ЗА ЧЫЙ КОШТ БАНКЕТ? Дзе Расіі шукаць грошы на вайну супраць Украіны

Як бы хтосьці не сумняваўся ў эфектыўнасці санкцыяў, але Расія іх уздзеянне ўжо адчула на сваёй скуры. Пытанне ў тым, адкуль яна спадзяецца і далей браць грошы.

Малюнак Аляксея Ступіна

Малюнак Аляксея Ступіна

У чэрвені Расія зачыніла публічны доступ да вялікай колькасці статыстычных дадзеных. Гэта падавалася як метад дапамагчы расійскім фірмам і іхным замежным партнёрам прасцей унікнуць санкцыяў. Але больш імавернай выглядае версія, што гэта было зроблена, каб схаваць катастрафічны стан расійскай эканомікі. І добра, калі б гэта тычылася, скажам, толькі тавараў народнага спажывання. Тых жа аўтамабіляў і пральных машын. Відавочныя праблемы закранаюць і вайсковую сферу.

Нескарыстаная перавага?

Усе памятаюць сітуацыю, калі Расія мела каласальную перавагу над ЗСУ ў артылерыі і літаральна завальвала снарадамі ўкраінскія пазіцыі. Але ўжо да сярэдзіны году Расіі давялося зрабіць непрыемную выснову: снарады маюць уласцивасць заканчвацца, і опцыі «анлімітэд» для боепрыпасаў у рэальнай вайне няма.

Што характэрна, такое ў гісторыі Расіі/СССР ужо бывала: і пад час І, і пад час ІІ сусветных войнаў. У абодвух выпадках яе ратавалі саюзнікі, пастаўляючы як гатовыя снарады, так і неабходныя для іх вытворчасці рэчывы (порах, выбухоўку, металы і г.д.).

Цяпер Расія таксама сутыкнулася з дэфіцытам снарадаў. А па прагнозах заходніх выведак, да канца году яна можа ў поўнай меры адчуць сапраўдны “снарадны голад”, што прывядзе да скарачэння выкарыстання артылерыі. У пошуках боепрыпасаў Расія вымушана звяртацца да такіх жа міжнародных выгнаннікаў, як і яна сама. Мы добра ведаем, як ідзе вываз беларускай бронетэхнікі. Імаверна, разам з ёй ідуць і боепрыпасы, у тым ліку — артылерыйскія.

А ў пачатку восені з’явілася інфармацыя, што Расія закупіла мільёны снарадаў і ракетаў блізкага дзеяння не ў каго-небудзь, а ў самой Паўночнай Карэі! Тая за дзесяцігоддзі падрыхтоўкі да “аб’яднання” Карэйскай паўвыспы пад камуністычнай уладай назапасіла гіганцкую колькасць снарадаў калібраў 122 і 152 мм. Што цяпер так прыдалося Расіі (сама Карэя, дарэчы, перайшла на больш цяжкія артылерыйскія сістэмы — 170 мм). Акрамя таго, Расія, як вядома, атрымала іранскія дроны.

Кошты на вайну таксама растуць

Але ж за ўсё трэба плаціць. Прычым, плаціць не аднойчы: па разліках спецыялістаў у галіне бяспекі, расійская армія штодзённа расстрэльвае ад 40 да 60 тыс. снарадаў. Гэта значыць, пры цяперашнім узроўні працы расійскай артылерыі “мільёны” паўночнакарэйскіх снарадаў знікнуць за некалькі месяцаў. Расія ўжо ў разы ўзняла свае выняткі на абарону: 630 млрд рублёў у красавіку 2022 г. супраць 275 млрд рублёў за год да гэтага (рост — на 150%).

