Шпіён-бумеранг зноў просіцца ў Эстонію

Расіянін, які быў асуджаны эстонскім судом за шпіянаж і вярнуўся ў РФ у рамках абмену шпіёнамі, папрасіў прытулку ў Эстоніі.

Кадр з фільма «Агент Джоні Інгліш: Перазагрузка»

Кадр з фільма «Агент Джоні Інгліш: Перазагрузка»

Арцём Зінчанка, асуджаны эстонскім судом у 2017 годзе за супрацоўніцтва з расійскай вайсковай разведкай і ў 2018 годзе вернуты ў РФ у рамках абмену, зноў прыехаў у Эстонію і папрасіў там палітычнага прытулку. Пра гэта ён паведаміў выданню «Eesti Päevaleht», піша «Настоящее время».

Па словах Зінчанкі, ён прыняў такое рашэнне з-за сваёй антываеннай пазіцыі. «Для мяне гэта злачынства — 24 лютага было знішчана ўсё, што было паміж мной і маёй дзяржавай», — заявіў былы шпіён. Акрамя таго, ён сказаў, што ў Расіі кіруе рэжым «з усімі аспектамі таталітарызму».

У пачатку траўня 2017 года Хар'юскі павятовы суд у Эстоніі асудзіў грамадзяніна Расіі Арцёма Зінчанку (які меў від на жыхарства ў Эстоніі з 2013 года) да пяці гадоў турмы за супрацоўніцтва з вайсковай разведкай РФ. У дзяржаўнай пракуратуры Эстоніі сцвярджалі, што ГРУ завербавала Зінчанку ў 2009 годзе. З 2013 года і да моманту затрымання ён удзельнічаў у «аператыўна-тактычнай рабоце, накіраванай супраць бяспекі Эстоніі».


У яго задачы, як адзначалася ў судзе, уваходзіў збор інфармацыі аб аб'ектах дзяржбяспекі і жыццёва важных аб'ектах на тэрыторыі Эстоніі і фіксацыя перамяшчэнняў ваеннай тэхнікі Сіл абароны Эстоніі і саюзнікаў на тэрыторыі краіны. Акрамя таго, Зінчанка павінен быў знаходзіць узоры ваеннай тэхнікі, напрыклад, сродкаў сувязі. Сабраныя звесткі і ўзоры Зінчанка перадаваў супрацоўнікам ГРУ, з якімі сустракаўся ў Пецярбургу.

У 2018 годзе Зінчанку абмянялі на асуджанага ў Расіі за шпіянаж эстонскага прадпрымальніка Райва Сусі.

Сусі ў снежні 2017 года быў асуджаны ў Расіі да 12 гадоў зняволення. Сам ён сцвярджаў, што з'яўляецца ўладальнікам шэрагу эстонскіх кампаній, якія займаюцца зборкай, рамонтам, абслугоўваннем і продажам навучальных рэактыўных самалётаў. «Aerohooldus OU», якая належыць яму, здавала ў арэнду сілам абароны два навучальныя знішчальнікі L-39. Сусі лічыў, што стаў закладнікам у адносінах Расіі і Эстоніі.