Дармаедаў чакае сюрпрыз. І гэта не пра чыноўнікаў

Фактычна можна казаць пра новы падатак, які будуць плаціць тыя, каго ўлады лічаць дармаедамі.

_hroszy___infljacyja___zycce__fota_dzmitryeu_dzmitry_novy_czas_logo_2.jpg

Чыноўнікі прыдумалі чарговыя змены для «дармаедаў», гэтым разам — падатковыя, паведамляе «Л*стэрка».

Падаткавікі хочуць па-новаму правяраць даходы і выдаткі працаздольнага насельніцтва, якое занята ў эканоміцы. Гэта прадугледжана праектам змяненняў у Падатковы кодэкс на 2023 год. Гэты дакумент яшчэ не зацверджаны.

Для каго хочуць ўвесці змены

Падаткавікі хочуць па-новаму праводзіць камеральныя праверкі адпаведнасці выдаткаў даходах фізічных асоб, якія як мінімум пяць гадоў бесперапынна не лічацца занятымі ў эканоміцы, а таксама ўключаны ў базу «дармаедаў». Прасцей кажучы, гаворка пра тых, хто, па даных чыноўнікаў, афіцыйна не працаваў больш за пяць гадоў.

У студзені гэтага года ва ўрадзе мелі намер абмеркаваць сітуацыю на рынку працы, а таксама тое, як ідзе праца па пошуку тых, хто «ўтойвае даходы ад падаткаабкладання». Гэта пытанні плануюць абмеркаваць на адным з пасяджэнняў Прэзідыума Саўміна. Для гэтага прыцягвалі спецыялістаў Мінпрацы, МУС, МПЗ, Мінжылкамгаса, Мінэканомікі, Мінбудархітэктуры, Міністэрства аховы здароўя, Мінінфарма, аблвыканкамаў і Мінгарвыканкама.


Нагадаем, з ліпеня 2017 года падаткавікі могуць супастаўляць сумы выдаткаў і даходаў фізасобы як за 10 апошніх поўных каляндарных гадоў, так і за мінулы перыяд гэтага года. Пры гэтым у іх павінна быць інфармацыя аб перавышэнні кошту маёмасці і выдаткаў над даходамі, якія паступілі з законных крыніц, на суму не менш за 500 базавых велічынь (цяпер гэта 16 000 рублёў). Тут ёсць важны момант: такое перавышэнне можа набегчы за некалькі гадоў у агульнай складанасці, і гэта можа стаць падставай для праверкі падатковай.

Якія могуць увесці новаўвядзенні па падатках

Для такіх «дармаедаў» чыноўнікі хочуць пры праверцы іх даходаў і выдаткаў не ўключаць у грашовыя паступленні падораныя сродкі, атрыманыя пазыкі, а таксама перададзеныя на захоўванне грошы.

Выключэнне плануюць зрабіць для такіх даходаў, якія былі ад сваякоў, у тым ліку бацькоў, дзяцей, мужа і жонкі, родных братоў і сясцёр, бабуль і дзядуляў. Але такія даходы не павінны быць звязаныя з прадпрымальніцкай дзейнасцю. Але і тут хочуць прапісаць абмежаванне. Агульная сума такіх грашовых паступленняў ад сваякоў не павінна перавышаць 100 базавых велічынь (на сёння гэта 3200 рублёў) на працягу года. Калі больш, то прыйдзецца заплаціць падаходны падатак у 10%. Гэты збор будуць браць з сумы перавышэння.

Заплаціць падатак трэба будзе на працягу 30 дзён пасля атрымання паведамлення.

З праекта змяненняў у Падатковы кодэкс застаецца незразумелым, ці будуць вяртаць выплачаны падатак пры вяртанні грошай сваякам. Калі так, то тут у падаткавікоў можа ўзнікнуць новае пытанне — адкуль з'явіліся грошы на вяртанне.

Нагадаем, у Беларусі ёсць так званы «падатак на пазыкі». Па ім падаходным падаткам абкладаюцца пазыкі, крэдыты ад іншых фізічных асоб, якія не з'яўляюцца ІП, а таксама ад замежных арганізацый (якія не ажыццяўляюць дзейнасць на тэрыторыі Беларусі праз пастаяннае прадстаўніцтва), замежных ІП. Падатак 13%. Пры поўным вяртанні доўгу выплачаны раней падаходны падатак вяртаюць.

Калі ж грошы на пакупкі пазычылі блізкія сваякі і гэта адлюстравана ў дэкларацыі аб даходах і маёмасці, то плаціць падатак не трэба. Прычым незалежна ад сумы пазыкі. Але з «дармаедаў» цяпер хочуць спаганяць такі падатак.

Што ўсё гэта азначае

Фактычна чыноўнікі хочуць ўвесці новы падатак для «дармаедаў».

Нагадаем, раней у 2015 годзе ў Беларусі ўвялі падатак на «дармаедства». Тым, хто на працягу каляндарнага года працаваў менш за 183 дзён, трэба было заплаціць фіксаваны збор у памеры 20 базавых. Некаторых ад гэтага збору вызвалілі: напрыклад, студэнтаў дзённых аддзяленняў, салдат тэрміновай службы, маці дзяцей да 7 гадоў, тых, хто жыве за мяжой, і гэтак далей.

За два гады дзеяння дэкрэта падаткавікі паспелі разаслаць 470 тысяч «лістоў шчасця». Праўда, многім паведамленні прыходзілі памылкова, а заплаціў збор толькі кожны дзясяты адрасат (пасля выплачаныя сумы сталі вяртаць). У пачатку 2017 года па ўсёй Беларусі праходзілі масавыя «Маршы недармаедаў», іх удзельнікаў затрымлівалі і судзілі.

Пасля гэтага ў сакавіку 2017-га спагнанне дармаедскага збору спынілі на год, а Аляксандр Лукашэнка даручыў дапрацаваць дэкрэт. У выніку ў пачатку 2018-га мы атрымалі новы дакумент з больш прыязнай назвай: «Аб садзейнічанні занятасці насельніцтва». У ім для дармаедаў усталявалі стоадсоткавую аплату некаторых камунальных паслуг. Прычым плаціць яго павінны не ўсе непрацуючыя, а толькі ўласнікі кватэр. З 1 студзеня 2019 года дармаеды сапраўды пачалі аплачваць поўным коштам гарачую ваду, пазней да яе далучыліся таксама ацяпленне і газ.

Якія змены ўвялі ў гэтым годзе

З гэтага года ў Беларусі паднялі падаходны падатак для тых, хто жыве не па сродках і ўвялі новаўвядзенні па дэкларацыях.

Так, з 1 студзеня чыноўнікі адмовіліся ад абавязковага запыту дэкларацыі аб даходах і маёмасці. Раней падаткавікі запытвалі такую інфармацыю ва ўсіх, у каго правяралі выдаткі і даходы. Яны разлічваюць, што гэта скароціць тэрміны праверак. Таксама павялічылі ў 2 разы суму перавышэння выдаткаў над даходамі, пры якой падаткавікі запытваюць тлумачэнні, дзе чалавек узяў «лішнія» грошы. Яе паднялі да 500 базавых велічынь (цяпер гэта 16 тысяч рублёў).

Таксама ўлады павялічылі падаходны падатак з сумы перавышэння выдаткаў над даходамі да 20% (раней ён складаў 16%).