Ці надоўга яшчэ хопіць Расіі грошай ад продажу энерганосьбітаў?

Спойлер: нягледзячы на прыгожыя лічбы росту прыбыткаў ад продажу нафты і газу, пры існуючай тэндэнцыі, грошай хопіць максімум на некалькі гадоў.

original_65.jpg

Звадкаваны газ замест Газпраму

Днямі ў нямецкім Вільгельмсгафэне, што на ўзбярэжжы Паўночнага мора, адбылося адкрыццё прычалу, які здольны прымаць судны з звадкаваным прыродным газам (ЗПГ). Ужо ў снежні тут чакаюць першы карабель з ЗПГ з Нарвегіі. Міністр навакольнага асяроддзя зямлі Ніжняя Саксонія Крысціян Мэйер пры гэтым адзначыў, што дадзены прычал — часовая мера па забеспячэнні патрэбаў Германіі ў прыродным газе, які потым выкарыстоўваецца ў прамысловасці, для перапрацоўкі ў электраэнергію, для ацяплення, у якасці аўтамабільнага паліва.

Порт Вільгельмсгафэна зрабіўся першым месцам у Германіі, дзе можна прымаць караблі з ЗПГ. Адкрыццё яшчэ двух плануецца на 2026 г. Такім чынам, Германія зрабілася 12-ай краінай ЕС, якая пачала спажываць ЗПГ. Усяго ў Звязе функцыянуюць 22 тэрміналы. Пры гэтым абсталяванне нямецкага порту пад прыёмку ЗПГ адбылася надзвычай хутка: ад стадыі абвяшчэння да рэялізацыі праекту прайшло менш за год. Сама пабудова такога прычалу з’яўляецца хуткім адказам на рост запыту на ЗПГ, паколькі ў дадзеным выпадку не будуецца стацыянарны тэрмінал для рэгазіфікацыі ЗПГ да газападобнага стану.

Замест гэтага да прычалу на сталай аснове швартуецца карабель-тэрмінал, які і ажыццяўляе гэтую аперацыю. І, канечне, зразумелым ёсць, адкуль такая паспешнасць: за ёй стаіць неабходнасць пазбавіцца залежнасці ад расійскага газу, які паступае па трубах.

Што стаіць за прыгожымі лічбамі?

Навіна, безумоўна, нясе зарад пазітыву адносна скарачэння імпарту расійскага газу і, адпаведна, скарачэння магчымасцяў самой Расіі фінансаваць вайну ва Украіне. У той жа час у медыйнай прасторы раз-пораз з’яўляюцца артыкулы, у якіх даводзіцца, што замест скарачэння попыту на расійскія тавары (у тым ліку, газ і нафту) ад пачатку вайны мы бачым толькі ягонае павелічэнне, што прыносіць Расіі дадатковыя дывідэнды. Прыводзяцца пераканаўчыя графікі і дыяграмы з гіганцкімі лічбамі росту таваразвароту паміж Расіяй і краінамі ЕС, што мусіць дэманстраваць адсутнасць эфекту ад санкцыйнай палітыкі.

Гэта ўводзіць у стан расчаравання і дэпрэсіі тых, хто спадзяецца на хуткае завяршэнне крывапраліцця і ліквідацыі той пагрозы глабальнай сістэме бяспецы, якую ўяўляе сабой цяперашняя Расія. Адпаведна, губляецца вера ў палітыку санкцый, роўна як і ў агульную стратэгію краін Захаду ў процістаянні с расійскай пагрозай.

У сваю чаргу, гэта павялічвае ціск на палітычнае кіраўніцтва з боку грамадства, што пры пэўных (і вельмі пажаданых Расіяй) абставінах можа нарадзіць палітычны крызіс у Еўропе і прывесці да зняцця санкцыяў, што дасць магчымасць агрэсару ў поўнай меры фінансаваць сваю ваенную дзейнасць.

Ці ёсць плён ад санкцый?

Вось тут акурат і ўзнікае пытанне: калі палітыка санкцыяў не прыносіць плёну, акрамя як росту прыбыткаў той краіны, якая пад санкцыямі і знаходзіцца, дык навошта гэтай краіне так зацята супраць іх змагацца? «Хто-та ўрот», — узнікае думка, разам з жаданнем разабрацца: дык што сапраўды стаіць за палітыкай санкцыяў, і якім будзе іхні сапраўдны плён.

Адразу пасля пачатку поўнамаштабнай агрэсіі Расіі супраць Украіны заходнія краіны пачалі распрацоўваць санкцыі, якія, у тэорыі, могуць скараціць магчымасці агрэсара. Зразумела, што першай пад удар трапіла энергетычная сфера, паколькі менавіта ў ёй назіраўся найбольшы прыбытак для Расіі.

