Роза Турарбекава: Інтэграцыя Беларусі і Расіі ідзе поўным ходам

Незалежная экспертка, кандыдат гістарычных навук Роза Турарбекава ў сваім ТГ-канале аналізуе нараду ў Лукашэнкі па інтэграцыйных пытаннях.

Ілюстрацыйнае фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Ілюстрацыйнае фота Дзмітрыя Дзмітрыева


12 студзеня Аляксандр Лукашэнка правёў нараду «па пытаннях выканання інтэграцыйных праграм Саюзнай дзяржавы», на якой заявіў, што «гаворкі не ідзе пра тое, каб Расія ці Беларусь паступаліся суверэнітэтам» і што «за спінай не вырашаецца ніякіх пытанняў, гэта працэс сумленны і адкрыты».
Але не ўсё так проста, лічыць незалежная экспертка Роза Турарбекава. Калі вы чытаеце падобны матэрыял, то вельмі складана знайсці аргументы супраць. Але калі вы знаёмыя з 28 «дарожнымі картамі» і іх зместам не са слоў дзядзькі з Мінэканомікі, а самі адкрылі і ўважліва прачыталі, то стане ясна, наколькі хітрасць і слоўная эквілібрыстыка могуць уводзіць у зман.

1. Тым, хто думае, што інтэграцыі няма. Інтэграцыя ідзе поўным ходам і мае мяккі імперскі характар, — піша Турарбекава. — Не прамы захоп, паглынанне і далучэнне. Не прамы, а ўскосны. У чым гэта выяўляецца? Вось Лукашэнка кажа: «Як мы прымалі законы, так і прымаем». Але ён жа не ўдакладніў, што Падатковы кодэкс быў зменены менавіта пад ускосныя падаткі.


2. Ёсць «дарожная карта» (або афіцыйна «саюзная праграма») па падатках і мытні. Там прапісана, што павінна быць створана інтэграваная сістэма адміністравання ўскосных падаткаў (ІСА УПН). І наднацыянальны Падатковы камітэт — гэта поўная бздура, галоўнае — вось гэтая сістэма. А тое, што гэта наступ на суверэнітэт, ясна як божы дзень. Чаму? Таму што ўсе ўскосныя падаткі будуць прыведзены ў адпаведнасць з расійскімі. Гэта тычыцца акцызаў і ПДВ.
ІСА УПН ствараецца на аснове расійскага праграмнага забеспячэння з мэтай паглядзець, ці сапраўды беларускі бок выконвае свае абавязацельствы. Гэта называецца «празрыстасць».

3. Але самае смачнае на дэсерт — гэта сінхранізацыя падатковай «дарожнай карты» з нафтавай. Кампенсацыя за падатковы манеўр падаецца як вялікае дасягненне беларускай дыпламатыі. Нарэшце! Ура! Ха-ха-ха! Гэта значыць, Лукашэнка пускае ў свой падатковы агарод расійцаў наўзамен на гэта?! З улікам таго, што цана на нафту, тым больш расійскую нафту, упала, то гэты поспех абясцэньваецца, а суверэнітэт часткова губляецца.

4. Цяпер па газе. Падпісанне 3-гадовага кантракту па цане на газ не з'яўляецца «дарожнай картай» па стварэнні адзінага рынку газу. Казкі для дурняў! Адзіны рынак газу павінен стварацца на аснове адзіных прынцыпаў цэнаўтварэння. Для гэтага прадугледжана распрацоўка дапаўнення да пратакола, але яно будзе распрацавана толькі да 1 снежня 2023 года. І гэта — паводле слоў Пуціна. А яму, як вядома, верыць не варта. Думаю, што 3-гадовы кантракт па адной цане — гэта часткова ўвядзенне ў зман. Бо тэкст кантракту ніхто не бачыў, а ўсюды гаворыцца пра цану на 2023 год. Таму, я мяркую, што рэальна ў канцы года будзе зноў гандаль і бразганне дзвярыма. І хто ведае, якія ў Крамля да таго часу будуць умовы!


5. Дагавор аб агульных прынцыпах падаткаабкладання па ўскосных падатках ўжо ратыфікаваны. Толькі Лукашэнка павінен быў у канцы падпісаць ратыфікацыйныя граматы. А вось тут ён вырашыў пагуляць у абаронцу суверэнітэту. І зноў жа знойдуцца ідыёты, якія лічаць яго такім!
Нагадаю, ён падпісаў «дарожныя карты». Там ужо ўсё было распісана. Яму патрэбна была нафта, а Расіі — кантроль над ускоснымі падаткамі ў Беларусі. Ён пайшоў на гэты абмен. Дагавор быў падпісаны і ратыфікаваны абодвума бакамі. Цяпер Лукашэнка гуляе ў разліку на ідыётаў, якія вераць у яго як у гаранта незалежнасці. І такіх дурняў хапае не толькі і не столькі ў Беларусі.