Ляжачы анекдот. Да гадавіны смерці невыноснага (з маўзалею) Леніна

21 студзеня пасля працяглай хваробы пайшоў з жыцця Уладзімір Ульянаў, вядомы як «дзядуля Ленін». Дзядулю было 53 гады. Вырашылі прыгадаць, як адзін з самых жорсткіх палітыкаў XX стагоддзя стаў камічным персанажам з барадатых анекдотаў.

holubi_sidjat_na_pamjatnike_leninu_holovoj_centralnoj_ploschadi_217744357.jpg


А ўласна, што тут прыгадваць? Прынамсі, пакаленням ва ўзросце 40+ добра вядомы лідар сусветнага пралетарыяту шаноўны Уладзімір Ільіч. Вывучэнне яго біяграфіі займала значную частку школьнай праграмы. Нарадзіўся ў Сімбірску 22 красавіка, добра вучыўся, захапіўся ідэяй барацьбы супраць буржуазіі і Самаўладдзя, а ў кастрычніку 1917-га здзейсніў рэвалюцыю, якая пазбавіла рабочых і сялян кайданоў.
Так гучала афіцыйная версія жыццяпісу Леніна за часамі камуністаў. З яго зрабілі сапраўдны евангельскі канон, і любы савецкі чалавек ведаў яго, як любы вернік ведае ўсе страсці Хрыстовы. Ад самай калыскі, у якой нібыта ў тых яслях ляжаў хлопчык з кучаравай галавой. Да новай пралетарскай «рэлігіі» і шматтомнага «свяшчэннага пісання», якое дбайна вывучала мільённая паства.
Уласна кажучы, новым Ісусам Ленін і быў. Культ яго асобы ў СССР быў татальным і сапраўды на мяжы сакральнага містыцызму. Ленін і дзеці. Ленін у Разліве. Ленін і пячнік. Хадакі ў Леніна. Мы пойдзем іншым шляхам. Уся ўлада Саветам. Ленін у Горках. Агонь сусветнай рэвалюцыі. Дэкрэт аб зямлі. Ленін у Шушанскім. Красавіцкія тэзісы. Серп і молат. Ленін на браневіку. Чарніліца з хлеба. Ленін на суботніку. Электрыфікацыя ўсёй краіны. Крупская. Маўзалей.

kak_odevalsya_lenin_12.jpg


Не было ва ўсім Саюзе ніводнага горада, дзе не было б вуліцы Леніна і помніка Леніну. Не было ніводнага школьніка, які не насіў бы на пінжаку «акцябрацкай» зорачкі з выявай юнага Валодзі Ульянава. Дарослы Ленін быў на грашах, на вокладках падручнікаў і — з цытатамі — на банерах ва ўсёй краіне. Галоўнай дзяржаўнай узнагародай быў ордэн Леніна. Усё галоўнае было яго імя і ў гонар яго.
У выніку культ асобы згуляў з самой асобай злосны жарт. Напрыканцы эпохі камунізму, калі больш-менш усім ужо стала зразумелым, што вучэнне Леніна не прывядзе народы ў Эдэм, шматмільённае савецкае грамадства стала памалу кпіць са створанага сабе куміра. Медаль павярнуўся іншым бокам — і ў бок з’едлівага фальклору. Так часам здараецца з кумірамі, прысутнасць якіх у паўсядзённасці становіцца надакучлівай і штучнай. Яны становяцца ахвярай сваёй жа прапаганды і свайго ж узвялічвання.

