Азбука паліталогіі: Хто пераможа ў спаборніцтве інтэграцыйных праектаў

Спадзяюся, не трэба даказваць той факт, што свет пасля 24 лютага 2022 года кардынальна змяніўся. Праблема палягае ў тым, як ацэньваць гэтыя змены. Натуральна, ацэнкі падзей не супадаюць, аднак з нагоды маштабу пераменаў кансэнсус сярод палітыкаў склаўся — і ніякіх узгадненняў для гэтага не спатрэбілася.

_sport___stadyen___dynama___minsk__fota_dzmitryja_dzmitryeva_novy_czas__5__logo.jpg


Тут я абмяжуюся толькі выказваннямі амерыканскага прэзідэнта Джо Байдэна:

«Мы перажываем вырашальны момант у гісторыі, які можа здарыцца прыкладна раз на шэсць-восем пакаленняў. Калі карыстацца гэтай логікай і вызначэннем працягласці жыцця чалавечых пакаленняў, давялося б прызнаць, што Першая сусветная вайна разам з дзвюма рускімі рэвалюцыямі і Другая сусветная вайна, верагодна, былі падзеямі меншага гістарычнага маштабу».

І яго беларускага калегі:
«Ужо няма сумневаў, што з пачаткам расійскай аперацыі ва Украіне завяршылася цэлая гістарычная эпоха. Ва ўмовах абвастрэння супрацьстаяння вядучых гульцоў імкліва фарміруецца новы "водападзел" паміж Усходам і Захадам».
Палітыкі палохаюць электарат маштабам пераменаў. Нічога не зробіш: праца ў іх такая. Што да экспертаў, то іх доля — разбіраць па костачках новыя негатыўныя абставіны і выпрацоўваць прапановы па іх пераадоленні. Артыкул у часопісе Foreign Policy, падрыхтаваны дванаццаццю выбітнымі прафесіяналамі ў галіне ваеннай палітыкі, міжнароднай і ядзернай бяспекі, — прыклад калектыўнага атрымання ўрокаў з дзесяці месяцаў поўнамаштабнай вайны Расіі з Украінай.
Абмяжуюся адным урокам, здабытым былым генеральным сакратаром NАТO Фогам Расмусэнам. У XXI стагоддзі тэхналагічная перавага з'яўляецца ключавым фактарам. Таму ЗША неабходна пашыраць меры стрымлівання тэхналагічнага развіцця Кітая. Без эканамічных і тэхналагічных перавагаў над Кітаем дэмакратычнаму свету значнай ваеннай перавагі не дамагчыся.

Нацыянальны здабытак

Перажыванне вырашальнага моманту ў гісторыі зменшыла да мінімуму дыстанцыі паміж рэкамендацыямі экспертаў і ўвасабленнем іх у жыццё палітыкамі. І вось ужо агенцтва Bloomberg паведамляе пра маючую адбыцца сустрэчу прэзідэнта ЗША Джо Байдэна з лідарамі Японіі і Нідэрландаў. Мэта сустрэчы — абмеркаванне супрацоўніцтва па абмежаванні доступу Кітая да паўправадніковых тэхналогій.
«Гэтая тэма стане часткай больш шырокіх дыскусій па бяспецы, якія Байдэн правядзе з прэм'ер-міністрам Японіі Фуміа Кісідай у пятніцу, а затым са сваім галандскім калегам Маркам Рутэ ў аўторак», — піша інфармагенцтва са спасылкай на крыніцу, якая ведае сітуацыю.
Для тых, хто знаёмы са становішчам спраў на рынку паўправадніковых тэхналогій, не таямніца, што сусветнымі лідарамі ў вытворчасці абсталявання для мікраэлектроннай прамысловасці з'яўляюцца кампаніі Японіі, Нідэрландаў, Германіі і ЗША.
Сярод гэтага квартэта варта вылучыць вытворцу літаграфічных установак — галандскую кампанію ASM International (Advanced Semiconductor Materials International), якая займала 62 працэнты сусветнага рынку ў 2020 годзе і не мае канкурэнтаў у вытворчасці ўстановак для мікрасхем з допускам 5–7 нм. Сапраўдны «нацыянальны здабытак», калі ўлічыць, што капіталізацыя кампаніі вышэйшая за капіталізацыю расійскага «Газпрома»!

