргумент, які адмаўляе падрыхтоўку якой-небудзь наступальнай аперацыі з боку Беларусі.


«Толькі ў кастрычніку яны забралі больш за 100 адзінак танкаў. У жніўні яны, напрыклад, вывезлі больш за 12 тысяч тон боепрыпасаў. Але хіба гэта кажа пра тое, што рыхтуецца нейкае ўварванне з тэрыторыі Беларусі, калі Беларусь аддае боепрыпасы і артылерыю, без якіх немагчыма праводзіць нейкія маштабныя баявыя дзеянні? Мне здаецца, што не», — удакладніў Каваленка.


Лінія напружанасці

У ГУР сцвярджаюць, што патэнцыйная небяспека з боку Беларусі для Украіны ёсць. З тэрыторыі Рэспублікі праводзяць запускі іранскіх ударных БПЛА, туды перамясцілі самалёты МіГ-31К, якія могуць несці ракеты «Кінжал».

«Але стварэнне ўдарнай групоўкі, якая была б належным чынам абсталявана, узброена і забяспечана, мы не бачым. Цяпер на тэрыторыі Беларусі працягваюцца навучання асабовага складу, праверкі сістэм сувязі, ратацыі асабовага складу і іншая паўсядзённая дзейнасць, накіраваная толькі на тое, каб адцягнуць нашу ўвагу і сілы з усходу і поўдня Украіны», — растлумачыў Чарняк.

Гэта значыць першая мэта сённяшняй актыўнасці на тэрыторыі Беларусі — стварэнне яшчэ аднаго ачага напружання ля нашых межаў. З гэтымі ж матывамі праводзяцца пастаянныя вучэнні Узброеных Сіл Рэспублікі. Але, хутчэй за ўсё, планы Масквы не абмяжоўваюцца толькі ілюзіяй пагрозы.

Справа ў тым, што тых вайскоўцаў, якія прыбываюць з РФ, у асноўным накіроўваюць на палігоны і ў трэніровачныя цэнтры Беларусі. Праз велізарную плынь мабілізаваных у расійцаў можа не хапаць уласнай інфраструктуры, каб усіх іх навучаць. Таму на падставе стварэння рэгіянальнай групоўкі яны адпраўляюць частку сваіх «новаспечаных» вайскоўцаў для баявой падрыхтоўкі ў Беларусь. Пытанне ў тым, куды іх перакінуць далей — ва Усходнюю, Паўднёвую аперацыйныя зоны, ці ўсё ж на поўнач Украіны.

«Расійская мабілізацыйная сістэма не спраўляецца. Таму выкарыстоўваецца беларуская мабілізацыйная сістэма, і не больш за тое. У медыйным плане гэта падаецца некалькі інакш. Але на сёння няма ніводнай наземнай небяспекі з боку Беларусі», — адзначыў вайсковы эксперт, палкоўнік Раман Світан.

Нельга выключаць, што такая небяспека можа паўстаць у найбліжэйшай будучыні. Але каб сабраць неабходны камплект сіл і сродкаў для наступу, расійцам спатрэбіцца прынамсі месяц інтэнсіўнага перакідання войскаў на беларускі плацдарм. З тэхнікай яны ўжо маюць праблемы, з прафесійнымі войскамі — таксама. На тое, каб падрыхтаваць мабілізаваных хоць бы ў экспрэс-рэжыме, правесці баявое зладжванне і стварыць ударную групоўку, сыйдуць месяцы. І гэтыя рухі, так ці інакш, не пройдуць незаўважанымі для нашых вайскоўцаў.


Яшчэ адзін важны фактар — рэльеф і спецыфіка мясцовасці ў паўночных абласцях, якая відавочна гуляе не на карысць ворага. Там вельмі шмат рэк, лясоў, балот, і таму праводзіць наступ можна толькі ўздоўж дарог. Але дарожная інфраструктура на мяжы паміж Беларуссю і Украінай развіта слаба — «кропак уваходу» няшмат.

«Там вельмі мала танканебяспечных кірункаў і ўсе яны перакрытыя нашымі войскамі. А па балотах ні адна армія не пойдзе. Гэта значыць, гэтая падтопленая зямля сама па сабе з'яўляецца добрай процітанкавай абаронай. Поўнач Украіны вельмі нязручная для шырокамаштабнага наступу. Там, магчымы рух толькі па гатовых, пратаптаных дарогах. Усе гэтыя дарогі цяпер замініраваныя і перакрытыя», — сказаў Світан.

Таму, колькі б войскаў не было назапашана ў Беларусі — яны не змогуць за адзін раз нанесці канцэнтраваны ўдар, каб прарваць нашу абарону. Да таго ж уздоўж паўночнай мяжы ўжо абсталявалі інжынерна-фартыфікацыйныя збудаванні. Там пастаянна знаходзяцца сілы абароны, якія затуляюць беларускі кірунак і гатовыя адбіць атаку ворага. Таму на паўтарэнне лютаўскага прарыву агрэсару разлічваць не варта, хіба што толькі на такі ж фінальны вынік.

Пераклад — НЧ.