Камуналку — па поўнай, падаткі — удвая. Як улады Беларусі ціснуць на эмігрантаў

Улады Беларусі працягваюць прыдумляць рэпрэсіўныя ініцыятывы для ціску на беларусаў, якія пакінулі краіну. DW падрыхтавала спіс мер, якія ўжо прынятыя і яшчэ абмяркоўваюцца.

Ілюстрацыйнае фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Ілюстрацыйнае фота Дзмітрыя Дзмітрыева


Беларускія ўлады не пакідаюць спроб уздзейнічаць на беларусаў, якія пакінулі краіну, і прыдумляюць усё новыя меры ціску. Прычым гаворка ідзе не толькі пра палітычных эмігрантаў. Новыя меры маюць, у тым ліку, эканамічны характар — рэжым вырашыў ударыць і па кішэнях эмігрантаў. Напрыклад, грамадзяне, якія пакінулі краіну, прызнаныя «дармаедамі» і цяпер павінны будуць плаціць за «камуналку» па поўных тарыфах. Улічваючы, што палітычны крызіс у Беларусі пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года, а таксама вайна Расіі ва Украіне спарадзілі масавую эміграцыю з краіны, гэтая новая мера можа закрануць дзясяткі тысяч чалавек.

Якія яшчэ захады беларускіх уладаў закрануць беларусаў, якія пакінулі краіну?


Эмігрантаў-«дармаедаў» прымусяць плаціць «камуналку» па поўнай

30 сакавіка Савет міністраў Беларусі прыняў пастанову, якая ўносіць змены ў шэраг дакументаў, прынятых для рэалізацыі «дармаедскага» дэкрэта №3 «Аб садзейнічанні занятасці насельніцтва» — таго самага акта, які ў 2018 годзе выклікаў акцыі пратэсту насельніцтва ва ўсёй краіне. Першапачаткова з непрацуючых грамадзян (за некаторымі выключэннямі) спаганялі падатак на ўтрыманства, аднак пасля пратэстаў дэкрэт змянілі, і «дармаеды» павінны былі плаціць за жыллёва-камунальныя паслугі (газ, ацяпленне, гарачая вада) па поўных тарыфах, калі былі ўласнікамі жылля.

Да гэтага новаўвядзення плата за некаторыя віды паслуг не спаганялася, калі грамадзянін выехаў з Беларусі на тэрмін звыш 10 сутак запар, папярэдне праінфармаваўшы пра гэта службы ЖКГ і маючы паважлівую прычыну ад'езду. Аднак цяпер гэтая норма не будзе распаўсюджвацца на беларусаў, якія не плацяць падаткі на радзіме і выехалі за мяжу з 1 сакавіка 2022 года больш чым на 30 дзён запар. Выключэнне — выезд на аздараўленне і санаторна-курортнае лячэнне.

Ілюстрацыйнае фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Ілюстрацыйнае фота Дзмітрыя Дзмітрыева


Гэта значыць, што беларускім эмігрантам і рэлакаваным грамадзянам, якія ў Беларусі не плацяць падаткі, давядзецца ў поўным аб'ёме аплачваць камунальныя паслугі за газ, ацяпленне і гарачую ваду ў пакінутым у іх уласнасці жытле. Інфармацыю пра тых, хто выехаў з краіны на тэрмін больш за 30 дзён, будзе збіраць Памежны камітэт і паведамляць у Міністэрства працы і сацабароны.

«Дармаедскую» базу абнаўляюць раз на квартал, праўда, дакладная колькасць грамадзян, якую змяшчае гэтая база, невядомая, як і колькасць тых, хто атрымае «жыроўкі» па поўных тарыфах. Паводле наяўных даных, у канцы 2020 года ў Мінску ўлады налічылі 67 тысяч дармаедаў.

Беларусь хоча разарваць дагаворы аб пазбяганні двайнога падаткаабкладання

Яшчэ адна эканамічная мера супраць выехаўшых беларусаў тычыцца выплаты падаткаў. 14 сакавіка Аляксандр Лукашэнка падпісаў Указ №93 «Аб дадатковых мерах па забеспячэнні стабільнага функцыянавання эканомікі». Як вынікае з тлумачэння Мінфіна, указ быў прыняты ў адказ на «беспрэцэдэнтны санкцыйны ціск» і дазволіць «абараніць нацыянальныя інтарэсы Беларусі ад недружалюбных дзеянняў замежных дзяржаў і міжнародных арганізацый».

У адным з пунктаў указа гаворыцца, што ўлады ў якасці зваротнай меры рэагавання маюць права прыпыняць выкананне міжнародных пагадненняў аб пазбяганні двайнога падаткаабкладання з «недружалюбнымі краінамі». Гэтыя дамовы дазваляюць беларусам, якія працуюць за мяжой, плаціць падаткі толькі ў краіне знаходжання, калі з ёй заключана такое пагадненне. Атрымліваецца, што адмена дзеяння такога пагаднення будзе патрабаваць ад эмігрантаў плаціць падаткі яшчэ і ў Беларусі — гэта значыць у падвойным памеры.

Такія дамовы Беларусь мае з больш чым 70 краінамі, сярод якіх большасць краін Еўрасаюза (у тым ліку Літва і Польшча, куды перасялілася шмат беларусаў), Украіна, Расія, Вялікабрытанія, ЗША і Японія. Зрэшты, на дадзены момант улады Беларусі афіцыйна не паведамлялі пра прыпыненне дзеяння гэтых дамоў або пра іх дэнансацыю.

