Валерый Карбалевіч: Беларусь больш не саромеецца быць у хаўрусе ізгояў
Палітычны аглядальнік у сваім блогу на Радыё Св*бода разважае пра візіт прэм’ер-міністра Беларусі Рамана Галоўчанкі ў Іран і Сірыю, і адзначае, што цяпер у гэтых краін з Беларуссю ёсць адна агульная, аб’ядноўваючая рыса.
Прэм’ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка ладзіць трохдзённы візіт у Іран, Сірыю, Расію. Геаграфія візіту паказальная тым, што ўсе названыя краіны — краіны-ізгоі, якія цяпер знаходзяцца пад міжнароднымі санкцыямі.
Уласна кажучы, Галоўчанка ў Іране і не хаваў, што ідзецца пра хаўрус ізгояў, якім «важна сумеснымі намаганнямі справіцца з тымі выклікамі, якія ставіць перад намі калектыўны Захад».
Пасля сыходу прэзідэнта Ірана Махмуда Ахмадзінежада беларуска-іранскае супрацоўніцтва застопарылася. Бо яно грунтавалася на ідэалагічнай антызаходняй аснове, вялікіх эканамічных скрэпаў не было. За дзевяць месяцаў сёлета гандлёвы абарот паміж Беларуссю і Іранам склаў $63,6 млн. Гэта мізер.
Але цяпер, як відаць, адбываецца пэўная рэанімацыя беларуска-іранскага хаўрусу. Імпульс новаму этапу дала сустрэча Лукашэнкі з прэзідэнтам Ірану Эбрагімам Раісі ў верасні ў Самаркандзе на палях саміту Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва. У кастрычніку Іран наведаў міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей, які перадаў Тэгерану беларускія прапановы. Галоўчанка падчас візіту павінен узгадніць праект дарожнай мапы супрацы на 2023–2026 гады. Канчаткова дакумент будзе падпісаны на новай сустрэчы Лукашэнкі з прэзідэнтам Ірану Раісі.
Што стала штуршком для рэанімацыі актыўнай супрацы? Мяркую, той факт, што абедзве краіны апынуліся пад санкцыямі. Іран ужо шмат апошніх гадоў жыве ва ўмовах жорсткага санкцыйнага рэжыму. Больш жорсткага, чым той, у якім цяпер апынулася Беларусь. Бо там дзейнічаюць другасныя санкцыі. Зразумела, што Беларусь дасюль асцерагалася ісці на актыўнае эканамічнае супрацоўніцтва з Іранам, бо была рызыка трапіць пад гэтыя другасныя заходнія санкцыі.
Сёння ж Беларусі няма чаго баяцца. Усё, што можна страціць, афіцыйны Мінск ужо страціў. Цяпер можна жыць, нічога не асцерагаючыся. Таму і пачалася рэанімацыя супрацы. Бо ўласна кажучы, а з кім яшчэ супрацоўнічаць ва ўмовах міжнароднай ізаляцыі?
Якія ж сферы робяцца прыярытэтнымі? Мяркую, ідзецца пра супрацу ў вайскова-прамысловым комплексе. Галоўчанка намякаў, што забароненых тэмаў у двухбаковых адносінах няма. Варта нагадаць, што цяпер ідзе актыўнае супрацоўніцтва ВПК Расіі і Ірана. Іранскія дроны масава выкарыстоўвае Расія ў вайне з Украінай.
Украінская выведка паведамляла, што беларуская дэлегацыя плануе падчас гэтага візіту дамовіцца аб арганізацыі тэхналагічнага працэсу зборкі рэактыўных снарадаў калібраў 122, 220 і 300 мм на тэрыторыі Беларусі. Вайна ва Украіне працягваецца, канца ёй не бачна. Расіі спатрэбіцца шмат снарадаў. І прадаваць іх РФ стане даволі выгодным бізнесам.
Так што, як відаць, працяг будзе.