Галоўчанка выправіўся ў Іран па рэактыўныя снарады?

Прэм'ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка адправіўся ў Іран і Сірыю. Візіт працягнецца 22-24 лістапада. Як паведаміла прэс-служба ўрада, Галоўчанка правядзе перамовы з прэзідэнтам Ірана Ібрахімам Раісі, а таксама з першым віцэ-прэзідэнтам краіны Махамадам Махберам.

1044845934_0_0_3000_1698_1920x0_80_0_0_d53698d7a6f6d20429a5b5f7eec57376.jpg


Па словах Галоўчанкі, Беларусь і Іран могуць дасягнуць большага ў гандлёва-эканамічным і інвестыцыйным узаемадзеянні. Усе прапановы будуць уносіцца ў праект дарожнай карты шырокага супрацоўніцтва дзвюх дзяржаў на 2023-2026 гады.

Галоўчанка таксама возьме ўдзел у Беларуска-іранскім бізнес-форуме, наведае шэраг прадпрыемстваў Ірана, а таксама правядзе перамовы, па выніках якіх плануецца падпісанне дамоў аб супрацоўніцтве.

У студзені-верасні 2022 года тавараабарот паміж Беларуссю і Іранам вырас да $63,6 млн (рост у 2,9 разы да аналагічнага перыяду 2021 года), экспарт — да $48,6 млн (у 4,4 разы), імпарт — да $15 млн (рост на 41,8%). Сальда станоўчае — $33,6 млн.

Раней украінская разведка паведамляла, што беларуская дэлегацыя плануе візіт у Іран, каб атрымаць магчымасць арганізацыі тэхналагічнага працэсу зборкі рэактыўных снарадаў калібраў 122-мм, 220-мм і 300-мм на тэрыторыі Беларусі.

Паводле звестак ГУР МА Украіны, Лукашэнка шукае магчымасць арганізацыі на тэрыторыі краіны вытворчасці састаўных частак для снарадаў калібраў 152-мм і 122-мм і пераходу ў далейшым на замкнёны цыкл вытворчасці боепрыпасаў.

Варта нагадаць, што да назначэння на пасаду прэм’ер-міністра Раман Галоўчанка ўзначальваў ваенна-прамысловы комплекс краіны.

Паводле «Радыё Св*бода», «Белнавіны»