Рыжскія барыкады, АМАП і смерць беларуса-міліцыянта

Імперыя працягвала выпрабоўваць на трываласць жаданне людзей жыць вольна. Прайшлі лічаныя дні пасля крывавых падзеяў ля віленскай тэлевежы, як падобныя навіны пачалі паступаць з сталіцы Латвіі Рыгі. Вось што расказвае пра тыя падзеі латышскі журналіст Агніс Буда.

Барыкада ў Старым Горадзе. Фота: Вікіпедыя

Барыкада ў Старым Горадзе. Фота: Вікіпедыя

ПЕРШЫЯ КРОКІ ДА НЕЗАЛЕЖНАСЦІ

Як і ў суседніх Літве, у Латвіі ў канцы 1980-х узнік моцны рух за аднаўленне незалежнасці. У 1988-ым па ініцыятыве прадстаўнікоў інтэлігенцыі быў утвораны Народны фронт, які, у духу таго часу, меў дадатак да сваёй назвы: “у падтрымку перабудовы”. У сваю чаргу, Народны фронт карыстаўся падтрымкай з боку тагачаснага старшыні Прэзідыюму Вярхоўнага Савету Латвійскай ССР Анатоля Гарбунова, які перад гэтым займаў пасаду сакратара ЦК КПЛ па пытаннях ідэялогіі. У выніку ўжо 28 ліпеня 1989-га Вярхоўны Савет прыняў Дэкларацыю “Аб суверэнітэце Латвійскай ССР”, якая патрабавала, каб усе законы СССР праходзілі ратыфікацыю ў ВС ЛатССР перад тым, як уступіць у дзейнасць на тэрыторыі Латвіі.

23 жніўня 1989-га латышы пры актыўным судзеянні з боку Народнага фронту прынялі ўдзел у “Балтыйскім шляху” — акцыі салідарнасці жыхароў трох балтыйскіх рэспублік, прымеркаванай да 50-ай гадавіны заключэння пакту Молатава-Рыбентропа. Тады ланцуг людзей, узяўшыхся за рукі, працягнуўся на 640 км, ад вежы Доўгі Герман у Таліне да вежы Гедыміна ў Вільнюсе, дэманстравалі сваё жаданне аднавіць незалежнасць сваіх краін.

4 траўня 1990 года новаабраны Вярхоўны Савет абвясціў Дэкларацыю “Аб аднаўленні незалежнасці”. У ёй акупацыя краіны савецкімі войскамі ў чэрвені 1940-га была пазначана як ваеннае злачынства. Адпаведна, гэты дакумент фармальна аднаўляў незалежнасць Латвіі ад СССР.

Савецкае кіраўніцтва ў адказ прымяніла тыя ж меры, што і супраць Літвы. Яно ўвяло эканамічную блакаду. Аднача ў Латвіі, як і ў іншых краін Балтыі, быў моцны саюзнік. Яго клікалі Барыс Ельцын. У канцы траўня 1990-га ён быў у выніку цяжкай барацьбы абраны старшынёй Вярхоўнага Савета РСФСР, уваслед за чым, 12 чэрвеня, была прынятай Дэкларацыя аб суверэнітэце РСФСР, аналагічная латвійскай дэкларацыі 1989-га. Жорсткае процістаянне Ельцына з Гарбачовым і жаданне вывесці Расію з-пад уплыву “цэнтральных” органаў прымушалі яго шукаць падтрымкі сярод прыхільнікаў незалежнасці ў краінах Балтыі.

У ліпені 1990-га ў латвійскай Юрмале адбылася сустрэча  прадстаўнікоў кіраўніцтва краін Балтыі з кіраўніцтвам РСФСР, якое прадстаўляў сам Ельцын. Фактычна, гэта была сустрэча лідэраў незалежных дзяржаў, якія абмяркоўвалі пытанні свайго ўзаемадзеяння, не звяртаючы ўвагу на меркаванне кіраўніцтва СССР і выпіхваючы яго на перыферыю.

РЫЖСКІ АМАП — ШТУРМАВІКІ САВЕЦКАЙ ІМПЕРЫІ

Але сам “цэнтр” не спяшаўся развітвацца са сваёй “цэнтральнай” роляй. І як памятаем, ён вырашыў прымяніць найменш надзейны і эфектыўны сродак супраць волі народу: узброеную сілу. Пад канец 1990-га савецкае кіраўніцтва пачыне паступова канцэнтраваць падначаленыя яму ўзброеныя сілы ў балтыйскіх рэспубліках. І калі ў Літве асноўная роля ў “аднаўленні канстытуцыйнага савецкага парадку” адводзілася парашутна-дэсантным вайскам і армейскім спецыальным сілам, у Латвіі “ударным атрадам” савецкай імперыі зрабіўся рыжскі атрад міліцыі асобага прызначэння.