Палітэмігрантаў будуць судзіць завочна

Ініцыятыва, якая ў першую чаргу закране палітычных эмігрантаў, — гэта прапанова Следчага камітэта ўвесці завочную вытворчасць па крымінальных справах у дачыненні да асоб, якія знаходзяцца па-за межамі краіны. Як паведамляецца, СК рыхтуе адпаведны законапраект і гэтую ідэю ўжо падтрымалі Вярхоўны суд і Генеральная пракуратура. У бліжэйшы час гэты законапраект збіраюцца накіраваць у Савет міністраў і Палату прадстаўнікоў.

Неабходнасць у завочнай вытворчасці, паводле слоў кіраўніка СК Дзмітрыя Гары, заключаецца ў тым, што шэраг краін — у прыватнасці, Польшча і Літва — адмаўляюць Беларусі ў выдачы асоб, супраць якіх у Беларусі распачатыя крымінальныя справы. «Для таго, каб рэалізаваць прынцып няўхільнасці крымінальнай адказнасці, уносіцца прапанова разглядаць у судах крымінальныя справы ў дачыненні да такіх асоб у выпадку, калі нам адмоўлена ў іх выдачы альбо калі не паступіла адказу на запыт аб выдачы, у завочным парадку — гэта значыць без удзелу асобы, у дачыненні да якой разглядаецца крымінальная справа», — сказаў Гара ў лютым гэтага года.

Ініцыятыву судзіць тых, хто з'ехаў з краіны, ухваліў і Аляксандр Лукашэнка. «Не думаю, што новаўвядзенне закране нейкую значную колькасць нашых грамадзян. Мабыць, гэта адзінкі з ліку так званых збеглых», — пракаментаваў ён.

Такая практыка, як каментавалі DW юрысты і эксперты, пазбаўляе чалавека канстытуцыйнага права на абарону ад неабгрунтаванага падазрэння і абвінавачання. Акрамя таго, такім чынам улады Беларусі спрабуюць запалохаць актывістаў, якія выехалі за мяжу, каб яны баяліся выказваць сваё меркаванне, а таксама аказаць на іх маральны ціск, афіцыйна назваўшы злачынцамі.

Беларускіх «экстрэмістаў» улады хочуць пакінуць без маёмасці

Акрамя таго, практыка завочнага суду можа дапамагчы ў рэалізацыі яшчэ адной нядаўняй ініцыятывы ўладаў — канфіскоўваць маёмасць у асоб, прызнаных уладамі «экстрэмістамі». З такой прапановай выступіла Галоўнае ўпраўленне па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй (ГУБАЗіК), якое рыхтуе адпаведны законапраект.

Ілюстрацыйнае фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Ілюстрацыйнае фота Дзмітрыя Дзмітрыева


«Таксама лічым неабходным... прымяняць да асоб, якія ўчынілі злачынствы экстрэмісцкай накіраванасці, у якасці дадатковага пакарання агульную канфіскацыю іх маёмасці», — заявіў кіраўнік ГУБАЗіКа Андрэй Паршын. Улічваючы, што толькі ў ліпені 2021 года ўлады справаздачыліся аб узбуджэнні больш за 4,2 тысяч спраў, звязаных з экстрэмізмам, і рэпрэсіі ў Беларусі да гэтага часу працягваюцца, патэнцыйна гэтая ініцыятыва можа закрануць многіх беларусаў, у тым ліку тых, хто з'ехаў з краіны.

Зрэшты, трэба адзначыць, што хоць пра ініцыятыву пачалі гаварыць яшчэ ў лістападзе мінулага года, да гэтага ніякіх новых законаў на гэты конт прынята не было. Праўда, пра маёмасць тых, хто з'ехаў, падчас «Паслання беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу» 28 студзеня узгадваў Аляксандр Лукашэнка.

Ці будуць палітэмігрантаў пазбаўляць грамадзянства?

Напэўна, самай сур'ёзнай мерай супраць палітычных эмігрантаў можа стаць пазбаўленне грамадзянства — з такой ініцыятывай у кастрычніку мінулага года таксама выступіў ГУБАЗіК. Са жніўня 2021 года ў краіне можна адымаць грамадзянства ў натуралізаваных беларусаў, а цяпер хочуць яшчэ і ў грамадзян па праве нараджэння.

Ілюстрацыйнае фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Ілюстрацыйнае фота Дзмітрыя Дзмітрыева


«Людзі, якія збеглі з нашай краіны, ненавідзяць яе і сёння працуюць у інтарэсах заходніх краін, не павінны мець права называцца беларусамі», — заявіў прадстаўнік ведамства Вячаслаў Арлоўскі. Паводле яго слоў, асобы, якія страцілі беларускае грамадзянства, не змогуць вярнуцца ў Беларусь, удзельнічаць у выбарах ці рэферэндуме і ў цэлым прымаць удзел у грамадска-палітычным жыцці краіны. Таксама падобная ініцыятыва абмяркоўвалася ў беларускім парламенце.

Норма аб пазбаўленні грамадзянства, як тлумачылі DW эксперты, відавочна, будзе парушаць Канстытуцыю Беларусі, правы чалавека і насіць чыста рэпрэсіўны характар. Больш за тое, у новай рэдакцыі Канстытуцыі ў артыкуле аб тым, што «набыццё і страта грамадзянства ажыццяўляюцца ў адпаведнасці з законам», слова «страта» было заменена на «спыненне», у чым назіральнікі ўбачылі глебу для пазбаўлення грамадзянства «непажаданых». Некаторыя праўладныя тэлеграм-каналы нават пісалі, што спісы на пазбаўленне грамадзянства ўжо гатовыя, аднак на дадзены момант ніякіх заканадаўчых актаў пра гэта прынята не было.

Паводле dw.com.
Пераклад НЧ.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: