Трэшачок тыдня. Як КДБ «перанёс» на студзень атаку «збеглых» на рэжым

Чарговы тыдзень на сыходзе — чарговы стос відавочнага-неймавернага абсурду ад лукашэнкаўскага рэжыму патрапіў у аналы. Традыцыйна адабралі найбольш яскравую бздуру ў выкананні так званых беларускіх уладаў.

1_623.jpeg

КДБ блытаецца ў паказаннях наконт знешняй атаки на «кавалачак зямлі»

Беларусы даўно ведаюць, чаго вартыя гучныя заявы чыноўнікаў і іх правадыра Лукашэнкі. Ад пацука ў водаправодзе ў 2006 годзе да шыкоўнага «зліва» ад «Ніка і Майка» пра крэпкія арэшкі аднаго палітыка. Ведаюць — і не перастаюць здзіўляцца ўсё новым і новым шакуючым адкрыццям.
У кастрычніку кіраўнік Камітэту дзяржбяспекі Іван Церцель анансаваў напад на Беларусь баевікоў з боку Украіны. Казаў, што нейкая ўзброеная групоўка — колькасцю ажно ад 100 да 300 чалавек — зойдзе звонку на тэрыторыю Брэстчыны, дзе захопіць адзін з населеных пунктаў, меркавана, райцэнтр. Церцель нават распавядаў пра «маларыцкі напрамак», адкуль потым «тэрарысты» пачнуць прасоўвацца на Мінск. Тэрміны ён таксама акрэсліў, не выключыўшы, што гэта адбудзецца ўжо ў лістападзе.
Але ж вось ён, лістапад. Ужо на зыходзе, аднак у Маларыце, як у тым Багдадзе, усё спакойна. Дзе баявікі? Няма баевікоў. І нябачна, каб нехта там іх асцерагаўся. І Церцеля няма з аналітыкай, чаму яго прагнозы не спраўдзіліся. Затое ад КДБ прыйшлі новыя ўводныя. Лістапад пераносіцца на студзень.

2_576.jpg


Цяпер тэорыі змовы маштабуе першы намеснік старшыні КДБ Сяргей Церабаў.«Сёння мы фіксуем, — аўтарытэтна заявіў ён на гэтым тыдні, — нарастанне знешняй пагрозы інтэрвенцыі з тэрыторыі Літвы, Латвіі, Польшчы і Украіны. «Збеглыя» ўжо не бачаць магчымасці так званых мірных пераменаў і актыўна распрацоўваюць сцэнар сілавой змены канстытуцыйнага ладу».
Як гэты сцэнар будзе выглядаць і калі зламыснікі паспрабуюць яго рэалізаваць? Паводле Церабава, «збеглыя» хочуць разгайдаць студэнцкае і выкладчыцкае асяроддзе «шляхам укідаў інфармацыі аб неабгрунтаваным узняцці кошту навучання, нізкім узроўні адукацыі». А чакаецца гэта ў студзені 2023 года.
Што тут скажаш… Іх служба «і апасна, і трудна». Праз два гады пасля выбараў жменька купленых Захадам прастытутак і наркаманаў на чале з Франакам Вячоркам працягвае плясці змовы супраць кавалачка стабільнасці ў цэнтры Еўропы. Але доблесныя аператыўнікі з жоўтага дома на праспекце Незалежнасці ўсё бачаць і ўсё адсочваюць. І 150 джыпаў з боку Літвы, і склепы ў Гомельскай вобласці, і ўсё іншае. Карацей, чакаем студзеня, студэнтам падрыхтавацца.

Лукашэнка паабяцаў «разразаць булачкі» замест «МакДональдса»