Рыжскі АМАП, утвораны за два гады да гэтага дзеля барацьбы з крыміналам, першапачаткова меў папулярнасць сярод латышоў. Да яго, канечне, былі некаторыя пытанні, якія тычыліся не зусім “статутнай” дзейнасці атраду па ахове прыватных установаў грамадскага харчавання, а таксама з зусім ужо дзейнасцю “на грані”, калі ў незаконных гандляроў і кантрабандыстаў без адпаведнага афармлення канфіскоўваліся грошы і тавары. Тым ня менш, рэнамэ абаронцаў ад злачынстваў выклікалі да яго сімпатыі з боку грамадзянаў. Тым больш, што АМАП падпарадкоўваўся міністэрству ўнутраных спраў, кіраўніцтва якога таксама стаяла на незалежніцкіх пазіцыях. Гэта праяўлялася ў ягонай дзейнасці.

Напрыклад, 15 траўня 1990-га байцы атраду разагналі мітынг гэтак званага “Інтэрфронту” (Міжнародны рабочы фронт Латвійскай ССР), які быў утвораны па ініцыятыве камуністычнай партыі Латвіі з ейных расійскамоўных чальцоў і выступаў за захаванне СССР.

Аднача потым адносіны рыжскага АМАПу і кіраўніцтва Латвіі пагоршыліся. Міністр унутраных спраў Латвіі Алаізс Вазніс зрабіў некалькі крокаў якія не прыйшліся да спадобы байцам атраду. У прыватнасці, ім было забаронена працаваць у ахове прыватных устаноў. А ў лістападзе 1990-га кіраўніцтва Латвіі выдала загад аб роспуску атраду. У выніку гэты моцны аддзел абвясціў аб тым, што ён пераходзіць у падпарадкаванне МУС СССР. Над ягонай базай быў вывешаны чырвоны сцяг Савецкага Саюзу.

Нешта проціпаставіць АМАПу ў плане ўзброенай сілы латвійскае кіраўніцтва не магло. У яго быў адзін рэсурс — людзі, якія жадалі свабоды. Тады на дамах у Рызе і іншых гарадоў Латвіі ўжо актыўна вывешвалі нацыянальныя чырвона-бела-чырвоныя сцягі, а на Раство 1990-га ў вокнах былі запалены свечкі.

n3bwbpa__1_.jpg

ІМПЕРЫЯ НАНОСІЦЬ ПЕРШЫ ЎДАР

Як і ў Літве, актыўныя падзеі пачалі разгортвацца з 1 студзеня 1991-га, калі савецкае кіраўніцтва вырашыла перайсці ў наступ на парасткі незалежнасці балтыйскіх рэспублікаў. І як па запаветах Леніна, тактыка заключалася ў захопе ключавых будынкаў — медыя, сувязь, міністэрствы, аддзелы міліцыі.

У Рызе першым будынкам, захопленым АМАПам, быў Дом друку. Як прыгадвае латышскі журналіст Агніс Буда, які ў момант захопу знаходзіўся ў гэтым будынку, з’яўленне АМАПу было для людзей нечаканасцю. Канечне, сітуацыя была вельмі трывожная: ад байцоў можна было чакаць усяго, што заўгодна. Тыя загадалі ўсім людзям пакінуць будынак Дому друку. Там у той час знаходзіліся рэдакцыі шмат якіх газэт. У тым ліку — і адной з самых папулярных тады газет “Literatūra un Māksla” (“Літаратура і мастацтва”), камерцыйным дырэктарам якой і быў Агніс.

Атрымаўшы ад узброеных людзей загад пакінуць будынак, супрацоўнікі рэдакцыі спрабавалі вынесці тое, што было ў ёй каштоўнага. У памяшканні вісела карціна аднаго вядомага латышскага мастака, якую зусім не хацелася пакідаць АМАПу ў якасці трафею. Галоўны рэдактар даручыў Агнісу выратаваць каштоўнасць. За адсутнасцю іншых варыянтаў, Агніс зняў пінжак, абкруціў холст вакол цела, потым зноў апрануў пінжак, а паверх яго — паліто. Так, хаваючы на сабе карціну, ён рушыў у бок выхаду, дзе стаяў пост амапаўцаў. Чакаць ад іх можна было ўсяго, чаго заўгодна, а прадказаць іхнюю рэакцыю, калі б яны знайшлі карціну, было немагчыма. Але амапаўцы не асабліва даглядалі тых, хто рушыў на выхад. Больш за тое, яны імкнуліся прадэманстраваць ветлівасць і не чыніць людзям шкоды і хваляванняў. Карціна была выратавана.

