У верасні-кастрычніку беларусы куплялі больш валюты. Навошта?
Паводле звестак Нацыянальнага банка, фізічныя асобы ў верасні і кастрычніку 2022 года куплялі ў банкаў замежнай валюты больш, чым прадавалі. Пры гэтым у верасні набылі $980,2 млн, а прадалі $866,1 млн, у кастрычніку набылі $932,9 млн, а прадалі $816,2 млн. Відаць, што аб'ём продажаў у кастрычніку паменшыўся ў параўнанні з вераснем на $50 млн.
Па словах старэйшай навуковай супрацоўніцы Цэнтра эканамічных даследаванняў BEROC Анастасіі Лузгінай, у сітуацыі, калі беларусы ў верасні і кастрычніку аказаліся чыстымі пакупнікамі валюты, можа быць некалькі прычын, пішуць Белнавіны.
Адзін з верагодных фактараў такога попыту — беларусы сталі больш актыўна выязджаць за пакупкамі ў суседнія краіны на фоне скарачэння колькасці і асартыменту ў Беларусі тавараў заходняй вытворчасці. Але гэта ўсё ж не асноўная прычына. Больш значна паўплываць на паводзіны насельніцтва на валютным рынку магла так званая частковая мабілізацыя ў Расіі, якая справакавала вялікія чэргі на расійскіх межах і ў аэрапортах. Падобна на тое, што беларусы таксама зрэагавалі на падзеі ў Расіі, але па-свойму.
«Якраз у верасні і кастрычніку адбывалася гэтая “частковая мабілізацыя”. Падзеі ў суседняй краіне маглі паўплываць на тое, што і беларусы запанікавалі і пачалі прапрацоўваць магчымыя сцэнары развіцця ўласнай сітуацыі, для падстрахоўкі купляючы больш замежнай валюты, хоць у нас і рубель моцны. Сталі спрабаваць ствараць заначку, каб было з чым з’ехаць, каб была замежная валюта», — кажа экспертка.
Лузгіна не выключае, што частку валюты ў беларускіх банках маглі купіць расійскія грамадзяне, якія ў верасні–кастрычніку актыўна прыязджалі ў Беларусь.
Як лічыць экспертка, на фоне актыўнасці беларусаў на валютным рынку адзначаецца яшчэ адна важная падзея: па выніках трэцяга квартала грашовых пераводаў за мяжу было больш, чым з-за мяжы. Нават нягледзячы на тое, што некаторыя беларускія банкі знаходзяцца пад санкцыямі і адключаныя ад сістэмы міжнародных пераводаў.
Лузгіна адзначае, што людзі маглі пачаць актыўна пазбаўляцца ад маёмасці ў Беларусі, канвертаваць атрыманыя ад продажу рэчаў і нерухомасці беларускія рублі ў замежную валюту і пераводзіць грошы на рахункі ў замежных банках, што «заканадаўствам не забаронена».