1429669058_vo_63.webp


Змянілася ўсё ці амаль усё — інтанацыі, канатацыі, наратывы, сэнсы. Ужо выпіналася знакамітая ленінская картавасць. Ужо высмейвалася яго прыдуманая чуллівасць да простых людзей. Ужо саркастычна перакручваліся цытаты і лозунгі. Ужо здзекліва інтэрпрэтаваліся стасункі з жонкай-паплечніцай Надзеяй Крупскай. І яшчэ больш здзекліва — наяўнасць маленькага цела вялікага лідара ў Маўзалеі на Краснай плошчы ў Маскве.
У 1980-я гады, калі ў дадатак да ўсяго адліга растапіла страх, куміра пачалі развенчваць усур’ёз, на грунце навукі ды гісторыі. І выявілася, што добранькі Ільіч аддаваў загады на масавыя расстрэлы, што пры ім пачаўся чырвоны тэрор, смертаносны голад на Паволжы і шмат што іншае, што потым творча развіў і ўзбагаціў новы кумір — таварыш Сталін.
І ўсё ж Леніну пашанцавала. Неяк так сталася, што ў крывавыя каты яго нароўні са Сталіным не залічылі. Чаму? Пытанне да гісторыкаў, але, як падаецца, да такога паблажлівага стаўлення неяк спрычыніўся менавіта гумар. Ну які кат з мітуслівага чалавечка ў кепцы, які не выгаворвае літару «р» і дэкларуе ў якасці галактычнай мудрасці ідэю «вучыцца, вучыцца і вучыцца»? Проста нейкі смешны і дзіўнаваты дзядзька.
Апагеем гумарыстычнага ўспрымання Леніна сталі, канечне ж, шматлікія анекдоты. Перліны народнай творчасці, якія людзі пераказвалі адно аднаму спачатку на кухнях і цішком, а потым адкрыта і ўсюды. Як пісаў адзін паэт: «Какое время было, блин. Какие люди были, что ты! О них не сложено былин, зато остались анекдоты».
Так, часам гэта ўздымалася на высокі пісьменніцкі ўзровень, і як тут не згадаць апісаны Сяргеем Даўлатавым выпадак, як нейкі скульптар усё жыццё ляпіў Леніна і так замыліў вока, што аднойчы даляпіўся. Падчас адкрыцця чарговага манумента ў прысутнасці вялікага начальства і спецыяльна сагнаных людзей, калі са скульптуры здзёрнулі прасціну, выявілася, што ў Ільіча дзве кепкі. Адна на галаве, другая — у руцэ, якая ўказвае адзіна правільны шлях у светлую будучыню.

_94247140_tass_18453746.jpg


І ўсё ж галоўнае — гэта анекдоты. Перадаваныя з вуснаў у вусны, з надыходам эпохі інтэрнэту яны назбіраліся ў сеціве ў безлічнай колькасці. То каб лепей адчуць Леніна і ўбачыць яго вачыма іранічных постсавецкіх людзей, прапануем вам напрыканцы адмысловую падборачку.
Жанчына пытаецца ў хлопчыка на вуліцы:— Хлопчык, не падкажаш, як знайсці плошчу Леніна?— Гэта ж проста — трэба даўжыню Леніна памножыць на шырыню.
— Вы невыносны чалавек!
— Я?! Гэта Уладзімір Ільіч Ленін — невыносны чалавек!
Мюлер сустрэў Шэленберга:— Ведаеш, што Шцірліц ордэн Леніна атрымаў?— Так.— Арыштуйце яго!— Навошта?! Ён жа праставіўся.
— Дарагі, чаму ты мяне ноччу называў Надзяй?— Чаму?.. Надзя... Надзя... Дзіўна ... А! Дык гэта мне прыснілася, што я Ленін!
Ленін не памёр бы так рана, калі б часцей цешыў сябе Надзеяй.
Ленін моцна картавіў. «Гаўназначна», — бывала, казаў ён.
Прыходзіць Дзяржынскі да Леніна, грукае ў дзверы.— Хто там?— Гэта я, Дзяржынскі.— Такіх не ведаем! Сыходзьце, вы памыліліся.Зноў грукае.— Хто?— Уладзімір Ільіч, ды гэта ж я, Дзяржынскі…— З такімі не знаёмыя! Прэч адсюль, пгайдзісвет!Зноў грукае.— Хто там?— Х*й у скуранцы!Ленін, адкрываючы:— А, Фелікс Эдмундавіч, заходзьце, годненькі! У нашай спграве галоўнае — канспігацыя і яшчэ газ канспігацыя!
Як казаў Ленін: «вучыцца, вучыцца і вучыцца» — і гэта лепш, чым «працаваць, працаваць і працаваць».
— Валодзя, а гэта праўда, што, займаючыся са мной любоўю, ты думаеш пра Інэсу Арманд?— Ды як ты магла падумаць такое, Надзенька? Я, калі займаюся з табой любоўю, думаю выключна пра сусветную рэвалюцыю!
Мы кажам «Ленін» — маем на ўвазе «партыя», мы кажам «партыя» — маем на ўвазе «Ленін». І так семдзесят гадоў — гаворым адно, а маем на ўвазе іншае.
Стаіць Ленін з трохлітровым слоікам за півам. Прадаўшчыца:— А мы ў разліў не прадаем!Ленін:— А мне не ў Разліў — мне ў Шушанскае!