Крыніцы: «Вкусно — и точка» можа не прыйсці ў Беларусь, а «МакДональдс» застанецца
Дзіўная сітуацыя складваецца вакол сеткі рэстаранаў «МакДональдс» у Беларусі. Колькі дзён таму знакаміты брэнд паведаміў аб сыходзе з краіны 22 лістапада, але працягвае працаваць і пасля дэдлайну. Дзе-нідзе на будынкі нават вярнулі шыльды. І ўжо ходзяць чуткі, што расійская марка «Вкусно — и точка» наогул можа не з'явіцца на месцы легендарнага «МакДака».
Паводле інфармацыі супрацоўніка рэстарана «МакДональдс», з якім звязалася «Люстэрка», у штатным рэжыме сетка будзе працаваць прынамсі яшчэ некалькі тыдняў. А сярод калектыву і зусім ходзяць чуткі, што пераходу пад брэнд «Вкусно — и точка» можа не быць.
— Усе рэстараны павінны былі зачыніцца ў панядзелак у 18.00,
а ў 18.30 планаваўся сход супрацоўнікаў. Але дзесьці ў 17.55 паступіў званок з
галоўнага офіса, сказалі, што рэбрэндынг пакуль адмяняецца, — распавядае ён.
Прычын такога рашэння суразмоўца не ведае. Мяркуе, што
захаванне «МакДональдса» можа быць звязана з нежаданнем казахскага
франчайзі пакідаць рынак. Яшчэ адна версія — кіраўніцтва магло вырашыць праблемы
з пастаўкамі, якія верагодна маглі стаць прычынай рашэння перайсці пад расійскі
брэнд. Прынамсі, з 11 лістапада, сцвярджае суразмоўца, праблем з пастаўшчыкамі
не было.
Нагадаем, 11 лістапада стала вядома, што «МакДональдс»
сыходзіць з беларускага рынку. Яго месца павінна заняць сетка фастфуду «Вкусно — и точка». Гэта расийская сетка рэстаранаў хуткага харчавання, адкрытая ў
памяшканнях сеткі «МакДоналдс» пасля яе закрыцця ў Расіі і продажу расійскага
бізнесу прадпрымальніку Аляксандру Говару.
Па меркаванні аднаго з супрацоўнікаў, прычына такога рашэння
— эканамічная: з-за высокіх выдаткаў на лагістыку і праблем з пастаўкамі
беларускі бок палічыў мэтазгодным адмовіцца ад амерыканскай франшызы і
«прадацца» расійскай сетцы.
Афіцыйна паведамлялася, што рэстараны пад брэндам «Вкусно — и точка» пачнуць працаваць у Беларусі 22 лістапада.
Нагадаем, на мінулым тыдні пра сыход «МакДональдса» выказаўся Лукашэнка.
«Я думаю: слава табе Божа, што хоць сыходзіць! Але толькі месца «МакДональдса», дзе працуюць нашы людзі, нашы спецыялісты, дзе спажываецца наш тавар, павінны заняць беларусы», — заявіў ён. І дадаў: «Мы самі павінны рабіць тое, што калісьці рабіў гэты «МакДональдс», калі камусьці гэта трэба, і нават лепш. У нас што, булачку напалову не могуць разрэзаць і ўпіхнуць у гэтыя дзве палавінкі кавалачак мяса, бульбы і салаты? Госпадзе, хто гэта спажывае, не ведаю».
Цікава, што ён скажа, калі «МакДональдс» сапраўды вырашыць застацца ў Беларусі.