Трэшачок тыдня. «Жыве Беларусь» для «нацыстаў», сыход «Макдоналдса»
Лукашэнкаўцы зацята ствараюць у Беларусі альтэрнатыўную рэальнасць. Працэс ідзе з агеньчыкам, а «НЧ» працягвае фіксаваць самыя клінічныя «поспехі».
«Жыве Беларусь» зрабілі «нацысцкім» лозунгам
Дажылі: лукашэнкаўскае МУС прызнала вокліч «Жыве Беларусь» «нацысцкім». І ўнесла яго ў свае адпаведныя спісы. Ці павінна гэта здзіўляць? Ды не, канешне. Пасля 2020 года беларус не здзіўляецца і ў цырку не смяецца. І выдатна ведае, што дна не існуе.
Тут хіба адну акалічнасць трэбы вылучыць, каб пабачыць замілавальныя хітрыкі рэжыму. Паводле версіі МУС, «нацысцкімі» цяпер лічацца не самыя словы «Жыве Беларусь», а толькі ў спалучэнні з адказам на іх — «жыве» да яшчэ ў суправаджэнні «паднятай рукі з распрастанай далонню». Маўляў, гэта калабарацыянісцкае прывітанне і яго выкарыстоўвалі ў часы Другой сусветнай на акупаваных беларускіх тэрыторыях.
То што атрымліваецца? А тое, што хадзілі-хадзілі лукашэнкаўцы вакол «Жыве Беларусь» як той кот вакол смятаны, думалі-думалі, як бы гэта ўсё забараніць… Ды так і не вырашыліся. Бо разумеюць: тады і Янку Купалу трэба будзе забараняць, які гэтыя словы выгукваў у сваіх творах… І партызанскія песні табуяваць, бо так — і партызаны падчас той вайны таксама спявалі пра «Жыве Беларусь»… І «Славянскі базар», дзе тое таксама гучала наўпрост са сцэны… І шмат чаго яшчэ, уключаючы апладысменты самога Лукашэнкі, які шмат гадоў таму пляскаў у ладкі ў адказ на барадулінскае «Жыве Беларусь».
Разумеючы гэта — усё ж пакінулі шляхі да адыходу. Гэта, ведаеце, як Лукашэнка Крым прызнае, альбо «ДНР» ці Абхазію. Нібыта прызнае — і кажа аб тым «дэ факта», але заўсёды не да канца, каб можна было абвергнуць. Так і з «Жыве Беларусь» атрымаўся эластычны шпагат: толькі з адказам «жыве» і паднятай рукой. Правай ці левай, не ўдакладняецца, але пры жаданні так можна наогул усё забараніць. Бел-чырвона-белы сцяг — з бамбукавым дрэўкам. «Пагоню» — з сагнутай левай нагой. Песню «Пахне чабор» — у выкананні мужчынскім тэнарам. «Муры» — толькі пад баян.
То атрымалася выключна фармальна, забарона дзеля птушачкі. Трэба было таўраваць лозунг, з якім сотні тысяч беларусаў пратэставалі ў 2020-м, то зрабілі як умелі. А затрымліваць і караць за «Жыве Беларусь» — тое было і да забароны, працягнецца і пасля. Законы для гэтага рэжыму не патрэбныя.
«Вражэскі» «Макдоналдс» саступіць месца расійскаму фастфуду
На гэтым тыдні папулярная амерыканская франшыза заявіла пра пакіданне Беларусі. Яе месца ў «намоленых» кропках харчавання зойме расійская сетка з лірычнай назвай «Вкусно — и точка». Навіна нарабіла вэрхалу ў сацсетках, але калі разабрацца, то дзіўна тое, што «Макдоналдс» увогуле дагэтуль заставаўся ў Беларусі. Бо родам з ЗША. Бо брэнд з калектыўнага Захаду. Бо ў мэтазгоднасці «Макдака» інтэлігентныя людзі сумняваліся яшчэ ў далёкія 1990-я.
Гамбургеры з бульбай фры вымела за беларускі парог вайна. Яна ж спрычынілася да сыходу з краіны шмат іншых сусветных брэндаў. Ужо такой таксічнай аказалася лукашэнкаўская Беларусь, на якую з чатырох пазіцый рыхтаваўся вядомы напад. Настолькі, што нават самыя касмапалітычныя бізнесы лічаць за лепшае згарнуць манаткі ды валіць у бок бліжэйшай мяжы з ЕС.
Але святое месца пустым не бывае. І калі маецца попыт, то з’явіцца і прапанова. Будзе «Вкусно — и точка», значыць, мінчукам і жыхарам іншых гарадоў па-ранейшаму будзе куды прынамсі схадзіць у туалет у цэнтральных мікрараёнах. А, можа, яшчэ і накормяць смачна — піражкамі ці, там, блінцамі са смятанай.
Дарэчы, была на тыдні і іншая навіна, якая ўкладваецца разам з «Макдоналдсам» у цалкам сабе трэнд. Змянілі ўласніка дыягнастычныя лабараторыі Synevo — раней імі валодалі шведы, цяпер будуць расійцы. І нешта падказвае, што будуць на гэтым кірунку і іншыя кейсы. І яшчэ добра, калі выключна ў прыватным сектары, бо вядома ж, што на шэраг беларускіх дзяржаўных прадпрыемстваў квапяцца заможныя расійскія ўласнікі.
