Ці ёсць на гэты момант пагроза паўторнага наступу з Беларусі на Украіну?

Паўторны напад з Беларусі на Украіну можа быць запасным планам Расіі, але цяпер пагрозы няма, лічыць украінскае Мінабароны.

_mileks_2021___armija__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__7__logo_1.jpg

На гэты момант на мяжы Беларусі з Украінай знаходзіцца недастатковая колькасць варожых сіл для наступу. Пра гэта гаворыцца ў заяве намесніка міністра абароны Украіны Ганны Маляр у эфіры тэлемарафону.

Паводле яе слоў, у Беларусі цяпер фіксуюць рух тэхнікі і асабовага складу, аднак гэта адбываецца з пачатку поўнамаштабнай вайны. Цяпер адну ваенную тэхніку перакідваюць з Беларусі ў Расію, а іншую — у адваротны бок.

Маляр удакладніла, што ўкраінскія вайскоўцы ў стане гатоўнасці і сочаць за сітуацыяй у гэтым рэгіёне. А наконт новага нападу з Беларусі яна падкрэсліла: «Ці ёсць пагроза? Гэта вайна, і Расія гэтак жа, як і мы, разглядае ўсе магчымыя сцэнарыі. Магчыма, што гэта можа быць запасным варыянтам, планам Б або В. Але зыходзячы з таго, што паведамляюць вайскоўцы, нельга на сённяшні дзень казаць, што там назапашана дастаткова сіл, каб цяпер адбылося ўварванне. У той жа час нельга і адмаўляць гэтую верагоднасць. Таму нашы ўзброеныя сілы ў стане гатоўнасці».

Варта згадаць, што сёння, 22 лістапада, Дзяржаўная памежная служба Украіны паведаміла, што беларускія памежнікі імкнуцца глушыць украінскія дроны, якія выкарыстоўвае Дзяржпамежслужба, каб сачыць за тэрыторыяй, а таксама некалькі разоў спрабавалі перахапіць іх, але беспаспяхова.

21 лістапада спікер камандавання паветраных сіл УСУ Юрый Ігнат паведаміў, што Расія размясціла на тэрыторыі Беларусі ракетныя комплексы «Іскандэр» і С-400, а С-300 перакідвае ў Данецкую вобласць, каб наносіць удары не толькі па інфраструктуры прыфрантавых гарадоў, але і па ўкраінскіх войсках.

Ад пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расія выпускае свае ракеты па Украіне, у тым ліку і з тэрыторыі Беларусі. Акрамя таго, Расія атакуе Украіну дронамі-камікадзэ: яны размяшчаюцца на авіябазе ў Брэсцкай вобласці.

Зрэшты, яшчэ 4 кастрычніка беларускі кіраўнік прызнаў, што Беларусь удзельнічае ў вайне супраць Украіны: «Што тычыцца нашага ўдзелу ў спецыяльнай ваеннай аперацыі ва Украіне, мы ўдзельнічаем там. Мы гэтага не хаваем. Але мы нікога не забіваем. Мы нікуды не пасылаем сваіх ваенных», — сказаў ён.

Паводле nv.ua, slovoidilo.ua