«Мы працуем, прыходзьце». «МакДональдс» не закрыўся ў Беларусі

Рэстараны «МакДональдс» у Мінску працягваюць працаваць пад гэтым брэндам 22 лістапада, нягледзячы на анансаваны пераход пад кіраванне расійскай сеткі «Вкусно — и точка». Працуе ў ліку іншых і «галоўны» рэстаран на праспекце Незалежнасці, 23, піша Officelife.media.

8428a703317050c65148a939d8175593.jpg

«Рэстараны працуюць, прыходзьце», — сказалі ва ўстанове.

«Сёння дакладна мы яшчэ «МакДональдс», — сказалі ў рэстаране на плошчы Бангалор. Дарэчы, там жа вярнулі на месца шыльды, якія знялі некалькі дзён таму.

Разам з тым мабільны дадатак «МакДональдс Беларусь», як і абяцалася, не працуе з 21 лістапада.

Раней абвяшчалася, што рэстараны спыняць працу ў Беларусі ў 18:00 21 лістапада, а 22 лістапада адкрыюцца пад брэндам «Вкусно — и точка» расійскага прадпрымальніка Аляксандра Говара, які выкупіў амерыканскія рэстараны ў Расіі.

«МакДональдс» сышоў з расійскага рынку ў траўні 2022 года на фоне вайны ва Украіне. А нядаўна абвясціў аб сыходзе і з Беларусі: усе беларускія рэстараны працягнуць працу пад назвай «Вкусно — и точка». Афіцыйнай аб'яве аб сыходзе «МакДональдса» з Беларусі папярэднічала знікненне некаторых страў з меню, якое тлумачылася праблемамі з пастаўкамі.