Захоп Дому друку не прывёў да спынення выпуску газэт, хоць рэдакцыям і давялося шукаць іншыя магчымасці. Агніс нават ездзіў у Каўнас, каб наладзіць выпуск “Літаратуры і мастацтва” там, але праблемы лагістыкі, у выніку, прымусілі знайсці невялічкую друкарню ў адным з латвійскіх гарадоў.

Барыкада ля будынку Вярхоўнага Савета

Барыкада ля будынку Вярхоўнага Савета

БАРЫКАДЫ

Латышы дзейнасці АМАПу проціпаставілі сваю еднасць і стойкасць. У Рызе пачалі будаваць барыкады на верагодных шляхах перамяшчэння АМАПу, каб абцяжарыць яму доступ да асноўных будынкаў. 13 студзеня, калі з’явіліся навіны пра падзеі ў віленскай тэлевежы, на Домскай плошчы Рыгі сабраўся гіганцкі мітынг, удзельнікі якога пратэставалі супраць дзеянняў савецкага кіраўніцтва, а таксама выказваліся ў падтрымку Народнага фронту і незалежнасці Латвіі. Людзі, якія сабраліся па закліку Народнага Фронту, вырашылі не разыходзіцца, пакуль існавала пагроза для Вярхоўнага Савета і ўрада краіны.

Пад вечар на плошчы з’явіліся вогнішчы. Людзі, як і ў Вільнюсе, неслі прадукты харчавання, цёплую вопратку. Усе адчувалі сябе героямі, якія змагаюцца за незалежнасць. Пры гэтым, як адзначае Агніс, сама плошча была зусім слаба прыстасавана для акцыі пратэсту. Тым больш, працяглай. Фактычна, плошча ўяўляла сабой пастку, якую, пры жаданні, можна было лёгка захлопнуць.

Але, як адзначае Агніс, АМАП і іншыя прасавецкія сілавыя структуры дзейнічалі ў Рызе ня надта актыўна. Хоць існуе версія, што менавіта ў Рызе, а не ў Вільнюсе, савецкае кіраўніцтва планнавала зладзіць паказальную “крывавую баню” абаронцам незалежнасці. Пра гэта латышскаму журналісту Юрысу Лаксовасу, які працаваў тады ў Маскве, паведаміў прыватным чынам Юрый Шчакачыхін. Гэтая інфармацыя адрзау была апублікавана ў латвійскай прэсе. Меркавана, менавіта гэтае апублічванне намераў і прымусіла абаронцаў саюзу перанесці найбольш актыўныя дзеянні ў Вільнюс.

Тым ня менш, ад крыві і ахвяраў Рыгу гэта ня выратавала. АМАП атрымаў загад разбураць барыкады. 16 студзеня пры штурме адной з іх ад кулі амапаўцу загінуў кіроўца міністэрства транспарту Латвіі, яшчэ некалькі чалавек атрымалі раненні. Але самае драматычнае было наперадзе.

Помнік барыкадзе ў Старым Горадзе (Вікіпедыя)

Помнік барыкадзе ў Старым Горадзе (Вікіпедыя)

БОЙ У БУДЫНКУ МУС

Увечары 20 студзеня АМАП здзейсніў спробу прарвацца ў будынак Міністэрства ўнутраных спраў. Да гэтага латвійскія міліцыянты атрымалі загад аказаць супраціў, калі АМАП здзейсніць напад.

Прыблізна а дзявятай гадзіне ўвечары да будынку на хуткасці пад’ехалі дзве міліцэйскія машыны і грузавік з амапаўцамі. Пачалася перастрэлка, пад час якой міліцыянты з аховы адыйшлі ўнутр будынку. Пры гэтым некалькі з іх атрымалі раненні. У баі на лесвіцы быў цяжка паранены камандзір міліцэйскага звязу беларус па паходжанні Уладзімір Гамановіч. Ён памёр па дарозе ў шпіталь.