Яшчэ ў красавіку ЕС прыняў рашэнне спыніць імпарт расійскага вугалю, што будзе каштаваць Расіі 4,4 млрд даляраў штогод (20 млн даляраў штодзённа). Але з газам і нафтай пытанне не такое простае. Нямеччына залежыць на 35% ад паставак расійскага газу, Італія — на 40%. Да вайны Еўрапейскі Саюз атрымліваў 40% імпарту газу з Расіі. Цяпер пастаўлена задача да 2027 г. цалкам пазбавіцца ад паставак расійскага газу. Мэта — скараціць 850 млн даляраў штодзённа, якія Расія атрымлівае за пастаўкі нафты і газу ў Еўропу, чым яна потым аплочвае вайну супраць Украіны.

Толькі пад канец траўня еўрапейскія краіны дамовіліся пра амаль поўную адмову ад расійскай нафты да канца бягучага году. Поўны бан будзе ўведзены на пастаўкі марскім шляхам, у той час як некаторыя аб’ёмы будзе дазволена атрымаць праз трубаправоды. Гэтае выключэнне звязана, у першую чаргу, з Венгрыяй, якая не мае альтэрнатыўных варыянтаў паставак. Улюбым выпадку, імпарт расійскай нафты мусіць скараціцца на 90%.

Ці трэба прыносіць камфорт у ахвяру?

Гучыць прыгожа. Але ў палітыцы санкцыяў у дачыненні да расійскага экспарту нафты і газу існуе адна вялікая дзірка — жаданне іншых нацый (у першую чаргу — еўрапейскіх) гэтыя нафту і газ спажываць. Зразумела, калі ты ведаеш, што каб табе ўзімку было цёпла і камфортна, табе патрэбен той жа газ, але пры гэтым разумееш, што доступ да закупаў будзе рэзка абмежаваным, ты будзеш імкнуцца набыць гэты газ цяпер, калі абмежаванні яшчэ не ўступілі ў сілу. Тут няма анічога звышнатуральнага.

Што і выклікала рост попыту на гэтыя тавары, што прымушала экспертаў (асабліва ў першай палове года) даваць сумныя прагнозы наконт здольнасці санкцый уплываць на магчымасці Расіі весці вайну. Значны ўнёсак у фармаванне такога погляду зрабілі таксама Індыя і Кітай, якія пачалі актыўна закупаць расійскія энерганосьбіты. Калі заставацца ў кантэксце тых трэндаў, дык сапраўды, санкцыі для Расіі анічога не змянілі. Нават палепшылі: па падліках адмыслоўцаў Bloomberg Economics, у гэтым годзе Расія атрымае ад продажы нафты і газу каля 285 млрд даляраў, што на 1/5 болей, чым яна атрымала за мінулы год.


Але ва ўсіх гэтых выкладках не ўлічваецца дынаміка сітуацыі. Калі ж узяць у параўнанні тое, што адбывалася ў першым паўгоддзі, з тым, што можна назіраць увосень, вымалёўваецца іншая карціна. У цэлым экспарт расійскай нафты марскім шляхам упаў за першую палову верасня на 314 тыс. барэляў/дзень з 3,03 млн б/дзень у сярэднім у жніўні (гэта ёсць, на 10%). Такім чынам, ён дасягнуў мінімуму з верасня 2021 г.

У той жа час Індыя — другі па аб'ёмах імпарцёр расійскай нафты (пасля Кітая) — скараціла ў жніўні свае закупкі на 40% у параўнанні з ліпеньскім узроўнем. Потым быў пік у кастрычніку, але цяпер у пастаўках расійскай нафты ў Індыю назіраецца новае падзенне. Гэта пры тым, што санкцыі ЕС на расійскую нафту, якая транспартуецца марскім шляхам, уступаюць у дзеянне толькі з 5 снежня. Пры гэтым на расейскую нафту дзейнічае дысконт (прыблізна 20 даляраў ад кошту на марку Brent), а гэта вядзе да падзення прыбыткаў. Пакуль застаецца не зусім зразумелай сітуацыя з «столяй цэнаў» на расійскую нафту, пра ўвядзенне якой краіны ЕС ужо дамовіліся —  калі дысконт будзе адлічвацца ад гэтай «столі», дык падзенне прыбыткаў павялічыцца яшчэ больш.

Тое ж назіраецца і ў выпадку паставак расійскіх нафты і газу ў краіны ЕС. Напрыклад, у Нідэрландах знаходзіцца буйны нафтаапрацоўчы хаб (Амстэрдам-Ратэрдам), які традыцыйна спажываў вялікія аб'ёмы расейскае нафты. Але і тут імпарт відавочна запавольваецца: у першае палове верасня імпарт упаў да шматгадовага мінімуму: 232 тыс. б/дзень. (і тут таксама трэба ўлічваць, што з 5 лютага 2023 г. пачынаюць дзейнічаць санкцыі ЕС супраць расейскіх прадуктаў нафтаапрацоўкі).

Ці ёсць замена расійскім пастаўкам?