Ну, добра: за беларускія ўзбраенні можна расплаціцца абяцанкамі (урэшце, беларускі рэжым вывучыць, што аплата абяцанкамі можа працаваць у два бакі). Тут можна быць шчодрымі; магчыма, першы “транш” абяцанак на суму 1,75 млрд долараў ужо пайшоў (быццам, на “імпартзамяшчэнне”). Але колькі тых рэсурсаў можна выпампаваць з Беларусі, якая сама ў крыху больш чым катастрафічным стане? Нават калі перавесці на “ваенныя рэйкі” беларускую прамысловасць і прымусіць той жа Гомсельмаш рамантаваць ці мадэрнізаваць расійскую вайсковую тэхніку, на доўгі час і на патрэбны маштаб усё роўна не хопіць. Ды і мабілізацыя эканомікі ў такой адносна невялікай краіне непазбежна прывядзе да правалаў у астатніх сферах эканомікі. А іх ужо досыць і без мабілізацыі.


А вось з іншымі «партнёрамі» абяцанкамі не расплацішся. Хочаш не хочаш, а трэба шукаць рэсурсы. Тым больш, што ў сферы золатавалютных запасаў у Расіі таксама вялікія праблемы. Як яшчэ ў сакавіку казаў міністр фінансаў Расіі Антон Сілуанаў, для Расіі быў замарожаны доступ да 300 млрд долараў расійскіх рэзерваў, якія захоўваліся ў заходніх банках. Гэта — прыкладна палова ад усіх золатавалютных рэзерваў Расіі на той момант, якія, па словах таго ж Сілуанава, складалі 640 млрд долараў. Таму і спрабуюць цяпер аплочваць пазыкі ў рублях — іншага проста няма.

Чужыя граблі ці лайфхак?

Можна паглядзець, як з падобнай сітуацыі выкручваліся іншыя рэжымы. Вось, напрыклад, рэжыму Мадуры ў Венесуэле даўно прадракалі гібель. Але пакуль змрочныя прагнозы адносна яго не спраўдзіліся. Мо, Расіі прыглядзецца да гэтага досведу? Напрыклад, па меркаванні некаторых экспертаў, рэжым чавістаў у Венесуэле знайшоў неблагую фінансавую падтрымку ў выглядзе кантрабанды такіх тавараў, як нафта і золата, а таксама ў наркатрафіку. Для Расіі гэты варыянт, можа, і мае некаторы сэнс, але, мо, толькі на ўзроўні асобных персаналіяў. Усю краіну, разам з глабальнымі задачамі, якія пастаўлены перад ёй, гэтыя сферы дзейнасці не выцягнуць. Дарэчы, расійскае золата таксама ўжо знаходзіцца пад санкцыямі. 

Канечне, існуюць старыя добрыя нафта і газ. Але, як дэманструе практыка, рэсурсы гэтыя працуюць на карысць толькі тых, хто «харашо кушает», гэта ёсць, паводзіць сябе ў адпаведнасці з агульнапрынятымі нормамі міжнародных паводзінаў: агрэсіўныя войны не распачынае і чужыя тэрыторыі не адціскае.


Безумоўна, продаж нафты і газу працягнуў адыгрываць ролю галоўнай крыніцы валюты ў расійскі бюджэт. І рост здобычы тут назіраецца, што дазволіла расійскім нафтавікам у лістападзе выйсці на ўзроўні пачатку году. І прыбытак прагназуецца неблагі: па падліках адмыслоўцаў Bloomberg Economics, у гэтым годзе Расія атрымае ад продажы нафты і газу каля 285 млрд долараў, што на 1/5 болей, чым яна атрымала за мінулы год. Але тут, нагадаю, пытанне трэндаў. Санкцыі пачнуць дзейнічаць з 5 снежня, і гэта ўжо адбіваецца на сітуацыі з расійскай нафтай. У параўнанні з кастрычнікам экспарт нафты ў краіны «далёкага», як кажуць расійцы, замежжа скараціўся на 5%.

Нават тыя самыя Індыя і Кітай не з'яўляюцца больш надзейнымі кліентамі расійскай нафтавай галіны. Як паведамляе Reuters, далёка не ўсе індыйскія буйныя спажыўцы выказалі жаданне набываць нафту і пасля 5 снежня, роўна як і кітайскія кампаніі па нафтаапрацоўцы зніжаюць свае закупкі. Варта яшчэ памятаць пра «столь цэнаў», якая ўводзіцца для продажу расійскай нафты нееўрапейскім краінам. Ды і ў цэлым, па апошніх прагнозах OPEC, попыт на нафту будзе зніжацца. Усё гэта, безумоўна, знізіць фінансавыя паступленні ў расійскі бюджэт.

