Што робіць Расія з вывезенымі з Беларусі ракетамі С-300?

Ва ўкраінскіх Узброеных Сілах патлумачылі, якім чынам РФ выкарыстоўвае вывезеныя з Беларусі ракеты С-300 і чаму гэта ваеннае злачынства.

Фота: Мінабароны РФ / ТАСС

Фота: Мінабароны РФ / ТАСС

Расія плануе з дапамогай ракет С-300, якія яна цяпер вывозіць з Беларусі, узмацняць абстрэлы прыфрантавых тэрыторый. Пра гэта заявіў прадстаўнік украінскага камандавання Паветраных сіл Юрый Ігнат у эфіры ўсеўкраінскага тэлемарафона ў панядзелак, 21 лістапада. Расія перакідае ракеты з Беларусі для зенітна-ракетных комплексаў (ЗРК) С-300/400 на данбаскі кірунак. Так, напрыклад, 13 лістапада стала вядома, што не менш за 16 тралаў з ракетамі ехалі па беларускіх дарогах у бок аэрадрома ў Мачулішчах пад Мінскам. А да таго на аэрадром не менш за 8 разоў прыляталі расійскія грузавыя самалёты ІЛ-76.

"Мы ведаем, што Расія робіць з ракетамі С-300. Гэта зенітныя ракеты, якія прызначаны для паражэння паветраных цэляў... Рускія маюць цэлы спектр такога ўзбраення — гэта “Бук” М1, М2, М3, “Тор”, “Панцыр”, С-300, С-400 і гэтак далей. Гэтымі комплексамі яны насыцілі акупаваныя тэрыторыі і пагражаюць нашым паветраным сілам", — адзначыў Юрый Ігнат.

Ён сказаў, што ракеты С-300 у расіян лічацца састарэлымі. Іх спачатку запускалі па Украіне адзінкавымі залпамі, а затым — масавымі па прыфрантавых украінскіх гарадах.

2782513.jpg

Украінскі вайсковец заявіў, што гэтыя ракеты з'яўляюцца тэрарыстычнымі, таму што абсталяваныя металічнымі элементамі, якія разлятаюцца пры выбуху і траўмуюць мноства людзей.

Нагадаем, у ноч на 21-га лістапада расійскія войскі абстралялі ракетамі С-300 жылыя дамы ў дзвюх вёсках Запарожскай вобласці.

Паводле korrespondent.net