У справе адмовы ад імпарту з Расіі Еўропе дапамагаюць іншыя пастаўчшыкі, у тым ліку — ЗША, Катар, Нарвегія. З гэтых краін і ідзе звадкаваны газ, на які ўскладаюцца асобныя чаканні. Толькі за восем месяцаў бягучага году (студзень-жнівень) пастаўкі ЗПГ у Еўропу дасягнулі аб’ёму 98 млрд кубічных метраў, што на 39 млрд болей, чым за ўвесь 2021 г., а таксама вышэй за абсалютны рэкорд падобных паставак, пастаўлены ў 2019 г. Гэта, канечне, пакуль далёка ад пакрыцця еўрапейскай патрэбы, якая складае ў цэлым 400 млрд кубічных метраў. Але мы бачым, у тым ліку — на прыкладзе хуткага з’яўлення новых тэрміналаў для ЗПГ, што гэтую праблему можна вырашыць.

Яшчэ адна праблема ў тым, што ў спрэчцы за амерыканскі звадкаваны газ еўрапейцы сутыкаюцца са сваімі азіяцкімі канкурэнтамі. Самі амерыканцы не могуць павялічыць свае пастаўкі, паколькі іх магутнасці і без гэтага працуюць на поўную моц. Але тут, нечакана, на дапамогу прыходзіць… Расія. Сваімі дэмпінгавымі пастаўкамі газу ў Кітай яна зніжае накал на азіяцкім рынку, што, у сваю чаргу, робіць перспектывы еўрапейскіх пакупнікоў амерыканскага газу не такімі змрочнымі. І, канечне, астатнія пастаўшчыкі ЗПГ тут таксама прыходзяць на дапамогу.

Акрамя таго, нельга вось проста так узяць і набыць расійскую нафту. Бо расійскія банкі знаходзяцца пад санкцыямі. І тая ж Індыя, мо, і хацела б набыць больш таннай расейскай нафты, каб забяспечыць патрэбы свайго гіганцкага насельніцтва, але транзакцыі не пройдуць. Схема аплаты ў нацыянальных валютах (рублі, рупіі, тыя ж юані, у выпадку Кітая) выглядае грувасткай і не надта прывабнай. Іншая перашкода — транспартаванне нафты. Еўрапейскія санкцыі ўключаюць у сябе забарону на страхаванне марскіх перавозак расійскіх тавараў. Улічваючы, што 95% сусветнага танкернага флоту страхуюцца ў краінах ЕС, задача знайсці танкеры для дастаўкі расійскай нафты будзе вельмі цяжкай. Як адзначаюць эксперты, можна паспрабаваць утварыць флот, які не трапляе пад санкцыі, але на гэта патрэбен час.

Дзеля чаго ўсё гэта?

Як бачна, санкцыі ўсур’ёз нацэлены на тое, каб пазбавіць Расію магчымасцяў вядзення вайны (ці, прынамсі, істотна скараціць гэтыя магчымасці). Тое, што цяпер можна заўважыць рост таваразвароту паміж Расіяй і некаторымі краінамі ЕС, мае абмежаваны характар у часе. Гэта, дарэчы, могуць пацвердзіць статыстычныя даныя, якія дэманструюць рэзкае падзенне вытворчасці ў Расіі.

Лічбы, апублікаваныя Расстатам яшчэ ў красавіку, у прыватнасці, указваюць, што ў параўнанні з красавіком 2021 г., вытворчасць аўтамабіляў у Расіі абвалілася на 85,4%, лядоўняў — на 46%. Што характэрна, вытворчасць пральных машынаў скарацілася на 59%, чым часткова можна патлумачыць інтарэс да іх з боку расійскіх вайскоўцаў. Цяжкая сітуацыя і з імпартам. Да ўвядзення санкцыяў на «несяброўскія» краіны прыпадала 62% расійскага імпарту. І гэта, нагадаю, у той час, калі санкцыі, фактычна, не пачалі дзейнічаць у поўным аб’ёме.

Усё гэта робіцца не толькі дзеля таго, каб пазбавіць Расію магчымасці фінансаваць вайну. Бо ў сярэдне- і догатэрміновай перспектыве ўсе гэтыя крокі прывядуць да таго, што Еўропа нарэшце пазбавіцца залежнасці ад расійскіх энерганосьбітаў. А Расія больш не зможа дыктаваць умовы краінам, залежным ад яе паставак. Больш за тое, калі існуючая тэндэнцыя захаваецца, то даволі скора Расія будзе вымушаная ці прадаваць свае энерганосьбіты значна ніжэй сабекошту ці ўвогуле кансерваваць свідравіны. Што роўнае фактычна канцу эпохі жыравання на нетрах.

Але тут узнікае заканамернае пытанне: ці існуюць магчымасці для Расіі знайсці іншыя крыніцы сродкаў на працяг агрэсіўнай палітыкі?