Бой працягваўся каля гадзіны. Пры гэтым пад абстрэлам апынуліся і тыя людзі, якія знаходзіліся ў гэты час вакол будынку. Ад гэтых стрэлаў загінуў яшчэ адзін міліцыянт, падлетак і два тэлеаператары з групы вядомага латвійскага рэжысёра Подніекса, якія здымалі тое, што адбывалася. Дагэтуль застаецца таямніцай, хто вёў па іх агонь. Па адной з версіяў, гэта былі супрацоўнікі спецатраду КДБ “Альфа”, якія наўмысна справакавалі ўвесь бой, і выступалі ў ім “трэцяй сілай”. Існуе меркаванне, што смяротныя стрэлы ў Гамановіча былі зроблены менавіта з іхняга боку.

АМАП так і ня здолеў захапіць увесь будынак і быў вымушаны адступіць. На наступны дзень страшыня Вярхоўнага Савету Гарбуноў і глава ўраду Іварс Годманіс, як і Вітаўтас Ландсбергіс у самы напружаны момант процістаяння ў Вільнюсе, спрабавалі выйсці на сваецкае кіраўніцтва, каб паспрабаваць спыніць наступ прасавецкіх сілаў. У адрознене ад Ландсбергіса (якому перад падзеямі 13-га студзеня было адмоўлена ў тэлефоннай размове з Гарбачовым), латышам пашчасціла болей. Яны здолелі сустрэцца з Гарбачовым і нават атрымалі ад яго абяцанне, што сіла не будзе прымяняцца. Была і іншая падтрымка.

Пасля падзеяў у Вільнюсе міжнародная супольнасць, у першую чаргу — краіны Еўропы, аказвалі ціск на Гарбачова з патрабаваннем спыніць прымяненне сілы супраць мірных грамадзянаў. Больш за тое, камандзір 326-ай дывізіі стратэгічных бамбавікоў, якая была размешчана ў Эстоніі, Джахар Дудаеў, абвясціў, што ён не дазволіць савецкай арміі выкарыстоўваць неба Прыбалтыкі.

Агніс Буда ў той вечар прыехаў да сваіх бацькоў, каб крыху адпачыць. Яны запалілі камін, селі вакол яго, і тады Агніс казаў, што збіраецца вярнуцца ў Рыгу, на Домскую плошчу. Ён кажа, у гэты момант быў добра бачны страх ягонай маці. Але, тым ня менш, бацькі адпусцілі яго. І Агніс, як і шмат іншых латышоў, працягнуў сваю барацьбу за свабоду.

Памятны знак на месцы гібелі тэлеаператара Андрыса Слапіньша ля будынку МУС

Памятны знак на месцы гібелі тэлеаператара Андрыса Слапіньша ля будынку МУС

ПЕРАМОГА

Людзі прастаялі на барыкадах яшчэ некалькі тыдняў, а потым пачалі разыходзіцца, бо з’явілася пачуццё, што небяспека прайшла, і яны перамаглі. Хоць, у рэчаіснасці, савецкая імперыя яшчэ спрабавала нешта зрабіць для свайго паратунку. Рыжскі АМАП працягваў дзейнічаць аж да жнівеньскага путчу ў Маскве. Тады людзі ў Рызе зноў вярнуліся на барыкады. І зноў пралілася кроў: загінуў кіроўца аўтобусу, які праязджаў міма будынку Рыжскага АУС, калі яго спрабавалі захапіць амапаўцы. Усяго пад яас процістаяння ў Рызе загінулі восем чалавек (адзін з іх — у выніку няшчаснага выпадку пры будаўніцтве барыкады).

21 жніўня было абвешчана, што пераходны перыяд завершаны, і Латвія канчаткова аднавіла сваю незалежнасць. Уся Латвія ў гэты час падтрымлівала тагачаснага прэзідэнта Барыса Ельцына ў ягоным змаганні супраць савецкіх путчыстаў з ДКНС (“ГКЧП”). Як кажа Агніс, словы падтрымкі гучалі ня толькі ў адрас тагачаснага прэзідэнта РСФСР, але і ў адрас мэра Ленінграда Анатолія Сабчака. Ельцын аддзячыў латышоў за гэтую падтрымку, падпісаўшы 24 жніўня ўказ “Аб прызнанні дзяржаўнай незалежнасці Латвійскай Рэспублікі”.

Але рыжскія барыкады былі разабраны толькі ўвосень 1992-га, пасля таго як была дасягнута дамоўленасць аб вывадзе з тэрыторыі краіны расійскіх войскаў.