Мастацтвазнаўца Мікіта Моніч з'ехаў з Беларусі
Вядомы мастацтвазнаўца Мікіта Моніч з'ехаў з Беларусі. Пра гэта ён распавёў на платформе Sojka. Рашэнне была прынятае пасля 24 лютага, калі расійскія войскі ўварваліся на тэрыторыю Украіны.

«Мы самі сабраліся за суткі. На пустой вячэрняй мяжы
стаіць на святлафоры машына. Пад'язджаю ззаду, станаўлюся ў чаргу. Праз 10
хвілін святло ўсё яшчэ чырвонае, ніякага руху, таму вырашаю спытаць у кіроўцы,
што ды як. Падыходжу ды машыны, кіроўца апускае шкло, і аказваецца, што гэта
мой няздзейснены заказчык: дамаўляліся, што прачытаю лекцыю яго супрацоўніцам
да 8 сакавіка. «Мабыць, цяпер не прачытаю», — сумна смяемся мы.
Запальваецца зялёнае святло, мы праязджаем на памежны кантроль», — напісаў ён.
Усходазнаўца і лінгвакраіназнаўца па адукацыі, Мікіта Моніч скончыў аддзяленне «Міжнародныя адносіны» ў БДУ і пачаў працаваць у Нацыянальным мастацкім музеі ў выніку размеркавання, нагадвае reform.news. Ён чытаў лекцыі, праводзіў экскурсіі, займаўся куратарскай працай. Моніч умела ўбудоўваў у мерапрыемствы элементы стэндапа, дзякуючы чаму яго экскурсіі карысталіся вялікай папулярнасцю сярод наведвальнікаў. У ліпені 2020-га ён быў звольнены з музея па пагадненні бакоў. Прычынай стаў верш, які Моніч апублікаваў пасля выхаду ў эфір сюжэта на тэлеканале «Беларусь 1», прысвечанага «справе Белгазпрамбанка».