Лукашэнка аўтарытэтна паабяцаў, што ў Беларусі знікнуць вёскі
Аляксандр Лукашэнка вырашыў зноў не трымаць слова ў кішэні. Выняў — дый анансаваў знікненне з карты Беларусі малых населеных пунктаў. То-бок вёсак, якія шмат стагоддзяў складалі падмурак беларускай нацыі.
«Вёска становіцца іншай. Не будзе гэтых старых вёсак, якіх у нас сотні тысяч было. Будуць аграгарадкі. Застануцца буйныя вёскі. Праз 10-15 гадоў працы, а можа быць, і раней будуць толькі аграгарадкі», — сказаў Лукашэнка на 29-м годзе свайго абсалютысцкага кіравання. Таўталагічна, канечне, але шчыра. Адно толькі не патлумачыў, чаму менавіта вёскі знікнуць. І хто ў тым вінаваты.
Памятаецца, раней адносна вёсак ён вельмі бадзёрыўся. Казаў, што будуць мястэчкі і хутары, трэба толькі рупіцца аб гэтым. Нават была ва ўладаў — вы мусіце ведаць — адмысловая праграма адраджэння і развіцця сяла. Гугл падказвае, што яшчэ ў 2005 годзе Лукашэнка ў межах гэтай праграмы выказваўся з суцэльным пазітывам у голасе: «Наша дзяржава заўсёды было моцная вёскай. І яе мы павінны адрадзіць».
Але тады ён кіраваў краінай усяго толькі 11 гадоў — то яшчэ была надзея, што вёскі выжывуць. А вось жа бачыце: прайшло 18 гадоў надзвычайнага клопату аб малых населеных пунктах, і галоўны ратавальнік непрыхавана замаўляе паніхіду.
Канечне, ён знойдзе, чым апраўдацца. Скажа, напрыклад, дык а чым вам аграгарадкі не пасуюць? Гэта тыя ж вёскі, проста буйныя. За імі, маўляў, будучыня. Але ведаем мы тую будучыню. Не сёння, то заўтра чакаем дзяржаўную праграму адраджэння аграгарадкоў.
А што з беларускай вёскай усё кепска, ведае любы, хто час ад часу выязджае за межы МКАД. Пустыя хаты, закрытыя школы і клубы, адсутнасць працы. Дажываюць там свой век старыя, да якіх тройчы на тыдзень прыязджае аўталаўка. Ды, можа, яшчэ які бамбіза на ўскрайку лайдачыць у абдымку з пляшкай. Вось і ўся вёска.
Лукашэнкаўскае МЗС падтрымала Катар, дзе пройдзе футбольны ЧС
20 лістапада ў Катары пачнецца чэмпіянат свету па футболе. Самы, бадай, неадназначны, бо і зімой, і ў незвычайным месцы. І тут мала сказаць, што Катар з’яўляецца нафтавай краінай, але аніяк не футбольнай. Тут варта дадаць, што крытыкуюць тамтэйшыя ўлады апошнім часам асабліва гучна. Ну, вы ведаеце: і з правамі чалавека там праблемы, і гастарбайтары падчас будаўніцтва стадыёнаў гінулі ў вялікай колькасці, і надта строгія правілы побыту ў мусульманскай дзяржаве цяжка карэлююць са свабодамі футбольных фанатаў.
І вось надоечы голас у абарону Катара вырашыла падаць беларускае Міністэрства замежных спраў. Клопату іншага няма, то, уласна, чаму б не?
Прэс-сакратар МЗС Глаз адзначыў у адмысловай заяве: «На жаль, для асобных цынічных функцыянераў на Захадзе спорт ужо даўно стаў адным з інструментаў задавальнення сваіх палітычных амбіцый і дасягнення мэтаў. Беспадстаўнае адхіленне ад удзелу ў спаборніцтвах спартсменаў-паралімпійцаў кажа пра тое, што ў іх няма нічога святога. І якое права яны маюць крытыкаваць?». Ну і яшчэ там дадаў нешта пра «права кожнай дзяржавы на свой шлях развіцця, культуру і ідэнтычнасць».
Але цікава не гэта, а тое, што лукашэнкаўская Беларусь стала на абарону Катара — цытуем — «як краіна, якая неаднаразова прымала буйныя міжнародныя першынствы». То-бок абаранілі пакрыўджаных як старэйшыя браты.
Насамрэч, аніякіх буйных міжнародных спаборніцтваў, параўнальных з футбольным мундзіялем, у Беларусі не праходзіла. Хіба што хакейны ЧС, але ў хакей спраўна ўмее гуляць, мо, тузін краін ва ўсім свеце. То і праводзяць яны чэмпіянат свету фактычна па чарзе. А каб нешта па баскетболе, ці лёгкай атлетыцы, ці сусветны форум па біятлоне… Не было і блізка. Пра футбол і казаць няма чаго, бо на ўсю Беларусь — паўтара стадыёна, якія цалкам адпавядаюць вышэйшым міжнародным стандартам.
Але глядзі ты: «Як краіна, якая неаднаразова прымала буйныя міжнародныя першынствы»… Невядома, ад чаго ў выніку сканае рэжым Лукашэнкі, аднак дакладна не ад сціпласці.