Чаго чакаць ад мярзотнікаў?

Гісторыя дзяржаў, як правіла, пачынаецца з чыёй-небудзь паразы, таму тым, хто лье кракадзілавыя слёзы з нагоды «найвялікшай геапалітычнай катастрофы XX стагоддзя», неабходна памятаць, што без 25 снежня 1991 года было б немагчыма «выпілаваць» Беларускую Савецкую Сацыялістычную Рэспубліку з дружнай сям’і народаў і перазаснаваць Рэспубліку Беларусь.
Парадокс: сярод ахвочых паразважаць пра святасць суверэнітэту і незалежнасці днём з агнём не знайсці прыхільнікаў ініцыятара перабудовы. Зрэшты, у Homo soveticus, «Чалавека Савецкага», пачуццё падзякі — у адрозненне ад пачуцця глыбокага задавальнення — ніколі не належала да ліку прыярытэтных.
І тым не менш пра суверэнітэт і незалежнасць у нас любяць гаварыць шмат і прафесійна — і рэгулярна ўздымаюцца да глабальных абагульненняў. Чарговы старт такога кшталту размовам быў дадзены 12 студзеня на нарадзе па пытаннях выканання інтэграцыйных праграм Саюзнай дзяржавы.
З усяго нагаворанага за апошнія дні перш за ўсё варта вылучыць рашучую адмову ад інтэграцыі, «якую бачым у Еўрапейскім саюзе». Мяркуйце самі: «Там рэальнае паглынанне слабых моцнымі. Гэта не наш фармат, мы працуем на роўных».
Справядлівасць апошняга сцвярджэння пацвярджаецца размовамі пра неабходнасць роўных эканамічных умоў, якія вядуцца з дня заснавання Саюзнай дзяржавы. Студзень 2023 года гэту традыцыю, якая склалася за два дзесяцігоддзі, не парушыў.
Поспехі ў будаўніцтве Саюзнай дзяржавы выклікаюць раздражненне ў «тых, хто ўжо страціў свой рэальны суверэнітэт і незалежнасць» (тут і далей цытуюцца фрагменты з інтэрв'ю Сяргея Клішэвіча, дэпутата ППНС). У першую чаргу, натуральна, гаворка ідзе пра суседзяў, «якія сёння нічым не кіруюць: ні эканомікай, ні сацыяльнай палітыкай, ні мяжой. Яны проста выконваюць функцыю абслуговага персаналу ў інтарэсах ЗША і іншых моцных еўрапейскіх дзяржаў...»
Але мала таго, што суседзі, якія нічым не кіруюць, выпілі чару еўрапейскай інтэграцыі да дна, дык яны яшчэ актыўна спрабуюць навязваць сваю збанкрутавалую інтэграцыйную мадэль беларусам.
У чым гэта канкрэтна выяўляецца, ні адзін са спікераў растлумачыць не знайшоў часу, дый, зрэшты, гэта і не так істотна, таму што нічога пазітыўнага не даводзіцца чакаць ад ахвочых перайначыць беларусаў — «каб мы былі такімі ж, каб нашы тэрыторыі, людзі, прадпрыемствы, рэсурсы і магчымасці працавалі на гэтыя багатыя сусветныя "кашалькі"». ***Калі людзі «не кіруюць палітыкамі, не ўплываюць на прыняцце рашэнняў у сваіх краінах», то нічога іншага ад палітыкаў чакаць не даводзіцца. Дый што можна чакаць ад «мярзотнікаў» — тэрмін запазычаны са слоўніка беларускіх прапагандыстаў!