3_515.jpg


Тыдзень таму мы вызначылі трэшачком сам факт сыходу «МакДональдса» з Беларусі, а сёння — у працяг — вельмі варта згадаць рэакцыю на гэта Лукашэнкі. Уласна, рэакцыя прадказальная. Калі коратка, то лайно той амерыканскі фастфуд — хай валіць, у труне мы яго бачылі.
Калі даслоўна, то было сказана так: «Я заўсёды заклікаю вас: ешце, спажывайце сваё, не кідайцеся на заморскае. Гэта сёння актуальна гучыць у плане таго, што некаторыя, асабліва сярод моладзі… Дый, напэўна, сярэдняга ўзросту, а можа, і старэйшага… Сталі ахаць і вохкаць: «Ах, «МакДональдс» сыходзіць». Я думаю: «Слава табе, божа, што хоць сыходзіць!» Але толькі месца «Макдональдса», дзе працуюць нашы людзі, нашы спецыялісты, дзе спажываецца наш тавар, павінны заняць беларусы».
Лукашэнка таксама запэўніў, што беларусы самі могуць «рабіць тое, што калісьці рабіў гэты «МакДональдс». І нават лепш. «У нас што, булачку напалову не могуць разрэзаць і ўпіхнуць у гэтыя дзве паловы кавалачак мяса, бульбы і салату? Госпадзе, хто гэта спажывае, не ведаю», — сказаў галоўны гастранаміст.
Выглядае так, што расійская сетка «Вкусно — и точка» будзе працаваць у Беларусі беларускімі сіламі і з беларускімі харчовымі прадуктамі. Яшчэ адзін праект у галіне імпартазамяшчэння. Праўда, як кажуць, ёсць нюанс. Журналісты ўжо сціпла заўважылі, што імпартазамяшчаць прыйдзецца прыблізна ўсё. Бо той жа «Макдональдс», калі яшчэ працаваў у Беларусі, карміў наведвальнікаў расійскімі булачкамі, расійскай курыцай, расійскай і іранскай салатай… Нават бульба фры завозілася, прычым з «вражэскай» Польшчы. Не кажучы ўжо пра каву і ўсялякія там фанту і колу.
Чаму расійскае «Вкусно — и точка» павінна аддаць перавагу беларускім прадуктам, не зусім зразумела. Хіба толькі паводле асабістага загаду Лукашэнкі, ува што лёгка верыцца. Іншая справа, што ў такім выпадку моцна пагоршыцца цана і якасць, але калі гэта бянтэжыла беларускіх чыноўнікаў? Імпартазамяшчэнне — гэта ж святое. І калі не можам са свайго вырабіць матацыкл ці там ноўтбук, то, можа, атрымаецца хаця б гамбургер альбо мафін айчыннай зборкі.

У Беларусі збіраюцца размяркоўваць усіх студэнтаў, уключна з платнікамі



4_479.jpg


Цудадзейную навацыю анансавала на сустрэчы з мінскай моладдзю спікер так званага Савета Рэспублікі Наталля Качанава. Так, тая самая, якая ў 2020 годзе распавядала студэнтам пра лебяду і план Далеса.
«У нашай краіне абавязковае размеркаванне. Таму гэтае пытанне мы трымаем на кантролі. Калі малады чалавек заканчвае вышэйшую навучальную ўстанову ці каледж, мы павінны даць яму першае працоўнае месца. Міністэрству адукацыі, ВНУ пастаўлена задача размяркоўваць не толькі тых, хто вучыўся на бюджэтнай аснове, а размяркоўваць усіх», — заявіла шаноўная Наталля Іванаўна.
То-бок вучышся ты, вучышся — а потым бац, і другая змена. Атрымаў дыплом і мусіш адбыць яшчэ і двухгадовую паншчыну там, куды цябе накіруе клапатлівая дзяржава. А яна можа і ў Талочын, і ў Шаркаўшчыну, і Дзятлава. Бо так ёй, дзяржаве, трэба, а цябе, маладога і дурнога спецыяліста, ніхто і не спытае.
Залішне казаць, што гэта наўрад ці спадабаецца студэнцтву, якое плаціць за сваё навучанне, у тым ліку каб пазбавіцца таго размеркавання. Хаця тая ж Качанава, як бачым, падае ініцыятыву ў якасці добрай справы рэжыму: павінны даць першае працоўнае месца. Як быццам, выпускнік ВНУ сам тое месца не можа знайсці. Не, гэта зробяць за яго, а яго справа — быць удзячным і радавацца размеркаванню ў стратны калгас пад Жабінкай.
А потым КДБ кажа, што гэта «збеглыя» разгойдваюць студэнцтва і ўвогуле сітуацыю ў краіне. Але не, «збеглыя» проста не перашкаджаюць. Бо ведаюць, што рэжым сам з гэтым паспяхова спраўляецца.