Што акрамя нафты і газу?

Калі браць іншыя прыродныя рэсурсы, такія як калійныя ўгнаенні, ці рэдкія металы (кшталту родыю), дык тут нельга спадзявацца на маштабы прыбытку, якія могуць кампенсаваць хаця б неабходныя страты.

Таму выглядае вельмі імаверна, што галоўны рэсурс, на які разлічвае цяпер Расія, — гэта час. Вывад войскаў з тых тэрыторыяў, якія яна не можа абараняць (Харкаўская вобласць, правы бераг Дняпра з Херсонам) сведчыць пра падрыхтоўку да абароны ключавых для Расіі пазіцыяў: тэрыторыі гэтак званых ЛНР і ДНР і транспартны калідор у Крым. Дзеля гэтага праводзіцца мабілізацыя і “затыканне” свежым гарматным мясам лініі фронту. За час, які марыць забяспечыць сабе Расія (хоць да вясны), можа нешта адбыцца, што заўжды ратавала Пуціна.

Насуперак распаўсюджанаму меркаванню, Пуцін — вельмі кепскі стратэг. Ён прызвычаіўся карыстацца момантам у спадзяванні, што “крывая вывязе”. І крывая вывозіла, што падавалася пад соўсам: «Пуцін зноў усіх перайграў». Так, напрыклад, мігранцкі крызіс, які быў выкліканы вайной у Сірыі, нечакана ператварыўся ў значны выклік для краін ЕС, што было выкарыстана Расіяй для дасягнення сваіх мэтаў як у прымусе асобных краін пайсці на саступкі, так і ў спробе давесці да дэстабілізацыі палітычнай сітуацыі ў шэрагу еўрапейскіх краін і выклікаць раздрай сярод чальцоў Еўрапейскага Саюза. А вось спроба паўтарыць такі крызіс штучна — праз беларускую мяжу з Польшчай і Літвой — да істотных вынікаў не прывёў, акрамя пабудовы агароджы па ўсёй працягласці нашых межаў (акрамя расійскай).


Разлік на тое, што без расійскага газу еўрапейцы не здолеюць трымаць сваё адзінства ў справе падтрымкі Украіны і пачнуць ціснуць на яе з мэтай мінімізаваць свае мэты і пагадзіцца на нейкі кампрамісны варыянт. Але супраць гэтага тры фактары: альтэрнатыўныя пастаўкі газу з іншых краін, цёплая зіма і разуменне еўрапейцамі, што любое замарожванне канфлікту будзе выкарыстана Расіяй як шанец зрабіць працу над памылкамі, аднавіць і павялічыць сілы і нанесці новы ўдар па Украіне, з працягам, у выпадку поспеху, ужо ў бок краін ЕС. 

А час імкліва сканчаецца

Так што час — таксама сумнеўны рэсурс. Не ў апошнюю чаргу, дзякуючы паводзінам Расіі, якая старанна даводзіць краінам Захаду, што яна ўяўляе для іх непасрэдную пагрозу, Украіна будзе атрымліваць усё больш зброі, прычым, такой, якая здольная нанесці максімальныя чалавечыя страты. Таксама варта ўлічваць больш высокую матываванасць і маральную ўстойлівасць украінскіх байцоў, якія, у адрозненне ад расійцаў, цудоўна ведаюць, за што яны ваююць.

Такім чынам, пошук рэсурсаў для вайны выглядае досыць марнай справай. На некаторы час, канечне, іх хопіць, але магчымасці аднаўлення выглядаюць вельмі сціплымі. І пакуль стратэг Пуцін будзе чакаць свайго новага шанцу, Расія будзе губляць рэсурсы, рынкі збыту, а галоўнае — людзей. І праз мабілізацыю, і праз уцёкі ад мабілізацыі. Прычым, найбольш эканамічна актыўных людзей, якія маглі б прынесці шмат карысці сваёй краіне. А гэта значыць, што Расія губляе перспектыву. Прычым, падобна, на некалькі пакаленняў.